Хатынь – незагойная рана Беларусі

0
104

Ёсць у нашым календары даты, якія нагадваюць пра трагічныя старонкі гісторыі, якія мы не маем права забыць.

Хатынь – незагойная рана Беларусі
22 сакавіка Беларусь адзначыла памятную дату. У гэты дзень, 81 год таму, нацысцкія каты і іх паплечнікі знішчылі беларускую вёску Хатынь, спалілі жыўцом і расправіліся амаль з усімі яе жыхарамі. У Хатыні загінула149 мірных жыхароў, сярод якіх 75 дзяцей. З нагоды жалобнай даты на базе раённай цэнтральнай бібліятэкі прайшла дыялогавая пляцоўка “Званы Хатыні, званы памяці”. Удзельнікі – навучэнцы гарадскіх школ, рабочая моладзь, педагогі. На мерапрыемства былі запрошаны старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека, дырэктар Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк Таццяна Галіцкая.

Згадваючы трагедыю Хатыні вядучая адзначыла: гэта толькі адна з больш як 11 тысяч пацярпелых беларускіх вёсак у час Вялікай Айчыннай вайны. І гэтая лічба не канчатковая. Дзякуючы расследаванню Генеральнай пракуратуры Беларусі, фактаў генацыду нашага народа адкрываецца ўсё больш. Бібліятэкар Таццяна Несцярчук нагадала прысутным пра населеныя пункты Петрыкаўшчыны, якія паўтарылі лёс Хатыні. Яе пакутніцкімі сёстрамі сталі Вялікія Сялюцічы – жыўцом спалена 364 жыхары, з 220 дамоў уцалела толькі 20, Доўгія Нівы – вёска спалена да тла з больш чым сотняй жыхароў, Хвойня – знішчана 3078 жыхароў, спалена 350 дамоў, Беразнякі, спалена і расстраляна 168 чалавек, вёска спалена да тла, Людзвіноў – жыўцом спалена 125 жыхароў, Зарэчка – забіта 127 жыхароў, вёска спалена, Малыя Нівы – усе дамы спалены.

Тэматычны стэнд, слайды расказвалі пра падзеі тых крывавых дзён, разгортвалі перад прысутнымі страшныя старонкі гісторыі. Падчас дыялогу дырэктар сеткі публічных бібліятэк адзначыла, што ва ўстанове культуры сабраны матэрыял пра генацыд на Петрыкаўшчыне ў ваенны перыяд, гістарычнай памяці пра землякоў. Таццяна Пятроўна адзначыла, што любы жадаючы можа скарыстацца назапашаным матэрыялам і напярэдадні 80-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыняць удзел у запланаваных бібліятэкай мерапрыемствах. Падвяла вынік работы пляцоўкі прафсаюзны лідар раёна.

– Мы павінны памятаць, якім коштам заваявана наша магчымасць жыць пад мірным небам, – адзначыла Вольга Уладзіміраўна. – І кожны з нас у адказе за тое, каб такая трагедыя ніколі не паўтарылася. Усе мы жадаем жыць у мірнай, незалежнай краіне і будаваць стваральныя планы на будучыню.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о