Яе вялікасць – жанчына

0
1131

Вакол яшчэ снег, але яркае сонца ўжо шчодра дорыць сваё цяпло, прымушаючы часцей усміхацца і гаварыць пра каханне, прыгажосць, шчасце. Гаварыць пра такіх землякоў, як Ганна Сянько, пасля знаёмства з якой спаўна пагаджаешся з вядомым выслоўем – улада над светам належаць жанчыне, вельмі прыемна.

Яе вялікасць –  жанчынаНаша гераіня добра вядомая на Петрыкаўшчыне не толькі тым, што ўзначальвае адзін з сельскіх выканкамаў і даказала эфектыўнасць жанчыны-кіраўніка, а і як прыклад захавальніцы сямейнага ачага, адносін да людзей, мэтанакіраванасці, спагады. Ганна Уладзіміраўна нарадзілася ў Колках і пражыла на малой радзіме ўсё жыццё. Не хавае, што ў юнацтве марыла з’ехаць у горад, паступіць у педінстытут і прысвяціць сябе выхаванню дзяцей. Але планам не было наканавана спраўдзіцца, хоць мясцовую школу скончыла паспяхова: рана памерла маці, пакінуўшы чацвярых дзяцей, старэйшай з якіх, нашай гераіні, было шаснаццаць, а малодшаму – пяць гадоў. Бацька ездзіў у суседні раён на заробкі, малодшым дзецям неабходны быў клопат, а каб жыць і вучыцца ў горадзе патрэбны былі сродкі. Выпускніцай было прынята рашэнне застацца дома за старэйшую.

Яе вялікасць –  жанчынаПершым месцам працы стала мясцовае сельгаспрадпрыемства. З цягам часу завочна скончыла Гомельскі аграрны тэхнікум па бухгалтарскай дзейнасці. Старанную, спагадлівую, ініцыятыўную працаўніцу, якая ўмее паставіць справу і павесці за сабой калектыў, заўважылі як кіраўніцтва, так і жыхары вёскі. Аднавяскоўцы паверылі ў маладую жанчыну, у яе імкненне зрабіць родную зямлю прыгажэйшай, а жыццё людзей цікавым і камфортным – вылучылі яе кандыдатуру ў дэпутаты мясцовых Саветаў. Тады ж, у 1990 годзе ёй прапанавалі пасаду сакратара Колкаўскага сельскага Савета, якой яна аддала 22 гады, апошнія 11 – займае пасаду старшыні мясцовага аргана ўлады.

– Што для мяне праца з людзьмі? Адказнасць. Уменне вырашаць праблемы землякоў. Быць прыкладам у грамадскіх справах, – разважае Ганна Уладзіміраўна. – Савет наш невялікі, жыццё кожнай сям’і як на далоні. За гады працы людзі сталі маёй сям’ёй. Хвалююся за іх, цешуся іх поспехам.

Вялікай апорай у жыцці жанчыне служыць яе муж. Заўважыла яна яго, маладога трактарыста, на світанку сваёй маладосці – так побач і ідуць па жыцці, дзелячы радасці і падтрымліваючы ў цяжкую хвіліну. Па словах гераіні, былі моманты, якія патрабавалі ад яе сілы і рашучасці. Рана пайшла з жыцця яе сястра, пакінуўшы дзесяцігадовую дачку ў Краснаярску. На той момант у іх з мужам былі сваіх трое маленькіх дзяцей: два сыны і дачка. Ні хвіліну не думаючы, жанчына паехала ў далёкую дарогу. Згадвае, былі ў яе пару дзён на чужой зямлі, каб уладзіць моманты і прывезці ў Беларусь пляменніцу, для якой з мужам сталі бацькамі.
Сёння яна з гонарам расказвае пра дзяцей, якія ўсе адбыліся як асобы і знайшлі сваё шчасце ў сямейным жыцці. Яны падарылі ёй неапісальнае шчасце быць бабуляй дзесяці ўнукаў.

Ганна Уладзіміраўна працягвае справу свайго жыцця: працуе на даручанай ёй пасадзе, вырашаючы новыя задачы, пастаўленыя часам. Яна – дэпутат раённага Савета, член “Беларускага саюза жанчын”. Сёння вялікую ўвагу надае грамадскай рабоце, бо бачыць у гэтым карысць і неабходнасць для беларусаў.
– Хоць у жыцці бывала і не лёгка, я заўсёды ведала, што побач родныя, блізкія, добрыя людзі. І задуманае атрымліваецца, таму што важна ісці да мэты, якая аб’ядноўвае, радуе і натхняе на новыя справы, – упэўнена Ганна Уладзіміраўна. – Я жадаю ўсім жыхарам Петрыкаўшчыны міру і шчасця. Няхай гэтыя вясновыя дні прынясуць усім нам каханне, дабрыню і спагаду.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о