Памятаць, каб жыць

0
154

Памятаць, каб жыцьУ дзень 80-годдзя вызвалення Азарыцкага канцлагера, думаем, жыхарам раёна карысна будзе пазнаёміцца з успамінамі Ніны Аляксандраўны Дубіна нарадзілася ў вёсцы Колкі ў 1933 годзе.
– Да вайны мы жылі ў Капаткевічах. Бацька мой працаваў зампалітам Капаткевіцкага МТС. Калі пачалася вайна, ён быў у камандзіроўцы, адкуль яго і прызвалі на фронт, – успамінае Ніна Аляксандраўна. – Немцы ў Капаткевічах з’явіліся вельмі хутка. Былі яны ў чорнай форме, на рамянях мелі намаляваныя косці і чэрапы.

Капаткевічы амаль цалкам спалілі, засталіся толькі дамы на вуліцы Калгаснай. Маці Ніны вырашае пераехаць у вёску Колкі, дзе жыла яе сястра з трыма дзецьмі. Там таксама ўжо былі немцы, якія ўстанаўлівалі новую ўладу.

У студзені 1943 года немцы расстралялі малодшую сястру маці Ніны, Марыю Рэуцкую, і яе сяброўку Клаўдзію Бохан за сувязь з партызанамі. Маладыя жанчыны здабывалі важныя звесткі пра размяшчэнне немцаў, зброю, узрыўчатку. Іх знаёмая выйшла замуж за паліцая і расказала яму пра дадзеныя абставіны. Партызанскіх сувязных немцы затрымалі, бязлітасна катавалі: выкручвалі рукі, білі, ганялі напаўголых па марозе. А пасля загналі ў хлеў і расстралялі.

– Мая мама адна іх пахавала. Немцы прымусілі труну забіць у хаце і везці агародамі, не вуліцай. Мама за труну ўчапілася, а немцы пачалі яе палкамі біць. Адзін немец сказаў: “Няхай едзе, пахаваем і яе разам”. І маці вярнулася. Дзяўчат пахавалі на могілках у вёсцы Колкі ў адной магіле.

Не забыць Ніне Аляксандраўне і вясну 1944 года, калі ўсю сям’ю пагналі ў Азарычы: бабулю, маці, брата, сястру і цётку з яе дзецьмі. Ішлі туды пешшу. Добра памятае суразмоўца, як суправаджалі іх немцы з сабакамі.

– Была вясна, але замаразкі трымаліся і холадна было. Сагналі ўсіх у нейкую даліну. Раніцай, як развіднела, сталі кідаць ежу: капусту, рэпку, бульбу. Кідалі, як сабакам. Ну і дзед, сусед наш, нешта не спадабаўся ім. Немец яго застрэліў. А бабуля падбегла да гэтага мёртвага старога, хутчэй разгарнула яго вопратку і сказала нам: “Сядайце дзеткі, пагрэйцеся”. Твар яго захінула хусткай, каб мы не бачылі. Плакалі, але на дзедзе сядзелі, пакуль ён не астыў. А немец стаяў, смяяўся і фатаграфаваў гэта ўсё, – з болем успамінае жанчына.

Колькі знаходзіліся ў Азарычах – Ніна Аляксандраўна не памятае. Гаворыць, што людзей многа было там, і мёртвых таксама. Ежу, якую кідалі немцы, мама прасіла не хапаць, лепш пацярпець, бо баялася, што іх могуць забіць, як таго дзеда.
Аднак немцам патрэбны былі рабочыя, і маму разам з цёткай забралі працаваць у шпіталь, лячыць хворых.

– Памятаю, што прыехалі мы ў вёску Харомцы Акцябрскага раёна, дзе маці працавала ў шпіталі. Затым, калі фронт набліжаўся і немцы пачалі адступаць, яны ўсіх, хто быў у вёсцы, у тым ліку і нас, сагналі ў вялікі хлеў і хацелі падпаліць. Крык стаяў жудасны… А потым стала ціха. Людзі супакоілі-ся і адчынілі вароты. Нікога каля хлява не было. Усе пабеглі ў поле і схаваліся ў жыце. Затым бачым, ідуць тры чалавекі ў плашч-палатках. Маці выйшла і спытала ў іх, ці нашыя яны, а адзін з іх сарваў плашч-палатку і закрычаў: “Нашыя, жанчына, нашыя!” Гэта былі савецкія салдаты, якія спалохалі немцаў і тыя ўцяклі, не паспеўшы падпаліць хлеў. Вось так мы і засталіся жывыя, – сведчыць гераіня і дадае: – Калі вярнуліся назад у Колкі, наша хата была разбурана. З пакінутых бярвенняў мы зрабілі зямлянку і жылі там, пакуль не аднавілі хату. Такое было маё дзяцінства.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о