Памятаць, каб жыць

0
251

У дзень 80-годдзя вызвалення Азарыцкага канцлагера, думаем, жыхарам раёна карысна будзе пазнаёміцца з успамінамі непаўналетняга вязня Вольгі Максімаўны Прымаковай (Сідарэнка).

Памятаць, каб жыць

Пачатак вайны я памятаю як нейкае свята. Чаму? Бо сабралася вельмі шмат людзей, а вёска маленькая. Усіх павезлі ў Колкі, дзе быў сельскі Савет. Там было вельмі шмат прызыўнікоў мужчын. Іграла музыка. А потым гавораць, што гэта не радасць, гэта вайна пачалася. З першага дня бацьку забралі на фронт, а я засталася з маленькім брацікам і мамай.

Неяк вясной 1944 года стараста вёскі хадзіў па хатах і казаў, што сёння ўсіх павязуць. Сказаў, што трэба прыхапіць з сабой нешта паесці. Машынай павязуць. А машын мы ж не бачылі і былі задаволеныя, што машынай павязуць, будзем ехаць. Як сёння памятаю, што мама сыпала сухары і сухафрукты. Брата на руках трымае, яму было тры гады, а мяне за руку. Прыехала машына і ўсе палезлі ў яе, а куды вязуць нас, мы не ведалі. А потым ужо мама сказала, што мы ў Азарычы прыехалі. Мы не ведалі, што такое Азарычы. Праехалі далей лес, а там паляна і балота, абгароджанае калючым дротам. І тут людзі ўжо зразумелі, куды іх прывезлі. Усюды быў бруд. Хто паспеў сесці на сухую купіну, таму пашанцавала. Дзе можна было, там і сядалі. Там жа, дзе сядзелі, спалі і жылі. Першы час быццам ціха было, а потым пачалі дзеці плакаць, прасіць есці. Людзей было вельмі многа, і жывых, і мёртвых. Мёртвыя ляжалі па ўсёй тэрыторыі лагера, іх ніхто нікуды не звозіў. Былі выпадкі, калі сядзелі на трупах людзей, бо больш не было дзе сесці.

Ежу немцы нікому не давалі. Вось мы просім у мамы есці, яна дае нам скарынку хлеба сушанага і кажа, каб змачылі, але не глыталі адразу. Але як тут не глытаць, калі есці хочацца. Тады мама гаварыла, што больш не дасць нам, калі мы адразу глынаем, ну а потым ужо сухафрукты елі. І гэтым мы выжылі.
Памятае жанчына, як даймалі іх камары, як па крузе хадзілі паліцаі і сачылі за абстаноўкай. Чула некалькі разоў, што на тэрыторыі былі нейкія воплескі. Гэта ўжо потым ім расказвалі, што немцы ў лагеры тыфам людзей заражалі, бо адчувалі, што канец вайны. І, як вядома, рабілі гэта для таго, каб вызваленыя вязні ў далейшым заразілі салдат Чырвонай Арміі.

– У Азарычах мы знаходзіліся 12 дзён. А потым пачаўся шум нейкі, і кажуць, што ўсё скончана, адчынілі дзверы і нас выпусцілі. А ісці, як мама ішла, пераступаючы мёртвых, я не магла, стаю і плачу. Мама сказала мне, каб я закрыла вочы і ішла. Там нельга было ступіць так, каб не на мёртвага. А потым пачалі крычаць, мабыць, нашыя партызаны, каб не тоўпіліся, бо маглі здушыць адзін аднаго. Мы крыху супакоіліся і выйшлі. Вакол лагера было замініравана і нас выводзілі па адной вузкай дарожцы, – працягвае свае страшныя ўспаміны непаўналетні вязень. – Калі мы прыйшлі ў сваю вёску, там засталося толькі тры дамы, а да гэтага было 68. Усе людзі размясціліся ў гэтых трох дамах. Хутка ўсе захварэлі на тыф, у тым ліку і мая мама. Я толькі не захварэла і адзін хлопец, яму было гадоў трынаццаць. Усе хворыя крычалі, каб далі піць. Мы з ім разносілі ваду. Дапамагло і тое, што наша вёска была замініравана, і калі прыехалі сапёры, з імі была жанчына-ўрач, якая лячыла людзей, давала ім нейкія таблеткі. Дзякуючы гэтай жанчыне шмат людзей з нашай вёскі засталіся ў жывых, у тым ліку і мая маці, – дадае жанчына.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о