Амела на дрэве: час біць трывогу

0
1072

На апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан агучыў праблему павелічэння колькасці заражаных амелай дрэў, якія сёння нярэдка можна сустрэць на вуліцах горада і раёна.

– Амела ўжо ўсюды: на тэрыторыі гарадскіх вуліц, унутрыдваровых тэрыторыях шматпавярховак, арганізацый, устаноў адукацыі! Трэба з гэтым нешта рабіць, – паставіў задачу кіраўнік раёна.
Так, вечназялёная расліна амела даўно ўжо не экзатычная ў Беларусі. Глабальнае пацяпленне і пагаршэнне экалагічнай сітуацыі спрыяе яе распаўсюджванню. Паражае амела амаль усе віды гарадскіх насаджэнняў: бярозу, таполю, вярбу, сустракаецца і на пладовых дрэвах.
У сетцы інтэрнэт пра амелу шмат супярэчлівай інфармацыі. Наколькі вялікая шкода амелы з пункту гледжання экалогіі і як з ёй змагацца – гэтыя і іншыя пытанні мы задалі начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Івану МІЦУРУ:
– Амела белая не ўваходзіць у пералік відаў раслін, распаўсюдж-ванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню згодна з пастановай Савета Міністраў ад 7 снежня 2016 года № 1002 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання распаўсюджвання і колькасці відаў раслін”. Гэта сімбіёзная расліна сама па сабе не можа існаваць, бо не мае каранёвай сістэмы. Амела атрымлівае “ежу”, пасяляючыся на дрэве-гаспадары, прыгнятае яго рост, што праз пэўны час прыводзіць да паступовага разбурэння драўніны і высыхання дрэва. У выпадку з пладовымі дрэвамі адбываецца тое ж самае: яно хварэе, слабее, зніжаецца ўраджайнасць. А пры неспрыяльных умовах надвор’я, такіх як моцны вецер, пашкоджанае амелай дрэва нясе яшчэ і пагрозу для людзей і іх маёмасці.

– Чаму адны дрэвы паражаны амелай, а побач стаяць абсалютна здаровыя. Як такое можа быць?

– Амела паражае аслабленыя дрэвы. Калі дрэва здаровае, а адна галінка, напрыклад, аслабленая, амела “паселіцца” на ёй. Цікава, што пладаносіць, а значыць і заражаць дрэвы, амела пачынае далёка не ў першы год жыцця. Пабегі з лісцікамі з’яўляюцца праз год. Вялізныя кусты, якія мы часцей за ўсё бачым на дрэвах, – сведчанне таго, што амела расце ўжо каля дзесяці гадоў. Прычым змагацца з распаўсюджваннем яе чамусьці не спяшаюцца нават гаспадары прыватных сядзіб.

– Як трэба змагацца з амелай? Ці дапаможа ў гэтым выпадку абразанне заражаных галін?

– Змагацца, канешне, трэба. Але адной з асноўных мер па зніжэнні распаўсюджвання амелы можна лічыць высаджванне неўспрымальных да яе парод ці тых, да якіх яна схільная ў меншай ступені – ліпа, клён, дуб, іглічныя. А на тых дрэвах, дзе амела ўжо пасялілася, найбольш эфектыўным спосабам барацьбы з ёй з’яўляецца абразанне амелы разам з заражанымі галінамі.

– Атрымліваецца, што цяпер, пакуль не пачаўся рух соку, самы аптымальны час заняцца абрэзкай заражаных галін. У чыёй зоне адказнасці барацьба з амелай?
– Адпаведна рашэння раённага выканаўчага камітэта, КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” вызначана ўпаўнаважанай арганізацыяй у галіне азелянення, якая ажыццяўляе абыходжанне з аб’ектамі расліннага свету, якія растуць у межах зямельных участкаў або водных аб’ектаў на тэрыторыі раёна, не прадастаўленых юрыдычным асобам або грамадзянам. На тэрыторыях сельсаветаў у пытанні навядзення і падтрымання парадку, а значыць і ачысткі зялёных насаджэнняў ад шкоднай расліннасці, адказныя сельвыканкамы, на прыватных тэрыторыях – гаспадары домаўладанняў, на тэрыторыях устаноў і арганізацый – адпаведныя адказныя асобы.

 

  • Каментарый у тэму
    Як паведамілі ў КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”, камунальныя службы з мінулага года мэтанакіравана займаюцца абрэзкай амелы ў горадзе. Яе выдаляюць і падчас планавага фармовачнага або санітарнага абразання. Працэс гэты ідзе маруднымі тэмпамі з-за фінансавых абмежаванняў. Пры гэтым абрэзаць амелу ў прыватных дварах камунальныя службы гатовыя па звароце грамадзян на платнай аснове.

З амелай усё зразумела, адкрытым застаецца пытанне – хто ў адказе за яе далейшае імклівае распаўсюджванне? Відавочна, што ўсім, хто мае на сваіх тэрыторыях заражаныя дрэвы, трэба паскарацца. Ці мы будзем чакаць, калі замест паражанай галіны давядзецца зрэзаць цалкам дрэва? Аднак, не хацелася б…

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о