Чым вабяць тыя шляхі, дзе гудуць цягнікі

0
557

Шостага жніўня сваё прафесійнае свята адзначаюць чыгуначнікі Беларусі – людзі, за працай якіх камфорт нашага транспартнага спалучэння, якасная і тэрміновая дастаўка грузаў і, вядома, бяспека і надзейнасць работы сеткі чыгуначных шляхоў. Адзін з такіх – манцёр шляху Уладзімір Міцура, працоўны стаж якога налічвае два дзясяткі год.

Чым вабяць тыя шляхі,  дзе гудуць цягнікі

Ветлівы просты мужчына родам з Муляраўкі, дзе і працуе да сённяшняга часу. Пасля заканчэння Смятаніцкай школы атрымаў спецыяльнасць электрамеханіка гандлёвага і халадзільнага абсталявання адслужыў тэрміновую службу, уладкаваўся ў прыватную кампанію, але ў 2003-м годзе вырашыў вярнуцца на малую радзіму і звязаць сваё жыццё з чыгункай.

– Так я стаў манцёрам шляху: фізічнай працы я ніколі не цураўся, ды і заробак прывабліваў. Усё ж чыгунка была, ёсць і будзе: хвалявацца за будучыню чалавеку працоўнаму не выпадае. Да таго ж і блізкія поруч – заўсёды падтрымаюць ды я бацькам дапамагу, – разважае Уладзімір Аляксеевіч.

Як прызнаўся мужчына, напачатку засваення новай прафесіі было складана, але, з цягам часу, усё стала звыклым, зразумелым і пасільным. Колькі за 20-ць гадоў было разам з калегамі заменена рэек, пракладзена шпал і падлічыць складана – рахунак, пэўна, ідзе ўжо на дзясяткі кіламетраў. Але на здароўе наш суразмоўца не скардзіцца і шчыра адзначае, што ніякіх сакрэтаў падтрымання арганізму ў тонусе не мае, удакладняючы: “Магчыма, так станоўча ўздзейнічае на мяне свежае паветра і навакольнае асяроддзе – усё ж працаваць даводзіцца на ўлонні прыроды. Ёсць і складанасці: калі надвор’е не радуе і звычайны чалавек, пазіраючы ў акно на непагадзь, п’е цёплую гарбату і кутаецца ў коўдру, чыгуначнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Завіруха – мы чысцім шляхі ад снежнай намеці, навальніца – выпраўляемся ў абход у пошуках паваленых на чыгунку дрэў. Але ў гэтым суседстве з прыродай ёсць свая рамантыка. З аднаго боку ты пазіраеш, як пасажырскія саставы вязуць людзей да месца прызначэння, а “таварнякі” дастаўляюць неабходныя грузы. З другога боку ты знаходзішся ў натуральным навакольным асяроддзі, глядзіш як адзін сезон змяняе другі, часцяком сустракаеш казуль, лосяў, слухаеш спевы птушак. Тое ж тычыцца і нашых пасажыраў: усім даспадобы, рухаючыся ў камфортным вагоне, глядзець у акно на прыгожыя беларускія краявіды. Прыемнае і карыснае спалучэнне цывілізацыі і прыроды”.
Уладзімір Міцура адзначае, што і з прагматычнага пункту гледжання працаваць на чыгунцы падабаецца: зладжаны калектыў заўсёды дапаможа, ды і заробак годны. Ну а ў вольны час можна і адпачыць: мужчына любіць парыбачыць на вадаёмах Петрыкаўшчыны са спінінгам на шчупака, вось толькі “бярэ” сёлета гэтая рыбіна не надта ахвотна.

Напярэдадні прафесійнага свята Уладзімір Аляксеевіч звярнуўся да калег: “Жадаю, каб паўсюль панавалі мір і згода, няхай моцнае здароўе будзе надзейным спадарожнікам на працягу ўсяго жыцця, а ў сем’ях будзе шчасце і прымнажаецца дабрабыт”.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншавання і дзякуе чыгуначнікам за іх нялёгкую адказную працу.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о