Лыжні хапіла ўсім!

0
391

У суботу, ва ўрочышчы Гарыцы, што бліз Петрыкава, прайшлі лыжныя гонкі ў праграме ХХ-ай раённай спартакіяды сярод калектываў арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і сельскіх выканаўчых камітэтаў Петрыкаўшчыны.

Лыжні хапіла ўсім!Спаборніцтвы сабралі рэкордную колькасць удзельнікаў: на старт выйшлі ажно 24 лыжныя каманды. Са стартам павіншавала спартсменаў намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, пажадаўшы ўсім добрага настрою і моцнага здароўя.
Першымі на старт лыжных гонак выйшлі прадстаўніцы прыгожай паловы, якія спаборнічалі на дыстанцыі ў кіламетр. Вядома, некаторыя ўдзельніцы прайшлі гэтую дыстанцыю ў зручным для іх тэмпе, каб атрымаць асалоду ад зімовага надвор’я. Іншыя ж разлічвалі крыху паднаціснуць, каб аказацца ў сярэдзіне выніковага табелю і заняць больш высокае каманднае месца. Ну і, вядома, былі і лыжніцы, якія мэтанакіравана нацэльваліся на прызавы вынік.

Здавалася, што хіба не кожная ўдзельніца дасягнула сваёй мэты, прынамсі ўсе паспяхова дабраліся да фінішу. Трэцяе месца на кіламетровым адрэзку заваявала Зінаіда Беламутава, што бараніла спартыўны гонар другой гарадской школы, другі вынік паказала Сняжана Казловіч са Смятаніцкай сярэдняй школы, а чэмпіёнкай турніру стала Варвара Хоміч з петрыкаўскай гімназіі.

Больш напружаная барацьба распачалася сярод мужчын, якія паказвалі сваю хуткасць на дыстанцыі ў два кіламетры. Шпаркі старт, упэўнены рух на дыстанцыі і не менш інтэнсіўная работа на фінішным адрэзку абумовілі жорсткую канкурэнцыю сярод лыжнікаў. Па словах суддзі-хронаметрыста, розніца ў выніковым часе паміж першым і пятым месцам склала каля сямі секунд. Балазе стартавалі ўдзельнікі дзвюма групамі.
Такім чынам, бронзавым прызёрам забегу стаў Сцяпан Браім з нацпарку «Прыпяцкі», другі час быў зафіксаваны на фінішы ў Анатоля Дамасевіча з «Беларусбанку», а перамогу ў мужчынскім забегу святкаваў Сяргей Корж з ЦРБ.

У агульнакамандным заліку трэцяя прыступка п’едэстала ў той дзень скарылася прадстаўнікам ААТ «Беларусбанк», другі агульнакамандны вынік паказалі лыжнікі з другой гарадской школы, а перамогу святкавалі спартсмены з Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о