Самая папулярная ў свеце гульня – футбол, з’явілася адносна нядаўна, у пазамінулым стагоддзі. Грамадства, вядома, было не такое мабільнае, як зараз, таму распаўсюджанне новых відаў спорту адбывалася больш марудна, чым зараз. Мяркуйце самі: першыя спаборніцтвы па футболе ў Англіі прайшлі ў 1872-м годзе, у састаў алімпійскіх відаў спорту гульня трапіла ў 1900-м, першая міжнародная футбольная федэрацыя – ФІФА, была створана толькі ў 1904-м, а першы чэмпіянат свету лічыцца праведзеным толькі ў 1930-м годзе.

Колькі гадоў петрыкаўскаму футболу?

А што да Беларусі, то ў нашай гісторыі гульні з мячом існавалі вельмі даўно. Гэта, вядома, быў не футбол, але пэўны правобраз гульні прасочваецца. Так, пры раскопках у старажытным Брэсце быў знойдзены скураны мяч, які археолагі адносяць да дванаццатага стагоддзя.

Што да гульні, то першыя звесткі пра існаванне футбольнай каманды на тэрыторыі Беларусі адносяцца да 1910 года. Адзін з сучаснікаў таго часу сведчыў, што калектыў быў сабраны ў Гомелі вялікім аматарам футбола, былым удзельнікам кіеўскага клуба “Спорт”, што пераехаў сюды на працу ў банк. Вядома, што праз год у наваколлі існавала ўжо некалькі каманд – як мінімум гомельская, чонкаўская, каманда гімназістаў і іншыя.

Вядома, што ў 1911 годзе першыя правілы гульні былі надрукаваны ў Магілёве. Спартыўныя калектывы пачалі з’яўляцца ў іншых гарадах.

У час Першай сусветнай вайны цікавасць, ды і магчымасці правядзення спаборніцтваў былі значна меншымі. Першы афіцыйны чэмпіянат БССР адбыўся нашмат пазней, толькі ў 1927 годзе, годам пазней быў вызначаны і першы састаў зборнай нашай краіны.
А што адбывалася ў Петрыкаве? Вядома, што першая футбольная дружына з’явілася ў нашым горадзе не пазней за 1935 год. Пра гэта сведчыць агульны фотаздымак каманды з подпісам. Паглядзім на яго больш уважліва.

Не ўсе твары можна дакладна вызначыць, выява карткі зацерлася працягам 89-ці гадоў. Але дакладна відаць, што на фота знахо-дзяцца 14 чалавек, сярод якіх ёсць адна жанчына, якая з’яўлялася, магчыма, адным з арганізатараў і прадстаўніком каманды.

З левага боку пяць чалавек стаяць поруч, апранутыя ў форму, астатнія спартсмены ў грамадзянскім адзенні. Па гэтай дэталі можна меркаваць, што гэта хутчэй зборная з прадстаўнікоў розных прафесій, а не спартсмены аднаго калектыву. На заднім плане мы бачым пабудову з шырокай страхой каля лесапаркавай зоны, а адразу за спартсменамі – невысокая агароджа.

Складана сказаць, мясцовыя гэта краявіды, ці здымак быў зроблены, калі каманда праводзіла матч у гасцях, але з пункту гледжання гісторыі і краязнаўства мы дакладна ведаем, што не пазней за 1935 год у Петрыкаве быў свой футбол і яго прыхільнікі.

Здымак разглядаў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о