Праўда – лепшая зброя

0
1357

Штогод 5 мая ў Беларусі сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі выдавецтваў, друкарняў, журналісты – усе тыя, хто тым ці іншым чынам звязаны з яго вялікасцю друкаваным словам.

“Сёння мы навучыліся на інфармацыйным полі і ваяваць, і контр-атакаваць”, – такую ацэнку рабоце беларускіх журналістаў даў Кіраўнік дзяржавы ў час сёлетняга Паслання беларускаму народу і Парламенту. Як рэдактар, падпісваюся пад кожным словам. Праца калектыва нашай газеты, як і любой іншай, ужо не такая спакойная і “ўтульная”, якой была да 2020-га года. Падзеі таго вырашальнага года па ўсёй краіне адсеялі ненадзейных ігракоў медыйнага поля і тых, хто з-за баязлівасці не здолеў ці не захацеў выйсці на сцежку гібрыднай вайны, каб шчырым і гучным словам абараняць сваю краіну. Тады мы мала што разумелі ў гэтай вайне, але, усведамляючы ступень уласнай адказнасці за кожнае надрукаванае слова, хутка вучыліся.

Не без гонару гавару сёння пра калектыў “Петрыкаўскіх навін”: мы здолелі перастроіцца і выдужалі. Пачынаючы з пандэміі, прэзідэнцкіх выбараў і дагэтуль разам шукаем ісціну ў дэзынфармацыйным патоку, знаходзім яе і любымі спосабамі даносім да свайго чытача, з якім, дзякуючы сваёй прысутнасці ва ўсіх сацыяльных сетках і месенджарах, знаходзімся на сувязі 24/7. І ўсё таму, што добра засвоілі ўрок: лягчэй прадухіліць, чым вылечыць, а праўда – лепшая зброя ў барацьбе з фэйкамі.

“Мы не можам прайграць гэту вайну. Прайграем інфармацыйную вайну – значыцца, акунемся ў вайну сапраўдную”, – справядліва зазначыў і папярэдзіў нас, медый-шчыкаў, наш Прэзідэнт. І сапраўды, самыя жорсткія войны разыгрываюцца сёння на медыйным полі, дзе менавіта мы, журналісты, стаім на перадавой, змагаючыся з інфармацыйнымі выклікамі. Данесці праўду, калі вакол столькі хлусні, – вось наша асноўная задача сёння. І мы, байцы інфармацыйнага фронту, рэагуем на кожны выклік, выбудоўваем новую сістэму зносін з чытачом, каб журналісцкаму слову, як і раней, верылі, бо яно служыць дабру, справядлівасці і творчасці. А рэальны вобраз носьбіта інфармацыі, заўсёды адкрытага да дыялогу, з уласным меркаваннем, жывым аўтарскім поглядам, не прыхаваны “ў сетцы” за мемам ці фэйкам, ён усім добра вядомы, аўтарытэтны і, што называецца, свой.

Таму, паважаныя калегі і аднадумцы, сённяшнія і былыя, хто аддаў і аддае гады свайго жыцця журналісцкай справе, якая, шчыра кажучы, стала для кожнага з нас не проста месцам працы ці радком уласнай біяграфіі, а лёсам – са святам! Дзякуй вам за самаадданае служэнне “раёнцы”.

Упэўнена, што дзень друку лічаць сваім святам і нашы пазаштатныя аўтары. Таму, са святам і вас, нашы аднадумцы і заўзятары пяра. І, вядома ж, мы віншуем са святам і вас, нашыя шаноўныя чытачы. Шчыры дзякуй вам за давер і падтрымку, за неабыякавасць і адваротную сувязь, за канструктыўную крытыку і дзейсныя парады. Ведайце: мы працуем і стараемся для вас, каб прапанаваць якасны і цікавы кантэнт, разнастаіць рэчаіснасць. Няхай Дзень друку заўсёды будзе нашым агульным святам, а шчырае і вернае сяброўства нам у гэтым дапаможа.

Дзень за днём! Заўсёды!

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о