Галоўнае багацце – гэта людзі

0
724

Галоўнае багацце – гэта людзі

Галоўная частка свята Дня вёскі ў аграгарадку Навасёлкі, які адбыўся ў мінулыя выхадныя, была прысвечана ўшанаванню жыхароў аграгарадка: гучалі прозвішчы і імёны лепшых з іх, вядомых сваімі дасягненнямі, прыкладам уласнага жыцця.

Намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрай Янчанкавай, за добрасумленную і бездакорную працу, прафесіяналізм і ў сувязі са святам вёскі ганаровай граматай Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны настаўнік Надзея Загорац, медыцынская сястра Надзея Брэус. Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад у развіццё Навасёлкаўскага Савета – вадзіцель лясніцтва Анатолій Дубіна. Не пакінулі нікога абыякавымі выступленне старшыні сельскага Савета Юліі Ракіцкай.

– Наш родны куточак развіваюць працавітыя, добрыя і таленавітыя жыхары аграгарадка. І з кожным годам населены пункт прыгажэе, – адзначыла Юлія Андрэеўна. – З нашай вёскай у кожнага звязана шмат радасных падзей у жыцці. Мы засталіся адной сям’ёй, дзе пастаўленыя задачы вырашаюцца разам. Няхай так будзе заўсёды.

Асаблівая ўдзячнасць кіраўніка сельвыканкама выказана старасце вёскі Заброддзе Аляксандру Гурыну, дэпутату мясцовага Савета дэпутатаў – Алегу Дубіне, якім, за добрасумленную працу і вялікі ўклад у развіццё Навасёлкаўскага сельскага Савета, былі ўручаны памятныя падарункі. Таксама ад мясцовай улады каштоўным падарункам за годны прыклад у добраўпарадкаванні малой радзімы была ўзнагароджнана сям’я Анатолія і Святланы Дубіны, за ўклад у захаванне народнай спадчыны – народная ўмеліца Вольга Загорац.

Не засталіся ў баку святочнага мерапрыемтва старшыні раённых галіновых прафсаюзных арганізацый. Старшынёй саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аленай Галеня аб’яўлена ўдзячнасць трактарысту-машыністу Васілю Ермалаеву, інспектару аддзела кадраў мясцовага сельгаспрадпрыемства Аксане Фалеевай. Старшынёй саюза работнікаў адукацыі і навукі Тамарай Басюк за плённую працу і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ўручаны ганаровыя граматы аддзела адукацыі і райкама прафсаюза настаўніку Надзеі Кудравец, выхавацелю дашкольнай адукацыі Святлане Антонавай. Старшынёй пярвічнай арганізацыі ўстановы аховы здароўя Анжэлай Дыба за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя ўручаны сертыфікаты на набыццё каштоўных падарункаў медыцынскай сястры Аксане Кукса, фельчару выяздной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Марыне Ракіцкай. Старшынёй саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццянай Галіцкай за высокі прафесіяналізм і актыўны ўдзел у сацыякультурнай дзейнасці аб’яўлена ўдзячнасць загадчыцы філіялам Капаткевіцкай дзіцячай школы мастацтваў у аграгарадку Навасёлкі Таццяне Кудравец.

Неверагодныя авацыі выклікала запрашэнне на сцэну ветэрана педагагічнай працы, члена інфармацыйна-прапагандыскай групы, паэта, аўтара натуралістычных замалёвак Уладзіміра Пугача. Старшыня раённай арганізацыі аб’яднання ветэранаў Уладзімір Жукавец узнагародзіў вядомага на Гомельшчыне земялка каштоўным падарункам, адзначыўшы, што Уладзімір Мікалаевіч з’яўляецца сапраўдным патрыётам навасёлкаўскай зямлі.

Хочацца заўважыць, што ўрачыстасць аздаблялі музычныя нумары мясцовага Народнага фальклорнага калектыву “Вячорніца”, удзельнікі якога дэманстравалі гледачам свой вакальны і артыстычны талент.
У час мерапрыемства прысутныя атрымалі магчымасць “прайсціся” па старонках мінулага Навасёлак: ад першых пісьменных крыніц, падзей часоў Вялікай Айчыннай, даведаліся прысутныя і пра прыстольнае свята жыхароў – Ушэсце. Успаміналі тых, хто прысвяціў сваё прафесійнае жыццё станаўленню аграгарадка.

Яркім і запамінальным было і завяршэнне свята: з цудоўнай нагодай землякоў павіншавалі фальклорныя калектывы “Зараначка” і “Спадчына” з Чалюшчавічаў і Пціча. Нікому ў гэты дзень не хацелася разыходзіцца па дамах. Аграгарадок танчыў, спяваў і звінеў звонкім смехам дзятвы. А значыць – ёсць у яго будучыня, пакуль жывуць тут людзі, для якіх гэтыя мясціны – самыя любімыя і дарагія – пра што гавораць самі навасёлкаўцы.

 

Галоўнае багацце – гэта людзіСвятлана КАНАШ:
– Дзень вёскі прайшоў цікава, з шырокім размахам. Адважуся, ад імя ўсіх жыхароў аграгарадка падзякаваць арганізатарам за магчымасць сустрэцца з аднавяскоўцамі – тым больш, што многія прыехалі здалёк на мерапрыемства. На мой погляд, сёння ў нас народнае свята. Вёсачка – месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі, дзе прайшлі самыя шчаслівы гады, дзе знаёмая кожная сцяжынка, кожнае дрэва… А якія ў Навасёлках людзі! Многія сваёй працай праслаўляюць Петрыкаў.
Назіраю за моладдзю, якая прыйшла на свята і з цікавасцю разглявае выставы, слухае народныя песні. Радуюць маладыя сем’і, якія не спяшаюцца перабрацца ў горад. Прыходзіць упэўненнасць: у роднай вёскі ёсць будучыня.

Галоўнае багацце – гэта людзіАляксандр СЕРАДА:
– Дзень вёскі – гэта цёплая сустрэча пакаленняў, урачыстае ўшанаванне землякоў, якія дасягнулі поспехаў, дакрананне да народных традыцый. Вы бачыце самі, наколькі зблізіла і згуртавала свята людзей. Сённяшні дзень стаў для многіх, хто пакінуў бацькоўскі дом, нагодай прыехаць на сустрэчу з роднымі і сябрамі, успомніць маладыя гады, наведаць бацькоўскую хату.
Упэўнены, такія святы дапамагаюць кожнаму пранікнуцца любоўю да зямлі, на якой жылі нашы продкі, жывем мы і будзе жыць яшчэ не адно пакаленне беларусаў.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о