Пасябраваць з прыродай – пасябраваць з сабою і парадкам

0
158

Днямі я размаўляў з земляком, які выказаў цікавае меркаванне. Разважаючы пра надыход вясны і навядзенне парадку, мужчына з расчараваннем адзначыў: “Большасць людзей, што літаральна б’юць сябе ў грудзі і гучна заяўляюць, маўляў, гэта мая зямля, я тут нарадзіўся і вырас, насамрэч, маюць самыя непрыглядныя падворкі. Дзіву даешся, такія пранікнёныя словы знахо-дзяць, але пластыкавыя бутэлькі, поліэтылен і іншае смецце прыбраць з уласнай сядзібы ды пад сваім плотам рукі не даходзяць. Не даводзіцца казаць ужо пра нейкае рамонтнае добраўпарадкаванне”.

Пасябраваць з прыродай – пасябраваць з сабою і парадкамВыслухаўшы субяседніка, я задумаюся. Вядома, прэтэнзія не да кожнага, хто калі-небудзь распавёў пра сваё пяшчотнае стаўленне да малой радзімы. Але на самой справе тэндэнцыя такая заўважаецца. Летась я прагульваюся ў лясным масіве, праходзіў міма адпачываючай на ўлонні прыроды кампаніі як раз у той час, калі маладыя людзі расказвалі адзін аднаму, якая шыкоўная ў нас прырода і як складана без гэтых краявідаў ды землякоў за мяжой нашай краіны. Ну, думаю, калі такія адданыя роднаму краю людзі адпачываюць, за парадак, што яны пакінуць пасля сябе, хвалявацца не даводзіцца. Але трэба прызнацца, што я памыляўся. Шпацыруючы праз некалькі дзён паўз гэты куток заўважыў, што на месцы адпачынку прыбранае далёка не ўсё смецце. Відаць нехта з кампаніі праявіў сумленне, але астатнія знаёмая чалавека не падтрымалі — вось і кідаліся ў вочы стракатымі плямамі ўпакоўкі ад рознай ежы.

Такі выпадак далёка не адзін. Шэраг рыбакоў, што лічаць лепшым баўленнем часу яднанне з прыродай з вудачкай на беразе ці па-над лункай на лёдзе абавязкова, пакідаюць пасля сябе шкляныя бутэлькі рознага аб’ёму, пакеты. Ягаднікі і грыбнікі (вядома, не ўсе) адзначаюць месца свайго “прывалу” адпаведным неахайным чынам. Пэўна і на падворках гэтых людзей чысціня і парадак пакідаюць жадаць лепшага…
Але ўсе мы жадаем жыць цывілізавана, адчуваць чысціню навокал, выходзіць у лес ці на бераг ракі і бачыць навакольнае асяроддзе, мінімальна кранутае чалавекам без шкодных наступстваў. Вось толькі куды ўсе гэтыя памкненні прападаюць, калі прырода прымае нас у госці? Ці то звычку асобныя грамадзяне ніяк выпрацаваць не могуць, ці то суцяшаюць сябе тым, што астатнія ўсё роўна будуць весці сябе неахайна і выхоўваць у сабе экалагічныя паводзіны сэнсу няма.

А на перадзе чарговы цёплы сезон. Людзі, пачынаючы з майскіх святаў, зноў будуць выбірацца на пікнікі, рыбалку, ды і наўпрост на доўгія прагулкі. Што мы пакінем пасля сябе, які прыклад прадэманструем падрастаючаму пакаленню і як будзе стасавацца наша любоў да навакольнага асяроддзя са справай? Адказ на гэтае пытанне мы даведаемся даволі хутка, вось толькі шкада, што рэшткі чарговага адпачынку мы ўсё роўна будзем бачыць.

Таму, калі мы называем сябе гаспадарамі на зямлі, варта адказна адносіцца і да адпаведных абавязкаў. І гэта, мне здаецца, не нейкая там сціплая задача, а істотная мэта, бо толькі ад нас залежыць, ці ўбачаць нашае навакольнае асяроддзе такім разнастайным і багатым нашыя дзеці і ўнукі.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о