Памяць пакаленняў у мастацкіх вобразах

0
312

Днямі карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” сталі ўдзельнікамі падвядзення вынікаў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Нам мир завещено беречь”.

Памяць пакаленняў у мастацкіх вобразахКонкурс праводзіцца трэці год Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў і карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод аматараў выяўленчага мастацтва. У гэтым годзе ён прысвечаны 80-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і закліканы мастацкімі сродкамі прадоўжыць работу па захаванні і ўвекавечанні памяці, гераізму і мужнасці савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У раённае грамадскае аб’яднанне ветэранаў з устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі было даслана больш за пяцьдзесят работ.

Састаў журы, у які ўвайшлі старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Жукавец, дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Надзея Слабадзянюк, настаўнік па класе выяўленчага мастацтва Петрыкаўскай школы мастацтваў – загадчыца аддзялення Ірына Пінчук, вызначыў пераможцаў конкурсу. Так, ва ўзроставай катэгорыі 7-9 гадоў імі сталі: Ілья Рабчанка (работа на фота), цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – дыплом 1 ступені, Захар Кудравец, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Аляксандр Стрэльчанка, Бабуніцкая сярэдняя школа – дыплом 2 ступені, Дар’я Саган, Ангеліна Жукавец, гімназія горада Петрыкава, Ганна Агейчык, Муляраўская пачатковая школа – дыплом 3 ступені.

Ва ўзроставай катэгорыі 10-12 гадоў: Дар’я Зенчанка, гімназія горада Петрыкава – дыплом 1 ступені, Максім Шваб, Колкаўская базавая школа, На-дзея Карпач, Камаровіцкая сярэдняя школа – дыплом 2 ступені, Дзмітрый Шаставец, Камаровіцкая сярэдняя школа, Аляксей Дудко, Курыціцкая сярэдняя школа, Сняжана Хамец, Макарыцкая базавая школа – дыплом 3 ступені. Ва ўзроставай катэгорыі 13-15 гадоў: Аліса Пашкоўская, СШ №1 горада Петрыкава – дыплом 1 ступені, Арсеній Вашкоў, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Аліса Пашкоўская, СШ №1 горада Петрыкава – дыплом 2 ступені, Дар’я Міцура, СШ №2 горада Петрыкава, Аліна Рагавец, Камаровіцкая сярэдняя школа, Варвара Аксенік, гімназія горада Петрыкава – дыплом 3 ступені.
Дзевяць работ нашых таленавтых юных мастакоў будуць прадстаўлены на абласным этапе конкурсу. Усе малюнкі ў жыхароў Петрыкаўшчыны будзе магчымасць убачыць на выставах, прысвечанных Дню Перамогі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.


Гісторыя ў фота

Сюжэт малюнка Ільі Рабчанкі не выдуманы і мае ў сваёй аснове рэальнага персанажа, што дадае выяве змястоўнай напоўненасці. Падобную выяву зрабіў і знакаміты беларускі фатограф Анатоль Кляшчук напрыканцы мінулага стагоддзя.
На фота ўраджэнец Навасёлак, дзіця вайны Георгій Махлай. Яго сын Аляксандр распавёў нам пра гісторыю сям’і: “Наш дзед, Мяфодзій Аляксандравіч, нарадзіўся ў 1912 годзе на Случчыне, працаваў настаўнікам рускай мовы і гісторыі ў Навасёлках, прайшоў вайну, меў шмат узнагарод, але самымі галоўнымі лічыў медалі “За ўзяцце Берліна” і “За перамогу над Германіяй”.
Яшчэ да вайны, у 1933 годзе, у яго сям’і нарадзіўся сын, мой бацька, Георгій. Ён часцяком згадваў цяжкія і жудасныя гады свайго дзяцінства ў час вайны, здзекі немцаў, пагрозы забойствам. У канцы 60-х гадоў на сельскагаспадарчых работах з бацькам здарыўся няшчасны выпадак – усё пачалося з пальца на назе, але літаральна за 5 гадоў з-за развіцця гангрэны медыкі вымушаны былі адняць абе-дзве нагі”, – падзяліўся Аляксандр Георгіевіч.
Нягледзячы на гэта, Георгій, не зважаючы на інваліднасць, лічыў сваім абавязкам наведваць разам з бацькам-франтавіком помнік у цэнтры вёскі, каб аддаць даніну памяці загінуўшым у час гадоў ліхалецця. Адзін з такіх момантаў і зафіксаваў фатограф, паказаўшы, што тэма вайны для Беларусі асабліва кранальная і мы абавязкова павінны памятаць пра непамерны кошт мірнага неба над галавой.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота Анатоля КЛЯШЧУКА.

 

 

 

 

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о