“Чайка” пад светлым ветразем

0
286

Неяк гартаючы віртуальныя старонкі сайта retropetrikov.by мы знайшлі цікавую і даволі прыгожую фотакартку. Кампазіцыя здымка простая, але надзвычай маляўнічая: папераду, на водах ракі, у так званым “яліку” – шлюпцы з ветразявым абсталяваннем – з рамантычнай назвай “Чайка” шэсць статных хлопцаў, на заднім плане мы бачым узбярэжную панараму Петрыкава, у левай частцы якой выразна відаць купал царквы. Трэба адзначыць, што гэта не адзінае судна: у цёплыя дні, пры добрым надвор’і рух воднага транспарту на Прыпяці быў даволі насычаны.

“Чайка” пад светлым ветразем

Пэўную зразумеласць выяве надае подпіс: “Навучэнцы рускай сярэдняй школы (у Каленіках) 1953”. Тут маюцца на ўвазе вучні першай гарадской школы, якую ў 50-я гады часцяком падпісвалі на фотакартках “рускай” з-за асноўнай мовы выкладання школьных дысцыплін. Подпіс “у Каленіках” – тапанімічнае ўдакладненне, якое зараз ужо не выкарыстоўваецца ў шырокім ужытку. Справа ў тым, што яшчэ да вайны ў той частцы горада жыла сям’я па прозвішчы Каленік, ад якой і пайшла свойская назва цэлай вуліцы і мясцовасці, дзе знаходзілася школа. Нагадаем: яшчэ раней, напачатку мінулага стагоддзя, тут праходзіла мяжа горада, бо дакументы адзначаюць, што школа будавалася ў маляўнічым месцы, сярод сада, на ўскрайку мястэчка Петрыкаў, бо толькі на перыферыі населенага пункта мелася неабходная прастора для дастаткова буйной пабудовы.

Пазіраючы на картку, застаецца толькі пазайздросціць юнакам: шыкоўныя заняткі фізічнай культурай, моцнае здароўе і ўсё жыццё наперадзе. Здымак – нібы алегорыя, якая падказвае, што кожны з герояў гэтага сюжэта ў хуткім часе ўзначаліць сваё карабель лёсу і скіруе яго па тым курсе, які падкажа сэрца.

Фота разглядаў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о