На п’едэстал узняліся валейбалісты трох раёнаў

0
273

У суботу, 4 лістапада, у спартыўнай зале ДЮСШ Петрыкаўскага раёна прайшоў 52-гі адкрыты кубак Петрыкаўскага райвыканкама па валейболе, прысвечаны памяці Героя Савецкага саюза Мікалая Чалага.

На п’едэстал узняліся  валейбалісты трох раёнаў

З самага ранку паркоўка каля фізкультурна-аздараўленчай залы поўнілася транспартнымі сродкамі. Яно і зразумела, бо акрамя гарадскіх каманд – спартыўнага клуба “Шапэн” і сярэдняй школы № 1, на спаборніцтвы прыбылі дружыны з населеных пунктаў раёна, дзе беражліва захоўваюцца валейбольныя традыцыі – Брынёва і Капцэвічаў. Таксама ў турніры ўзялі ўдзел валейбалісты з суседніх райцэнтраў – Жыткавічаў і Лельчыцаў.

Кубак праходзіў па кругавой сістэме. Акрамя працяглай дыстанцыі спаборніцтваў інтрыгі дадавала і сістэма налічэння ачкоў: калі каманда прайгравала, як то кажуць “у сухую”, то ачкоў не атрымлівала, за паражэнне з лікам па партыях 1:2 дружына ўжо заносіла на свой спартыўны рахунак адзін бал. Два ачкі каштавала перамога з вынікам 2:1, ну а калі калектыў спраўляўся з апанентамі з лікам 2:0, то яго актыў папаўняўся адразу трыма баламі. Такім чынам, усе валейбалісты намагаліся паказаць лепшую гульню і не збаўляць тэмп нават на хвіліны, бо паслабленне нават на некалькіх падачах магло каштаваць партыі і, як следства, страчанага ачка.

На п’едэстал узняліся  валейбалісты трох раёнаў

З цягам часу ў турніры вылучыліся свае фаварыты і аўтсайдары. Так, не здолелі забяспечыць сабе перамогі ні ў адной партыі спартсмены з першай гарадской школы. Без ачкоў калектыў установы адукацыі аказаўся на апошнім радку выніковай табліцы. Што да сяльчан, то і брынёўцы, і прадстаўнікі Капцэвіцкай сярэдняй школы набралі па балу ў гульні з камандай з Лельчыцаў, але засталіся без ачкоў пасля сустрэчы з жыткаўчанамі. Спартсмены з Брынёва былі мацнейшымі за валейбалістаў з клуба “Шапэн”, абыграўшы іх з лікам 2:1, у той час, як капцэвіцкія хлопцы не вытрымалі ціску петрыкаўскай каманды, аддаўшы ёй тры ачкі.

Што да дружыны “Шапэн”, то яна здолела ў дзвюх партыях абыграць сапернікаў з суседняга заходняга горада і мела ў рэшце 10 балаў – тры сухія перамогі і ачко з паражэння 1:2 ад клуба “Брынёў”.
Столькі ж балаў было ў актыве калектыву з Лельчыцаў, але “гатунак” гэтых дзесяці ачкоў быў больш ураджайным на перамогі – дзве “сухія”, але і дзве “размочаныя”. Таму “Шапэн”, пры аднолькавай колькасці балаў, аказаўся ў выніку на трэцім месцы, у той час як лельчыцкая дружына ўзяла “срэбра” спаборніцтваў.

Перамогу ж святкавала каманда з Жыткавіччыны, што пацярпела толькі ад петрыкаўчан, але ў астатніх чатырох сустрэчах набрала максімальную колькасць ачкоў – 12.
Лепшымі ігракамі ў той дзень былі прызнаныя Юрый Грэнка з клуба “Шапэн”, Арцём Бараноўскі з Лельчыцаў і Анатоль Даўжонак з Жыткавічаў. У размове з гасцямі Петрыкаўшчыны высветлілася, што валейбольных турніраў у Лельчыцкім раёне праводзіцца прыкладна столькі ж, як і ў нашым, таму аматары гэтай каманднай гульні з вялікім задавальненнем наведваюць іншыя рэгіёны і запрашаюць у госці на свае спаборніцтвы.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о