Усё трымаць на кантролі – яе прафесійная звычка

0
641

Пакуль большасць з нас яшчэ бачыць салодкія сны, загадчыца малочна-таварнага комплексу ААТ “Агра-Ляскавічы” ўжо працуе ва ўсю моц. Рабочы дзень Алены Марцынкевіч пачынаецца а 6-й гадзіне раніцы з праверкі гаспадаркі. Усё трымаць на кантролі – яе прафесійная звычка.

Усё трымаць на кантролі – яе прафесійная звычка“Я павінна ўсё агледзець і ўпэў-ніцца, што за ноч нічога благога не адбылося. І толькі потым прыступаю да выканання іншых сваіх абавязкаў”, – пачала гутарку гераіня.
Алена Фёдараўна родам з Жыткавіцкага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Жыткавіцкае ПТВ на лабаранта хіміка-бактэрыялагічнага аналізу. Першы час працавала на свінаферме, а потым пайшла ў адпачынак па доглядзе дзіцяці.
Праз час, паводле слоў працаўніцы, лёс прывёў у Петрыкаўскі раён. Спачатку працавала памочнікам брыгадзіра ва УП “Палессе-Аграінвест”, а затым лабарантам.
Зараз Алена Фёдараўна пражывае ў Галубіцы, на працу, як сцвярджае, ездзіць з задавальненнем.

Усё трымаць на кантролі – яе прафесійная звычка“Мой стаж працы ў сельскай гаспадарцы складае больш за 20 гадоў, у ролі загадчыцы фермы я толькі паўтара месяца. З калектывам мы хутка знайшлі агульную мову”, – канстатавала жанчына.

Алена Фёдараўна сур’ёзна сцвярджае, што ў водпуск хадзіць не любіць. Працаголік па натуры, яна павінна быць у курсе ўсяго, што адбываецца на ферме.
“Наша прафесія – здабываць! І, здаецца, мы з гэтым спраўляемся, – працягнула спецыяліст. – Надоі малака выраслі. Сярэднясутачны надой на карову на 1 сакавіка склаў 18,2 літра. У лютым мы здалі 11,6 тон малака экстра-класа, а ў студзені лічба была значна ніжэйшай – усяго толькі 9 тон. Статак у нас 1708 галоў, з якіх 736 дойных кароў. Цялят – 312 галоў”.

У падпарадкаванні загадчыцы 31 чалавек. І ўсё працуюць на вынік.
“Годная заработная плата і сацыяльны пакет, якія ёсць у нашай гаспадарцы, стымулююць нас на далейшую працу”, – адзначыла ў канцы гутаркі загадчыца.
Працавітыя, адказныя, адкрытыя і гасцінныя людзі – менавіта на такіх і трымаецца сельская гаспадарка.
Асаблівыя словы ўдзячнасці сёння жанчынам-працаўніцам сферы АПК! Сваёй штодзённай нялёгкай працай яны ўносяць важкі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о