Заўтра адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі падатковых органаў, праца якіх прыносіць даход у бюджэт усіх узроўняў. Знаёмцеся, Людміла Савянок – галоўны падатковы інспектар упраўлення па рабоце па падатках і зборах па Петрыкаўскім раёне.

Любіць дакладнасць,  спорт і рукадзелле
Людміла Савянок: “Праца работнікаў падатковай службы мае важнае значэнне для камфортнага жыцця насельніцтва”.

Мая гераіня – узор сучаснага прадстаўніка кіруючага складу: адукаваная, адказная, камунікабельная, з шырокім кругаглядам, вядзе здаровы лад жыцця. Прыйшла ў прафесію не адразу: пасля заканчэння гарадской школы № 2 атрымала вышэйшую адукацыю настаўніка матэматыкі – з лічбамі сябравала з дзяцінства і дакладныя навукі былі заўсёды ў полі зроку яе інтарэсаў. У маладога спецыяліста было неадольнае жаданне самарэалізаваць сябе ў фінансава-бухгалтарскай сферы. Вырашыла вучыцца далей. У абласным цэнтры набыла спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік і аналіз”, а з часам атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. Па словах Людмілы Уладзіміраўны, на асваенне прафесіі пайшоў не адзін год. Патрабавалася дасканала вывучаць законы, кодэксы, інструкцыі, а таксама сучаснае праграмнае забеспячэнне.
– У кола маіх абавязкаў уваходзіць прыём падатковых дэкларацый ад юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, праверка адпаведнай дакументацыі, кантроль за выплатай падаткаў. Адсочваю, каб у раёне вёўся “празрысты” бізнес, не было фальсіфікацыі з фінансамі, – дзеліцца суразмоўца. – Працай сваёй захоплена. Можа, некаторым такая дзейнасць здасца сумнай – гэта не так. Мая работа дазваляе раскрыць свае здольнасці пры зносінах з людзьмі, патрабуе ўмення пераконваць, праявіць сябе так, каб чалавек зразумеў, што неабходна плаціць у бюджэт падаткі. Ад таго, наколькі добрасумленныя людзі маёй прафесіі, залежыць, ці будуць ценявыя метады працы ў краіне.
Сярод калег і кліентаў Людміла Уладзіміраўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Прайшоўшы шлях галоўнага дзяржаўнага інспектара, намесніка начальніка інспекцыі – начальніка аддзела кантролю за юрыдычнымі асобамі набыла запас аналітычных здольнасцяў, уменне планаваць і правяраць. Уявіце сабе, якую ўважлівасць і уседлівасць трэба мець, каб на працягу года выверыць каля паўтары тысячы электронных дэкларацый і паўсотні папяровых?
– Калі назапашваецца стомленасць, заўсёды ўспамінаю, што ад нашай працы залежыць зарплата настаўнікаў, медыкаў, наяўнасць добрых дарог, дзіцячых пляцовак, – кажа падатковы інспектар. Нездарма за дваццацігадовую годную службу ў галіне яе прозвішча займае пачэснае месца на Дошцы пашаны інспекцыі па Калінкавіцкім раёне.
Пасля напружанага дня, Людміла Уладзіміраўна любіць прысвяціць сябе рукадзеллю. Кручок, спіца, іголка падуладны маёй гераіні, і ў выніку дэманструюць яе ўменне і душэўную прыгажосць.
Ёсць людзі таленавітыя адразу ва ўсім. Да такіх адносіцца і мая суразмоўца. Да ўсяго сказанага яна сапраўдны грамадзянін краіны, і сваёй жыццёвай пазіцыяй даказвае адданасць роднай зямлі, людзям, якія на ёй жывуць.

Святлана СОБОЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о