Сучаснай моладзі слова “вайна” здаецца такім незнаёмым, далёкім, вырваным з кантэксту кніг, артыкулаў, навін, але ёсць тыя, хто адчуў на сабе ўвесь боль гэтага слова. Яны жывуць сёння побач з намі, магчыма, у суседнім доме, а, магчыма, працуюць разам. Размова пра воінаў-інтэрнацыяналістаў.

15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ёсць, што ўспомніць,  але цяжка расказацьБольш за 30 гадоў таму, 15 лютага, савецкія войскі пакінулі межы Афганістана, на тэрыторыі якой афіцэры і салдаты праяўлялі неверагодную стойкасць і мужнасць.
9-гадовая вайна забрала жыцці 15 тысяч савецкіх воінаў. Матулі страцілі сваіх сыноў, жонкі – мужоў, дзеці – бацькоў. Сёння, напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, мы сустэліся з “афганцам” Генадзем Дземідзенка.

Мужчына не любіць распавядаць пра сваю службу – цяжка… Як і шматлікія “афганцы”, нешматслоўны, але пасля некалькіх спроб, на інтэрв’ю пагадзіўся.
Герой сёняшняга артыкула нарадзіўся і вырас у гарадскім пасёлку Капаткевічы. Пасля заканчэння сярэдняй школы да прызыву ва ўзброеныя сілы працаваў у ВА “Гомсельмаш”.

Пасля службы ў войску паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут імя Куляшова. З 1992 года – настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі “Капаткевіцкая сярэдняя школа”.
– Болем у сэрцы Афганская вайна аддае і па сёння, – успамінае Генадзь Мікалаевіч. – 12 снежня 1979 года была прынята пастанова ЦК КПСС аб уводзе савецкіх войскаў у Афганістан.

Фармальна прычынай сталі неаднаразовыя просьбы кіраўніцтва краіны, а фактычна гэтыя дзеянні павінны былі прадухіліць пагрозы замежнага вайсковага ўмяшання.
Афіцыйна абвешчаная галоўная мэта савецкай ваеннай прысутнасці ў ДРА фармулявалася адназначна – аказанне дапамогі ў стабілізацыі абстаноўкі і адлюстраванні магчымай агрэсіі звонку.

Нам пастаўлена была мэта абараняць мясцовае насельніцтва ад банд, а таксама размяркоўваць харчаванне, гаручае і прадметы першай неабходнасці.
Наш урад спадзяваўся, што ўвод войскаў будзе мець кароткачасовы характар.
У адзіным парыве, маладыя, мы дружна прыбылі на прызыўны пункт пад Ноўгарадам. Там мы прабылі тры месяцы ў навучанні, пасля кожнага з маіх таварышаў чакаў свой баявы шлях, свая застава. А 8 мая 1984 мы прызямліліся ў аэрапарту Кабула. У прыгарадзе была арганізавана наша воінская частка.

Генадзій Мікалаевіч праслужыў ва Афганістане 1,5 года. За гэты час ён зразумеў, наколькі чалавек залежыць ад сваіх таварышаў, асабліва ва ўмовах вайны.
– Салдат сабралі з усіх куткоў Савецкага саюза, з намі былі і расіяне, і ўкраінцы, і казахі, і ўзбекі.

Першапачаткова перапісваліся, калі вярнуліся ў СССР. Потым краіна распалася, пасля развалу не проста было сустрэцца, раскідала жыццё па розных кутках, але пачуццё баявога братэрства, вынесенага з той вайны, захоўваем да гэтага часу.
Удалечыні ад чаго дома сталееш неяк ураз, інакш разумееш сэнс слова “радзіма”, па-асабліваму шануеш сяброўства і падтрымку таварышаў. Служба ў Афгане дала мне добрыя ўрокі.

Настаўнік распавёў, што прырода Афганістана, спачатку кожнага салдата прыводзіла ў нямое захапленне, асабліва горы – царскія, грозныя, непрыступныя.

– Пасля ўжо не хочацца ўсёй гэтай прыгажосці, калі адзежа бялее ад салёнага поту і ўвесь час хочацца піць, у кантэйнерах вада амаль гарачая, а тэмпература ў цені 40+ градусаў.

На пытанне, ці страшна было на вайне, Генадзь Мікалаевіч адказаў:
– Страх прысутнічае ў кожным чалавеку. Не верце таму, хто гаворыць, што яму на вайне не было страшна.
Пасля доўгай паўзы Генадзь Мікалаевіч працягнуў:
– Ехалі калонай да мяжы СССР па боепрыпасы, везлі выкарыстанае абсталяванне. Праехаў танк, праехаў БТР… Аўтаматная чарга прашыла кабіну КАМАЗа (43-10 вайсковага ўзору). Вадзіцель КАМАЗа Мікалай Барсук, беларус, родам з Нараўлянскага раёна, быў паранены ў руку і нагу. А прапаршчык Золін (таксама беларус), які сядзеў на месцы пасажыра, быў забіты. Пачалася перастрэлка. Я знаходзіўся ў бронетранспарцёры, па радыёстанцыі выклікаў дапамогу. Вадзіцель КАМАЗа, Мікалай Барсук, паранены, адагнаў у бок падбітую машыну, тым самым, вызваліўшы праход для прасоўвання калоны. Прыляцела пара верталётаў, і напад маджахедаў быў адбіты. Са стратамі калона рушыла далей. За праяўленую мужнасць Мікалай Барсук атрымаў медаль “За адвагу”.

Выканаўшы тады свой інтэрнацыянальны абавязак, мужчына вярнуўся на Радзіму.
– Першыя дні ўсё было вельмі нязвыкла, цяжка было ўваходзіць у мірнае жыццё. Праз пэўны час усё прайшло і я зразумеў, што патрэбна жыць далей, не чапляцца за ўспаміны. Пазнаёміўся з дзяўчынай, ажаніліся. Дарэчы, 10 лютага споўнілася 32 гады сумеснага жыцця са Святланай, разам працуем у школе. У нас нарадзілася двое цудоўных сыноў. Мая сям’я – самае вялікае шчасце ў жыцці.

Зараз галоўнае – дапамагчы моладзі зразумець, якія жахі нясе вайна, як трэба бараніць сваю краіну і незалежнасць. Вайна зрабіла з мяне сапраўднага мужчыну. Нанава вучышся жыць, шанаваць ваду і хлеб, мірнае неба над галавой, маці, хату, сям’ю. Гэта была школа мужнасці, дзе ўсё было сапраўдным: і ворагі, і сябры.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о