Сям’я – аснова стабільнасці і надзейнасці

0
238

На жаль, з гадамі тэма сацыяльнай неблаганадзейнасці ў сем’ях не страчвае сваёй актуальнасці і на сацыяльна-педагагічныя цэнтры ўскладзена важная задача: своечасова выявіць такія факты, вярнуць дзецям спакойнае жыццё, працягнуць руку дапамогі бацькам. Як ідуць справы на Петрыкаўшчыне па рэалізацыі Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, мы пагаварылі з дырэктарам сацыяльна-педагагічнага цэнтра Петрыкаўскага раёна Аленай Макарэвіч.

Сям’я – аснова стабільнасці і надзейнасці

– Алена Адамаўна, як выяўляюцца сем’і, дзеці якіх прызнаюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Колькі сем’яў маюць дадзены статус у нашым раёне?
– На Петрыкаўшчыне створаны алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння па выяўленні неблаганадзейнасці, у якім цесна звязаны ўсе структуры, арганізацыі, установы, якія сутыкаюцца з сям’ёй. За мінулы год у сацыяльны цэнтр паступіла 126 паведамленняў, якія патрабабавалі рэагавання. Па 117 праведзены сацыяльныя расследаванні, па 2-х яшчэ не завершаны. Найбольшая частка паведамленняў паступіла з устаноў адукацыі – 78, РАУС – 23, ЦРБ – 9, ад грамадзян – 7. У Петрыкаўскі раённы каардынацыйны савет за 2023 год паступіла 48 матэрыялаў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы, адхілена – 1. Значную работу па выяўленні праблемных сем’яў выконваюць назіральныя камісіі пры сельскіх выканаўчых камітэтах – такіх у раёне 17, а таксама правядзенне акцыі “Сям’я без гвалту”. Што датычыцца колькасці, то летась выяўлена 89 непаўналетніх з 36 сем’яў, якіх прызналі ў сацыяльна небяспечным становішчы. На пачатак бягучага года на ўліку знаходзіцца 62 непаўналетнія з 28 сем’яў.

– Якія асноўныя прычыны неблаганадзейнасці?
– Самая галоўная прычына – у бацьках, і ў большасці выпадкаў гэта праблемы з алкаголем. На жаль, у нас нямала законных прадстаўнікоў, якія ўхіляюцца ад сваіх прамых абавязкаў, пакідаюць дзяцей адных альбо на старонніх, не клапоцяцца пра тое, ці сытыя дзеці, ці здаровыя. Не заўсёды забяспечваецца нагляд за паводзінамі непаўналетніх, баўленнем іх вольнага часу, у выніку чаго апошнія здзяйсняюць правапарушэнні або злачынствы. У сваёй рабоце мы імкнемся выкарыстаць усе магчымыя спосабы ўздзеяння на бацькоў. Але трэба разумець, што вынік залежыць ад таго, наколькі самі законныя прадстаўнікі зацікаўлены ў вяртанні да нармальнага жыцця.

– Ці часта атрымліваецца нармалізаваць сітуацыю ў сям’і? Калі гэтага не адбываецца, які далейшы лёс дзяцей?
– Калі да нас паступае сігнал пра магчымыя праблемы ў сям’і, мы адразу пачынаем сацыяльнае расследаванне, узаемадзейнічаем з іншымі ведамствамі і арганізацыямі з мэтай своечасовага аказання дапамогі бацькам. Як прыклад – рэкамендуем звярнуцца да ўрача-нарколага для лячэння, прапануем навесці парадак у домаўладанні, садзейнічаем у працаўладкаванні. На многіх бацькоў адабранне дзяцей ў якасці крайняй меры аказвае неабходнае ўздзеянне: аднойчы спатыкнуўшыся, яны вяртаюцца да нармальнага ладу жыцця. Для нармалізацыі сітуацыі за мінулы год спецыялістамі было арганізавана 597 наведванняў сем’яў, знята з уліку 66 дзяцей з 25 сем’яў.
Праўда, далёка не заўсёды бацькі, якія, здавалася б, зразумелі свае памылкі, могуць выстаяць перад новай спакусай. Як правіла, такія грамадзяне пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў. За студзень-снежань 2023 года 10 непаўналетніх з 8 сем’яў былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У выніку прафілактычнай работы суб’ектамі прафілактыкі назіраецца станоўчая дынаміка ў 7 сем’ях. За мінулы год пазбаўлена бацькоўскіх правоў 5 бацькоў у дачыненні да 8 непаўналетніх, у біялагічныя сем’і вярнуліся 2 непаўналетнія, устаноўлена апека над 3 непаўналетнімі з 2 сем’яў, 9 непаўналетніх з 7 сем’яў накіраваны ў прыёмныя сем’і.

– Што б вы хацелі сказаць бацькам, якія аднойчы выбралі не тыя жыццёвыя арыенціры?
– Трэба памятаць: пры жаданні з любой, нават самай складанай сітуацыі, заўсёды можна знайсці выйсце. Галоўнае – не апускаць рукі і верыць, што ўсё атрымаецца. Мы, у сваю чаргу, дапаможам бацькам, каб у іх сем’і вярнулася цеплыня, адчуванне бяспекі, разуменне і жаданне клапаціцца адзін пра аднаго.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о