Надзейны праваахоўнік і шчаслівы сем’янін

0
742

Напярэдадні прафесійнага свята праваахоўнікаў мы пагутарылі з капітанам міліцыі, участковым інспектарам Яўгеніем Дамасевічам. На рабоце малады мужчына – прадстаўнік правапарадку, які годна выконвае свае абавязкі і ведае кожнага жыхара, што пражываюць у падначаленых яму сельсаветах, а дома – шчаслівы бацька пецярых дзяцей.

“Мой участак знаходзіцца ў межах Капцэвіцкага, Бабуніцкага і Грабаўскага сельсаветаў, у кожным з якіх пражывае да 2,5 тысяч чалавек, а гэта два дзясяткі населеных пунктаў.
Заступіўшы на службу, пасля інструктажу, я накіроўваюся на ўчастак, дзе даводзіцца працаваць па даручэннях і вызначаных матэрыялах, але асноўная частка нашай работы – прафілактыка правапарушэнняў. Зараз, напрыклад, у час абходаў домаўладанняў, даводзіцца тлумачыць людзям пра новыя віды махлярства, якія зламыснікі ажыццяўляюць з дапамогай мабільнай сувязі і інтэрнэта.
Вядома, асаблівая ўвага прыпадае на грамадзян, якія парушаюць грамадскі парадак. У цэнтрах сельсаветаў пад кантролем недзе па дзясятку домаўладанняў, за якімі нагляд ажыццяўляецца з павышанай пільнасцю, – расказаў Яўгеній Мікалаевіч.

Але ёсць і станоўчыя прыклады. Так, адна з жанчын была, як кажуць, у кроку ад прорвы: алкаголь, безадказныя адносіны да сям’і, як следства – пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Але грамадзянка здолела ўзяць сябе ў рукі, выправіцца і вярнуць дзетак. На вялікі жаль, далёка не кожны грамадзянін, што трапляе ў падобную сітуацыю, знаходзіць потым сілы, каб стаць на шлях выпраўлення”.
Па-за працай Яўгеній Дамасевіч, які жыве ў вёсцы Галубіца, увесь вольны час прысвячае сям’і. Разам з жонкай Таццянай яны выхоўваюць пяцёра дзетак: Ягора, Ксенію, Станіслава, Кірыла і Аляксандру. Акрамя гэтага, маладыя людзі трымаюць яшчэ і невялікую гаспадарку.

“Жонка разумее складанасці маёй прафесіі і нягледзячы на тое, што я часам вяртаюся дадому позна, заўсёды падтрымлівае мяне.
Карыстаючыся выпадкам, сваім калегам жадаю здароўя, дабрабыту ў іх сем’ях. Што тычыцца службы, то галоўнае, акрамя добрасумленнага выканання абавязкаў, памножыць каштоўны вопыт і, вядома, падтрымліваць тыя годныя прафесійныя адносіны, што склаліся ў нашым калектыве”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о