Чарговы, 25-ты тур першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе прайшоў для петрыкаўскага “Шахцёра” на хатняй арэне фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Прыпяць”. На гэты раз жоўта-чорныя мераліся сіламі з гомельскім “Лакаматывам”.

Паўтараючы сумны вопыт:  выдаленне, пенальці…Стала відавочным, што нестабільная “калійная” дружына ніяк не жадае падпарадкоўвацца прагнозам і статыстыцы: то абыграе ў гасцях “Дняпро” і тут жа саступіць дома “Слоніму-2017”… Апрача гэтага, вынікі апошніх матчаў нібы падказваюць, што для “Шахцёра” слабых сапернікаў не існуе, таму скарбонка клуба за апошнія чатары сустрэчы ўзбагацілася толькі адным ачком за нічыю з пінскай “Хваляй”.
Ад будучай хатняй гульні з “чыгуначнікамі” грандыёзных вынікаў чакаць не выпадала: у першым крузе каманды разышліся безгалявой нічыёй, другая сустрэча скончылася з вялікай перавагай на карысць гамяльчан – 5:2. Дзеля аб’ектыўнасці трэба заўважыць, што апошняя гульня магла б скончыцца інакш, калі б не грубасць у сваёй штрафной з боку “Шахцёра”, што была пакарана выдаленнем і пенальці на пачатку другога тайма, пасля чаго гульня жоўта-чорных у меншасці, мякка кажучы, расклеілася.
Увогуле, ад матча можна было чакаць роўнай, шчыльнай гульні з неблагім тэмпам на працягу ўсяго часу. Ці адпавядалі гэтыя прагнозы рэчаіснасці?
Выдатнае надвор’е, традыцыйная размінка – і гульня пачалася. З першых хвілін “Лакаматыў” не марудзіў у атацы, правяраючы брамніка “Шахцёра” Аляксея Станкевіча з сярэдніх дыстанцый. Можна было назіраць, як “чыгуначнікі” раз за разам прыстасоў-ваюцца да гульні з “салевікамі”, арганізоўваючы ўсё больш вострыя праходы да варот саперніка, а вось апошнія наўпрост мантачылі свае патэнцыяльныя моманты то недакладнымі перадачамі, то ўдарамі ў “малако”. На 36-й хвіліне чарговая атака гасцей аказалася выніковай з-за сваёй нечаканасці. Футбаліст “Лакаматыва” прабіў левай нагою з самай стужкі штрафной, метраў з 18-ці, трапіўшы ў левую “дзявятку” – 0:1. “Прачнуўшыся”, “Шахцёр” пачаў націскаць, але шэраг атак да выпраўлення сітуацыі не прывёў і каманды пайшлі на перапынак.
У першыя 15 хвілін другой паловы мяч хістаўся паміж штрафнымі сапернікаў, пакуль на 60-й хвіліне, пасля доўгага розыгрышу штрафнога, снарад не трапіў да Кірыла Гетманчука, што адыгрываў на падборы – 1:1.
Праз чатыры хвіліны небяспечная сітуацыя наспявала ўжо ў штрафной “Шахцёра” і тут паўтарыўся сумны вопыт мінулай сустрэчы з “Лакаматывам”: абаронца гаспадароў спачатку трымаў за майку, а потым і наўпрост паклаў “чыгуначніка” на пляцоўку, за што быў пакараны выдаленнем, а ў вароты жоўта-чорных быў назначаны 11-метровы. Аляксей Станкевіч не адгадаў напрамак кірунку мяча, кінуўшыся да правага кута, у той час як круглы нетаропка лунуў у левы – 1:2.
Госці пачалі націскаць, нават стварылі некалькі блізкіх да галявых момантаў, але павялічыць адрыў не здолелі – сказвалася стома. Бліжэй да канца гульні, сабраўшы апошнія сілы, усё небяспечней пачаў адказваць “Шахцёр”. Падчас апошняй атакі ў штрафную гасцей прыйшоў нават галкіпер “салевікоў”, але намаганні не далі плёну і гамяльчане выйшлі з гэтага супрацьстаяння пераможцамі.
“Калійшчыкі” засталіся на звыклым ужо 8-м месцы, але дагнаць бліжэйшых канкурэнтаў, наваполацкі “Нафтан”, “Шахцёру” будзе больш складана – клуб з Поўначы Беларусі мае на 6 ачкоў болей. Ніжэй петрыкаўскага калектыва размясцілася “Орша”, што саступае “жоўта-чорным” 5 ачкоў. Наступны матч каманда правядзе заўтра менавіта ў Оршы, а ў наступную нядзелю, 17 кастрычніка, згуляе дамашнюю гульню з футбольным клубам “Ліда”. Пачатак сустрэчы запланаваны на 15:30, сачыце за аб’явамі, усім футбола!
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о