Не жаночая справа. Сапраўды?

0
650

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня мы ўзгадалі думку, якую можна сфармуліраваць словамі “не жаночая справа”. Адносна нядаўна такую фразу можна было пачуць у дачыненні да пэўных прафесій фізічнай працы, інтэлектуальных ці творчых заняткаў.

У першых Алімпійскіх гульнях 1896 года ў Афінах жанчыны не ўдзельнічалі. Ды і зараз, пачуўшы пра жаночы футбол ці хакей, у многіх на твары з’яўляецца ўсмешка. Больш за тое, у шэрагу краін жанчынам забаронена з’яўляцца на стадыёнах, калі там выступаюць мужчыны ў лёгкім спартыўным адзенні.

Не жаночая справа. Сапраўды?

 

Капітан валейбольнай каманды “Петрыкаў” Крысціна Браім лічыць: “Жаночы спорт у пэўнай ступені дэманструе сацыяльную развітасць краіны і мне вельмі прыемна зазначыць, што мы жывём у Беларусі – дзяржаве, дзе ў тым ліку і ў спорце жанчыны маюць аднолькавыя з мужчынамі правы. Прадстаўніцы прыгожай паловы часцяком бароняць спартыўны гонар нашай краіны на міжнароднай арэне не горш за мужчын, возьмем для прыкладу хоць бы тэніс. Ну, а наконт прыгажосці зазначу: быць чалавекам, чые выступленні прызнаюцца не толькі выніковымі, а яшчэ і прыгожымі – не крыўдна”. Першая жанчына ў гісторыі савецкай міліцыі пачала службу толькі ў 1928 годзе. Зараз прадстаўніцы прыгожай паловы ў пагонах нікога не здзіўляюць.

 

Не жаночая справа. Сапраўды?Інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі, капітан міліцыі Марына Цішкевіч адзначае: “Я абрала лёс праваахоўніка, скарыстаўшыся прыкладам бацькі. Напэўна, з гэтай прычыны родныя аднесліся да майго выбару з разуменнем і павагай. Што да службы, то магу зазначыць: ахова правапарадку – справа агульная, дзе кожны робіць свой унёсак: і міліцыянер, і правапаслухмяны грамадзянін, і настаўнік. Таму не варта падзяляць нас на мужчын і жанчын, бо ўсе мы дбаем пра тое, каб кожны адчуваў у любым кутку краіны абарону і спакой”.

Па сціплых звестках вядома, што першая ў Расійскай Імперыі жанчына-вадзіцель села за “абаранак” яшчэ ў 1898 годзе, праз тры-чатыры гады пасля з’яўлення на вуліцах Расіі першых аўтамабіляў. Але меркаванне, што жанчыны кіруюць горш за мужчын, можна чуць і зараз.

 

Не жаночая справа. Сапраўды?Так, майстар па вытворчым навучанні кіраванню механічнымі транспартнымі сродкамі райструктуры ДТССАФ Галіна Адась упэўнена: “Галоўнае, каб чалавек любіў сваю справу і ўдасканальваўся як спецыяліст. Мне часта даводзілася чуць, што я займаюся не жаночай справай, але ў адказ магу зазначыць, што люблю сваю прафесію і з дзяцінства марыла пра яе. Не істотна, хто навучае кіраванню – мужчына ці жанчына. Галоўнае, каб спецыяліст аддаваўся сваёй справе поўнасцю і працаваў на якасны вынік”.

 

 

 

 

Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о