Акцыя “Наш жывёлавод”: лепшых працаўнікоў ушаноўвалі ў ААТ “Курыцічы”

0
352

Не першы год Беларускі прафсаюз аграпрамысловага комплексу ініцыіруе правядзенне рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”. Мэта мерапрыемства – заўважыць і адзначыць старанных жывёлаводаў, чарговы раз падзякаваць ім за штодзённую цяжкую працу. Акцыя трывала замацавалася і на Петрыкаўшчыне.

Акцыя “Наш жывёлавод”: лепшых працаўнікоў ушаноўвалі ў ААТ “Курыцічы”
Прадстаўнікі раённых аб’яднанняў прафсаюзаў, кіраўнік і работнікі ААТ “Курыцічы” віншуюць пераможцаў акцыі “Наш жывёлавод”

На мінулым тыдні аддаць даніну глыбокай пашаны і ўручыць каштоўныя падарункі за выніковасць у працы работнікам ААТ “Курыцічы” наведаліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Алена Галеня. Лепшымі па выніках акцыі былі вызначаны Наталля Яцка, брыгадзір МТФ “Забалацце” (на фота: з падарункам злева) і Ала Грэська, аператар машыннага даення МТК (на фота: з падарункам справа).

Да запрошаных на ўрачыстасць звярнулася лідар раённага аб’ядання прафсаюзаў.
– Работу жывёлаводаў нельга спыніць, у ёй няма выхадных, няма дробязяў. Каб трапіць у лік лепшых у вашай прафесіі, трэба мець жаданне працаваць, умець пераадольваць цяжкасці і нязручнасці. Немалаважным з’яўляецца і згуртаванасць у калектыве, бо толькі сумесная і зладжаная праца цялятніцы, даяркі, жывёлавода дазваляе трымаць высокую планку па вытворчых паказчыках. Вашымі рукамі забяспечваецца харчовая бяспека краіны. Дзякуй вам за вашу працу, за тое, што амаль усё, што патрэбна жыхарам краіны, расце і вырабляецца на нашай зямлі, – адзначыла Вольга Уладзіміраўна.

Выказала словы падзякі жанчынам і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза АПК.
– Здавалася б, нічога незвычайнага героі сённяшняй урачыстасці не здзяйсняюць. Проста выконваюць сваю штодзённую працу. Але робяць гэта так, што іх стараннасць трэба ставіць у прыклад іншым. Я ганаруся, што на Петрыкаўшчыне такія шчырыя, працавітыя, адданыя сваёй справе людзі, – зазначыла Алена Фёдараўна.

Віноўніцы ўрачыстасці не хавалі: прыемна, калі тваю працу адзначаюць, ставяць у прыклад. Абедзве жанчыны жывуць у Забалацці і больш за дваццаць гадоў працуюць у ААТ “Курыцічы”. Ды і прыход да прафесіі сяльгасніка нечым падобны: хоць атрымалі ў абласным цэнтры іншыя спецыяльнасці – знайшлі сябе ў жывёлагадоўлі на малой радзіме.

Наталля Васільеўна родам з Конкавічаў, пасля заканчэння гандлёвага вучылішча па спецыяльнасці працавала не доўга: сустрэла будучага мужа з Забалацця і пайшла працаваць на ферму. Апошнія шаснаццаць гадоў – брыгадзір на комплексе, што гаворыць пра яе адказнасць і працавітасць.

– Быць брыгадзірам – значыць кругласутачна адказваць за даручаны ўчастак. Кантроль якасці і колькасці малака, стан пагалоўя, падвоз кармоў, дойка кароў, запаўненне неабходнай дакументацыі – абавязкаў шмат, не пералічыць. Хаця праца жывёлавода не з лёгкіх, яна агульная для ўсіх работнікаў фермы, кіраўніцтва гаспадаркі. Калектыў надзейны, атмасфера ў калектыве сяброўская, па-гэтаму цяжкасці нас не пужаюць, – дзеліцца жанчына.

– Сапраўды, мала хто назаве работу жывёлавода простай: кожны дзень прачынацца на досвітку і вяртацца дадому калі надыходзіць змрок. Але за доўгія гады арганізм прывык і працуе як гадзіннік, – уступае ў размову Ала Віктараўна. – На працу іду з настроем: на ферме згуртаваны калектыў, дзе кожны адказна ставіцца да даручанай справы, адчуваю падтрымку калег і кіраўніцтва. Сказаць шчыра – ёсць жаданне працаваць, бо ведаю: у тым ліку і ад маёй працы аператара машыннага даення залежыць, што будзе на стале ў суайчыннікаў.

Жанчына родам з Забалацця. У свой час адвучылася на повара-кандытара. Як і папярэдняя гераіня, па спецыяльнасці працавала не доўга: вярнулася дадому і пайшла на мясцовую ферму. Пра такое рашэнне не шкадуе. Абавязкі свае ведае, служыць прыкладам адказнасці і працавітасці.

Да слоў віншавання далучыўся кіраўнік арганізацыі Мікалай Сялюк, які ўпэўнены, што гэтыя ўшанаванні жанчыны заслужылі: за добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, дасягненне вытворчых паказчыкаў і адданасць выбранай прафесіі.
У час сустрэчы з прафсаюзным актывам раёна работнікі сельгаспрадпрыемства змаглі задаць пытанні старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вользе Усціновіч-Насека.

Вольга Уладзіміраўна прапанавала прысутным трымаць больш цесную сувязь з прафсаюзам па надзённых і хвалюючых пытаннях.
– Любое пытанне, любую праблему можна вырашыць у час канструктыўнай размовы, – пазначыла прафсаюзны лідар раёна.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о