29 студзеня, аднаму з самых тытулаваных спартсменаў сталага пакалення Петрыкаўшчыны спаўняецца 75 гадоў. Мікалай Хамец і сёння знаходзіцца ў неблагой форме, захапляецца калекцыяніраваннем. Мужчына, а назваць гэтага падцягнутага і моцнага чалавека “дзядулем” язык не паварочваецца, з юнацтва штодзень вядзе асабісты дзённік.

Спартыўнай хадою да майстра спортуПерагортваючы старонкі чарговага сшытка, суразмоўца адзначае: “Гэта звычка з’явілася дзякуючы спорту. Я пазначаў нагрузку, сваё самаадчуванне, вынікі. Такая практыка была вядомая, але выкарыстоўвалі яе тады адзінкі. Вось і па сёння захаваў гэтую звычку. У дзённіках маіх зараз, зразумела, ужо не спартыўныя дасягненні, а рэаліі паўсядзённага жыцця – надвор’е, планы, падзеі.

Я быў восьмым дзіцям у сям’і. Усе мы, дзеці да- і пасляваенных гадоў, прайшлі праз вядомыя цяжкасці. Мой бацька вярнуўся з вайны без рукі і першае маё спартыўнае захапленне цяжкай атлетыкай было звязана не толькі з яскравымі прыкладамі Івана Самахвалава, якога я лічу сваім першым трэнерам, але і з тым, што дапамога бацькам па гаспадарцы была звязана з цяжкай фізічнай працай. Бацька, між іншым, і без рукі быў выдатным сталяром, узначальваў брыгаду і будаваў хаты па ўсіх навакольных вёсках”.

Вучыўся Мікалай выдатна, захапляўся спортам: спачатку шашкамі, потым штангаю. Пасля сямігодкі ў Макарычах, навучаўся у першай школе горада Петрыкава. Скончыўшы, паступіў на трэці курс вячэрняга аддзялення Рыжскага будаўнічага тэхнікума, паралельна працаваў на электратэхнічным заводзе “ВЭФ”. Зноў пачаў займацца штангай. Меў трэцяе месца па цяжкай атлетыцы сярод завадчан, другое месца на першынстве Рыгі і чацвёртае ў Латвійскай ССР. “Атрымаў ІІІ разрад, і з’явілася ў мяне мара стаць першаразраднікам” – падзяліўся Мікалай Хамец.
Мікалай Міхайлавіч атаясамлівае сябе з мнагаборцам, падабалася яму і лёгкая атлетыка, і гіравы спорт. Менавіта на гэтыя дысцыпліны і звярнуў увагу малады чалавек у час службы ў Савецкай Арміі. Вырашыў паступаць у Ленінградскі інстытут фізічнай культуры імя Лесгафта.

У якасці профільнага віду спорту выбраў кіданне дыска і па экзамене ў гэтай дысцыпліне атрымаў тройку. “Не тымі відамі спорту я займаўся! Для штангі я вельмі высокі, а для дыска я, наадварот, малаваты ростам”.

На наступны год Мікалай вырашыў паступаць у якасці бегуна на сярэднія дыстанцыі. Атрыманая чацвёрка вымушала здаваць астатнія іспыты па фізіцы і хіміі на “выдатна”, трэба было добра падрыхтавацца. Малады чалавек вырашыў, што прыкладзе ўсе намаганні, будзе сядзець уначы, але вышэйшыя балы атрымае. А калі гэта адбудзецца, да помніка вялікім хіміку Мендзялееву і фізіку Папову ўскладзе кветкі. Праз пэўны час два букеты ляжалі на абяцаных месцах.

“З часам я пачаў адчуваць, што бег даецца мне цяжкавата. Атрымаўшы такі жаданы першы разрад, давялося прыпыніцца для выбару новага профільнага віду спорту – хады”.

Студэнт пазнаёміўся з трэнерам Сяргеем Бандарэнкам, а поспех не прымусіў чакаць – праз месяц трэніровак вынікі адпавядалі патрабаванням І разраду. Затым трапіў на зборы ва ўкраінскі Вужгарад. Пасля спаборніцтваў таварышы гатовыя былі ўзняць Мікалая на рукі: “Ты здзейсніў цуд, з ІІ-ім разрадам паказаў вынік кандыдата!”, – а ён толькі адчуваў спартыўныя злосць і горыч, бо на дыстанцыі ў паўтары гадзіны не хапіла 38 секунд да часу, што адпавядае ўзроўню майстра спорту.

Урэшце, 28 кастрычніка 1972 года на першынстве СССР сярод Узброеных Сіл званне майстра спорту скарылася спартсмену. У 73-м годзе пачаўся спартыўны росквіт атлета. Узрасталі і амбіцыі: на мэце хлопца з Макарычаў з’явілася новая вяршыня – алімпійскія гульні ў Манрэалі.

– Але раскатаў я губу! Размеркаваўся ў Ліпецк, бо заробак і ўмовы былі годнымі. Аднак, акрамя мяне, там хадакоў не было, інтарэсы таксама мае мала хто падзяляў. З каронных дыстанцый у 10-20 кіламетраў, мяне перавялі на 50, што дрэнна адбілася на выніках. Да гэтага і маці ў родных Макарычах патрэбен быў догляд, – адзначыў Мікалай Міхайлавіч.

У 1974 годзе Мікалай вярнуўся на малую радзіму. Спачатку быў інструктарам фізічнай культуры спартыўнага таварыства “Ура-джай”. Выступаў за Петрыкаўшчыну па розных відах спорту. Мінула чатыры гады і адбыўся чарговы ўсплёск – спартсмен вярнуўся ў форму мастра спорту, але на жаданыя спаборніцтвы не трапіў і потым спартыўныя кандыцыі паступова згасалі, хаця на аматарскім узроўні форму Мікалай Міхайлавіч падтрымліваў працяглы час.
Асноўным месцам работы стала школа, спачатку другая гарадская, потым – першая, а затым – Макарыцкая. Паралельна вёў секцыю ў Клубе юных маракоў. Сем гадоў яшчэ давялося папрацаваць вадалазам.

Ажаніўся позна, у 38 гадоў. І гэта, па меркаванні суразмоўцы, не вельмі добра. З жонкай Тамарай выхавалі трох сыноў – Антона, Міхаіла і Івана, ёсць і ўнукі.
– Праз мяне прайшло мноства вучняў, многія атрымалі разрады. Некаторыя мае выхаванцы былі больш таленавітыя за мяне, але са спортам сябе не звязалі. Я ж яшчэ ў 64 гады здолеў выйграць спаборніцтва па гірах на абласной спартакіядзе ветэранаў. Ды і ў Петрыкаве выпадала перамагаць дзяцей сваіх аднагодак. Зараз гады бяруць сваё, таму больш займаюся шашкамі.

Нам застаецца падзякаваць Мікалаю Міхайлавічу за размову і пажадаць моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Вашыя гады яшчэ не бяды, бо ўсё жыццё поруч са спортам!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о