Праца з лічбамі ў рамках закона

0
351

16 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначалі супрацоўнікі міліцэйскага ведамства, якія вядуць барацьбу са злачыннасцю ў сферы эканомікі і карупцыі. Гісторыя падраздзяленняў налічвае вось ужо 87 гадоў.

Праца з лічбамі ў рамках законаТрадыцыйна, гэтымі днямі Упраўленне БЭЗ падводзіла вынікі і лепшым па прафесіі ў вобласці быў прызнаны старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Петрыкаўскага РАУС маёр міліцыі Яўген Жукавец. Мы пацікавіліся ў Яўгена Аляксандравіча пра будні, абстаноўку ў раёне і акалічнасці працы ў рабоце з дакументамі і лічбамі, за якімі, часам, хаваюцца тысячы рублёў, што накіроўваюцца злачынным намерам у абыход бюджэту краіны і раёна.

– Адразу хацелася б адзначыць, што барацьба з эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй – гэта задача не толькі сілавых структур, але і агульная справа нашага грамадства. Здаецца, кожны грамадзянін жадае бачыць нашу краіну, наш раён квітнеючымі і развіццё ніяк не стасуецца з наяўнасцю фактаў карупцыі і эканамічнай злачыннасці ў соцыуме.

Што да леташніх вынікаў работы, то працавалі мы, насамрэч, багата і ўдумліва. Так, у 2023 годзе карупцыйных злачынстваў было выяўлена больш чым у 2022 і 2021 гадах. Мелі месца і цяжкія злачынствы, якіх не назіралася раней, – адзначыў Яўген Жукавец.

Каля паловы выяўленых фактаў прыпадае на галіну сельскай гаспадаркі, дзе ў полі зроку праваахоўніка аказаўся шэраг бухгалтараў, звязаных з крадзяжом грашовых сродкаў. Задачы па праверцы наяўнасці і захавальнасці тэхнікі, кантролю набыцця запасных частак і карыстання паліўна-змазачнымі матэрыяламі, а таксама пільная ўвага да жывёлагадоўчай сферы не раз ставілася перад кампетэнтнымі органамі на самым высокім узроўні, у прыватнасці – Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

– Сумы часам уражвалі: так, крадзеж у адным сельгаспрадпрыемстве быў у асабліва буйным памеры і склаў больш за тысячу базавых велічынь. За мінулы год было выяўлена карупцыйных і эканамічных злачынстваў на 70 тысяч рублёў, якія ўжо вярнуліся ў бюджэт дзяржавы. Праца наша не спыняецца і сёлета адпаведная сума яшчэ большая і складае каля 115 тысяч рублёў, якія кампенсаваны ў даход краіны.

Адзначу, што большасць карупцыйных злачынстваў заўважана за матэрыяльна адказнымі асобамі, што маюць не малы стаж работы. Я не хацеў бы пакрыўдзіць ні ў якім разе сталых бухгалтараў і кіраўнікоў, што адказна выконваюць свае абавязкі, але ёсць і сумныя факты наўмысных правапарушэнняў сярод вопытных працаўнікоў, – падзяліўся праваахоўнік.

Вядома, не ўсе парушэнні ўказваюць на крадзяжы сродкаў, часам гэта можа сведчыць пра звычайную памылку ці недагляд. Па словах Яўгена Аляксандравіча, доля менавіта памылак застаецца невялікай, у той час як наўмысныя махінацыі з мэтай крадзяжу і яго прыхоўвання заўсёды выяўляюцца. “Калі адбылася памылка, мы праводзім глыбокую прафілактычную гутарку з кіраўнікамі і адказнымі асобамі. Як правіла, работа пачынае весціся больш пільна і пытанняў да адзначаных спецыялістаў больш не ўзнікае.

А вось тых, хто лічыць, што мае выключны досвед, каб незаўважна скрасці грошы з дзяржаўнага бюджэту і застацца непакараным – вымушаны расчараваць. Нягледзячы на тое, што ў раёне адзін праваахоўнік займаецца эканамічнымі злачынствамі і фактамі карупцыі, але за маімі плячыма падтрымка кіраўніцтва, зладжаны калектыў, калегі з іншых раёнаў і дапамога спецыялістаў з вобласці. Штомесяц мы наведваем семінары, дзе нас навучаюць новым метадам работы і даводзяць новыя схемы злачынстваў.

Акрамя гэтага, асаблівая ўвага органаў зараз надаецца прафілактычнай рабоце, дзе мы сустракаемся з калектывамі, праводзім гутаркі ў асабістым парадку. І гэта дае свой плён. Паверце, пільных працаўнікоў і проста неабыякавых грамадзян даволі багата. Для прыкладу заўважу, што як раз уважлівы зямляк не так даўно прасігналізаваў пра падазроную схему збыту адным працаўніком дрэваапрацоўчага прадпрыемства дроў, якія купляў грамадзянін раёна. У выніку праверкі высветлілася, што супрацоўнік рэалізоўваў драўніну, скрадзеную па месцы працы. І такіх прыкладаў можна прывесці досыць.

Таму я не раіў бы нават дапускаць думкі пра якія-небудзь па-за законныя схемы з намерам узбагачэння. Урэшце, любы крадзеж з цягам часу ўсё роўна будзе выяўлены і пакараны па законе, – падвёў вынік Яўген Жукавец.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о