Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

0
616

Сучасная сям’я ў Беларусі – гэта, у большай ступені, адказная, любячая і клапатлівая ячэйка грамадства. А як шмат годных прыкладаў сем’яў, якія прайшлі праз цяжкасці, але захавалі любоў і павагу адзін да аднаго; шматдзетных, якія выхавалі ганаровых грамадзян краіны. На іх і трэба раўняцца.

Улічваючы, з якім ціскам сутыкнулася наша краіна, калі на нас абрынуліся непатрэбныя заходнія каштоўнасці, падыход дзяржавы да сямейнай палітыкі: калі сям’я для дзяржавы, а дзяржава для сям’і – стаў яшчэ больш скрупулёзным.
Нашы сённяшнія героі – людзі неверагодна сціплыя, якія не любяць выстаўляць сябе на паказ. Дарэчы, распаўсюджаная характарыстыка беларусаў – жыць ціха, акультурваючы свой дом, наладжваючы побыт. Мір і спакой – тое, што так важна кожнаму грамадзяніну нашай краіны.

Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

Таццяна і Яўген Дамасевічы пазнаёміліся ў 2010 годзе на адной з дыскатэк у вёсцы Макарычы. Дзяўчына тады ўжо працавала на ЭЛПГ “Ляскавічы” фасоўшчыцай, а хлопец быў студэнтам адной з Гомельскіх ВНУ.

Таццяна адразу для сябе адзначыла, што чалавек менавіта той, які ёй патрэбны. Зносіны завязаліся лёгка, а праз час пара вырашыла, трэба сваё каханне аформіць па законе. Распісаліся. Дзіўна не толькі для саміх герояў, але і для іх блізкіх, што маладыя з цягам часу сталі бацькамі пецярых дзяцей.

“У нас не было сур’ёзнай размовы пра тое, колькі павінна быць у сям’і дзяцей. Усё ішло паступова. І нараджэнне наступнага дзіцяці было справай само сабой зразумелай, – пачала размову шматдзетная маці. – Я нават скажу, што з адным дзіцем цяжэй, чым з пяццю.

Мы адно цэлае. Так, у кожнага ёсць свае інтарэсы і абавязкі, але ў любых складаных абставінах мы вырашаем усё арганізавана, разам. Мне прыемна бачыць, як дзеці – Ягор, Ксенія, Станіслаў, Кірыл і Аляксандра – клапоцяцца адзін пра аднаго, жадаюць падзяліцца тым, што лічаць важным.

Што для мяне важней за ўсё? Каб дзеці былі здаровыя, вясёлыя, каб было шмат нагоды для радасці. Тата ў нас адказны за выхаванне, ён умее дзіцяці на яго мове растлумачыць сур’ёзныя тэмы.

Улетку мы любім бавіць час на рэчцы, Прыпяць у нас вельмі маляўнічая. Маё хобі – лес, дзе я за зборам ягад улетку медыцірую, далучаю старэйшых дзяцей таксама да збору чарніц. Стас, сярэдні сын, больш любіць займацца гаспадаркай, ён і курак дагледзіць, і гусей, і з татам трактар на выходных парамантуе. Гаворыць, будзе трактарыстам. Што ж, паглядзім.

Я поўнасцю рэалізавала сябе ў ролі маці. Так, было і нялёгка, калі дзеткі былі маленькімі, але зараз яны ўжо самастойныя. На дадзены момант мне важна падняць самае малодшае дзіця, якому чатыры гадкі, таму я пакуль не працую. Свае планы буду рэалізоўваць крыху пазней”.
Таццяна расказала, што разам з мужам яны пабудавалі вялікі дом у Галубіцы – вёсцы, дзе нарадзіўся і вырас муж.

“Яўгеній вельмі жадаў жыць у роднай вёсцы. Ды і мне сельскае жыццё падабаецца: чыстае паветра, побач з домам градкі, гаспадарку лягчэй трымаць. А прырода якая ў нас прыгожая!”

Яўген працуе ўчастковым інспектарам у званні капітана міліцыі. Так, работа ў яго складаная, патрабуе працяглы час быць на службе, аднак жонка ўсё разумее і падтрымлівае.

Шматдзетная маці адзначыла, што ў доме пануе атмасфера ўзаемаразумення. Гэта важны падмурак, каб дзецям было на што абаперціся ўжо ў дарослым жыцці.
“Раніцай усё раз’язджаюцца: хто ў школу, хто ў садок, а хто на працу. Вечарам жа ў хаце зноў шумна і весела – уся сям’я ў зборы, чакаем тату з працы і вячэраем, – пазнаёміла нас з распарадкам дня Таццяна і тут жа падзялілася галоўным правілам сваёй сям’і: – Адзін за ўсіх і ўсё за аднаго”.

Сёння вялікай сям’і Дамасевіч складана ўявіць сваё жыццё адзін без аднаго, што лёс мог скласціся іншым чынам. Таму і дзякуюць яны жыццю, што ёсць адзін у аднаго. А тое, што іх каханне памножылася на пяць – вялікае шчасце.

Адзначым, што днямі прай-шоў конкурс “Лепшая сям’я Петрыкаўшчыны”. Тры сям’і – Картыннік, Шатырыных і Дамасевіч – змагаліся за прызавое месца. Суддзі ацэньвалі актыўнасць канкурсантаў, харызму, камандны дух маладых бацькоў.
У выніку лепшай сям’ёй раёна была прызнана сям’я Дамасевіч. Нашы героі будуць прадстаўляць раён на абласным этапе “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны – 2023”.

Пажадаем ім поспехаў. А ў конкурсе на сямейнае шчасце яны ўжо адсвяткавалі перамогу.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о