Пакінуў патомкам душы сваёй след

0
414

На мінулым тыдні на базе Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі пра нашага земляка, самабытнага мастака Анатоля Антонава.

Пакінуў патомкам душы сваёй следГэтай сустрэчы прыхільнікі творчасці Анатоля Антонава чакалі з нецярпеннем. Яшчэ раней райцэнтр абляцела навіна, што самыя блізкія людзі Анатоля Міхайлавіча, які пайшоў з жыцця ў 2007 годзе, збіраюць матэрыял, каб увекавечыць на паперы памяць пра роднага чалавека. І вось не так даўно свет пабачыла кніга з інтрыгуючай назвай “Космас Анатоля Антонава”. Аўтарам выдання выступіла нявестка петрыкаўскага мастака, карэспандэнт Смаргонскай газеты. За аснову ўзяты біяграфічныя дадзеныя творцы, успаміны сыноў і, канечне ж, фотаздымкі яго нацюрмортаў, пейзажаў, афарміцельскай дзейнасці. Па запрашэнн арганізатараў мерапрыемства, аўтар кнігі, сыны мастака, унукі, якія прыехалі са Смаргоні і Барысава, сталі гасцямі сустрэчы і з гонарам прэзентавалі матэрыял пра майстра на яго малой радзіме.

З успамінаў сыноў, Анатоль Міхайлавіч захапляўся маляваннем усё сваё жыццё і менавіта таму, нягледзячы на тое, што меў спецыяльнасць кабельшчыка-спайшчыка, згадзіўся на працу мастака-афарміцеля ў Петрыкаўскім клубе. На той час гэта была запатрабаваная прафесія, бо не кожны мог адпавядаць патрабаванням: тое, што цяпер можна зрабіць з дапамогай тэхнікі, мастак-афарміцель рабіў у ручную. Быў час, калі Анатоль Антонаў абслугоўваў увесь раён: займаўся афармленнем клубаў і бібліятэк, аздабляў канцэртныя пляцоўкі, ствараў наглядную агітацыю на прадпрыемствах і ва ўстановах, рыхтаваў транспаранты на дэманстрацый. Да кожнага фільма, які дэманстраваўся ў Доме культуры, афарміцель рабіў вялікую афішу, на якой была выява эпізоду з кінафільма. І гэта былі сапраўдныя шэдэўры, нягледзячы на тое, што іх хутка патрэбна было змываць.

Першыя працы на палатне наш зямляк пачаў пісаць, калі пайшоў на заслужаны адпачынак. А штуршком да гэтай творчасці можна лічыць маляванкі, якія ён па просьбе родных пачаў ствараць напрыканцы сямідзясятых гадоў. Тады ж яму прапанавалі ўзнавіць роспісы купала царквы Мікалая Цудатворцы.

Увогуле ў жыцці таленавітага петрыкаўчаніна былі два захапленні – маляванне і рыбная лоўля. Адразу пасля работы ён садзіўся ў лодку і плыў у затокі Прыпяці, дзе рыбачыў і ствараў эскізы будучых работ. Самабытны мастак вельмі любіў прыроду і калі захварэў і ўжо не мог выходзіць на вуліцу, увесь час успамінаў любімыя мясціны на Прыпяці – і працягваў пісаць карціны. Для Анатоля Міхайлавіча палеская прырода была неабсяжнай прасторай, яго космасам, які ён спасцігаў на працягу ўсяго жыцця.
Нядаўна сыны перадалі ў Петрыкаўскі краязнаўчы музей работы бацькі. Яшчэ адну карціну мастака родныя падаравалі гораду да 500-годдзя яго ўтварэння ў час прэзентацыі кнігі (на фота). Каб землякі ведалі, памяталі таленавітага мастака, які шчыра любіў свой палескі край і на сваіх палотнах перадаваў яго прыгажосць.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о