Не кідайце смецце ўздоўж дарог

0
142

Давялося мне ў выхадныя дні быць праездам каля Сотніцкага скрыжавання. З’язджаючы з трасы М-10 у напрамку Аголіцкай Рудні, спыніла аўтамабіль на ўзбочыне, каб дзеці “размялі” ногі. Сказаць па праўдзе: лепш бы мы гэтага не рабілі, бо настрой быў сапсаваны ўбачаным. Каля дарогі размясціўся свайго роду сметнік. Пустыя бутэлькі, абгорткі ад прадуктаў харчавання, выкінутыя непатрэбныя дробныя рэчы – такое “добраўпарадкаванне” адбівала ўсялякае жаданне атрымаць асалоду ад навакольнага асяроддзя.

Хутчэй за ўсё выкідванне непатрэбнага – гэта справа рук вадзіцеляў, якія прыпыняюцца ў гэтым месцы па звычцы: раней там стаяла альтанка і людзі мелі магчымасць адпачыць. Абурае абыякавасць людзей да прыроды, яе экалагічнага і эстэтычнага стану. Смецце на ўзбочынах аўтадарог стварае адмоўнае ўражанне пра Петрыкаўшчыну ў гасцей раёна. Староннія рэчы каля дарогі могуць абумовіць ДТЗ, а бітае шкло – узгаранне сухой травы, што нават прыводзіць да лясных пажараў.
Паўстае пытанне і да дарожнай службы раёна. Смецце знаходзіцца на бачным месцы, прайшлі раённы і абласны суботнікі. Так калі на праблемны ўчастак будзе звернута ўвага?

Красавік абвешчаны месячнікам па добраўпарадкаванні. Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе, праязджаючы каля гэтага месца, захочацца спыніць аўтамабіль і выйсці палюбавацца роднымі краявідамі.

Антаніна Смірнова, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о