Хваля выпадаў, накіраваных на абясцэньванне вобраза салдата-вызваліцеля і ролі Савецкага Саюза ў перамозе над фашысцкай Германіяй, апошнім часам захлынула Украіну і некаторыя еўрапейскія краіны.
На гэтым тыдні польскія чыноўнікі ў прамым эфіры трансліравалі знос помніка савецкаму салдату. Зрабілі з пафасам тое, за што нармальнаму чалавеку павінна быць па меншай меры сорамна. Да таго ж абвясцілі, што ў агульнай колькасці ў бліжэйшы час плануецца знесці каля 60-ці помнікаў і мемарыяльных знакаў, якія, па меркаванні ўлад, належаць да савецкай эпохі і згодна закону аб забароне прапаганды камунізму, прынятым у 2016-м го-дзе ўладамі Польшчы, павінны быць ліквідаваны. У разлік зусім не бярэцца той факт, што за права пакінуць памяць пра сябе на польскай зямлі савецкі салдат заплаціў сваёй крывёю. Ці думаў ён, вяртаючы свабоду і незалежнасць мільёнам палякаў, што праз некаторы час нашчадкі выратаваных і вызваленых будуць бессаромным чынам нішчыць памяць пра бессмяротны подзвіг салдат Перамогі. Наўрад ці…
Падобныя навіны “прылятаюць” і з прыбалтыйскіх краін, дзе вандалы таксама працягваюць здзеквацца над помнікамі савецкім воінам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Так, днямі акт вандалізму быў здзейснены на вайсковых могілках сталіцы Эстоніі – Таліне. Вандалы апаганілі помнік воінам-вызваліцелям: са статуі “Бронзавы салдат” зрэзалі ордэн Чырвонай Зоркі.
На жаль, падобная тэндэнцыя прасочваецца ледзь ці не па ўсёй Еўропе. Тыднем раней у Бухенвальдзе, дзе ў час вайны забівалі савецкіх ваеннапалонных, знялі дзяржаўны сцяг і павесілі бчб-палатно – сімвал калабарацыяністаў, якія разам з нямецкімі фашыстамі нішчылі свой і іншыя народы.
Ведаеце, гледячы на ўсё гэта, ужо нават і не разлічваеш на тое, што ўлады належным чынам адрэагуюць і прымуць вычарпальныя меры па пошуку і пакаранні вінаватых, а таксама ўзмоцняць ахову помнікаў, каб папярэдзіць падобныя факты ў будучым. Чаму? Адказ відавочны: за знішчанымі помнікамі, знятымі дзяржаўнымі сцягамі, недапушчанымі да міжнародных спаборніцтваў спартсменамі нам выразна бачыцца нічым не прыкрытая правакацыя, злачынныя дзеянні кіраўніцтва краін, на тэрыторыі якіх маюць месца быць узгаданыя факты. Але не толькі яны, а і ўсе тыя, з чыёй маўклівай згоды здзяйсняюцца падобныя злачынствы, накіраваныя на распальванне міжнацыянальнай розні, варожасці, а таксама напружання ў сусветнай супольнасці, якія і без таго апошнім часам дасягнулі свайго максімуму з часоў “халоднай вайны”, у адказе за адраджэнне і папулярызацыю ідэй нацызму.
Сумненняў няма, што за згаданымі цынічнымі актамі стаіць папіранне памяці тых, хто цаною ўласнага жыцця здабыў такую жаданую для ўсяго свету перамогу ў Другой сусветнай вайне. Вось такая яна, еўрапейская ўдзячнасць за вызваленне свету і Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Аднак спроба перапісаць гісторыю і назваць чорнае белым – марная. На шчасце, мой народ свята захоўвае памяць пра гераічныя і трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, якая займае выключнае месца ў лёсе кожнай беларускай сям’і. Зносячы і руйнуючы помнікі, нашу памяць не забіць. Так, памяць нашчадкаў вялікай перамогі паборнікам ідэй фашызму не знішчыць і не дэманціраваць, бо ў сэрцы кожнага беларуса гучыць хатынскі набат, ратуючы душы ад забыцця і бяспамяцтва.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о