29 сакавіка — адбылася жудасная гадавіна: 80 гадоў таму фашысты спалілі сумна вядомую на Петрыкаўшчыне вёску Хвойня. 3078 чалавек з навакольных населеных пунктаў загінула падчас гэтага акту генацыду.

Гадавіна болю...

Атрымліваю заданне рэдакцыі, а рука замест “Хвойня” намагаецца напісаць “Хатынь” і атаесамленне тут, здаецца, зразумелае: розныя населеныя пункты краіны звязаныя да жудасці падобным лёсам.
Мінула вайна, але Хвойня так і не аправілася ад тых сумных падзей. Ніколі пасля вайны колькасць насельніцтва так і не здолела дасягнуць даваеннага ўзроўню, а ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі на вуліцах населенага пункта перасталі трапляцца дзеці, прыйшлося канстатаваць, што вёска нетаропка аджывае свой век. Разам з тым, і дагэтуль у Хвойні жыве сведка тых падзей, якой удалося ўратавацца ад генацыду.
Марыі Леўчуговай, у дзявоцтве Рэпчык, на пачатак Вялікай Айчыннай вайны было шэсць гадоў. Бацька адразу быў мабілізаваны. З цягам часу савецкі бок адступіў, і калі ў вёску прыйшлі немцы, захопнікамі было спалена некалькі хат. Папялішча засталося і ад жытла дзеда Марыі Віктараўны, пасля чаго стары перабраўся жыць да іх сям’і.
Вёска тады была вялікая: каля трох соцень двароў, школа-сямігодка. І вось ранкам 29 сакавіка 1942 года хаты пачалі абыходзіць немцы. Грукалі ў дзверы і пад пагрозай зброі выганялі людзей на вуліцу.
– Немец настаўляў на нас аўтамат, але сам быў спакойны і казаў, што нічога дрэннага з намі не здарыцца, галоўнае – каб мы хутчэй збіраліся. Такі падман, відаць, дапамагаў фашыстам скараціць час і захоўваць парадак.
Наша маці сказала, што мы хварэем на ціф, а гэтай хваробы немцы вельмі баяліся. Пэўна, каб не чапаць нас іншы раз, акупант сказаў нам заставацца ў хаце. У гэты час першую частку вяскоўцаў пачалі зганяць у вялікае гумно, якое неўзабаве падпалілі. Маладыя хлопцы выскоквалі з будынку, які хутка займаўся агнём, але праз імгненне іх касілі кулі фашыстаў. Акупанты стаялі доўга, пакуль будынак, знішчаны полымем, не прасеў, – адзначыла Марыя Віктараўна.
Потым было падпалена другое гумно, трэцяе… Выканаўшы жудасную справу, карнікі пачалі планамерна паліць хаты ў вёсцы: і пустуючыя, і тыя, дзе заставаліся людзі.
Калі немцы падышлі да жытла Рэпчык, нечакана з боку ўрочышча Рудня партызаны стрэлілі з гарматы. Фашысты вымушаныя былі адыйсці за заслону палаючых будынкаў.
– Маці зразумела, што кара нас не міне, і трэба шукаць паратунку. Скарыстаўшыся паўзай, мы ціхенька вылезлі з акна і пракраліся ў земляны пограб, што месціўся акурат за хатаю. Матуля сказала, што калі немцы зазірнуць і сюды, то яна выскачыць на фашыстаў першай, каб яе адразу забілі – маўляў, лепей так, чым глядзець, як стралаюць у дзяцей, – узгадала Марыя Леўчугова.
Па прашэсці нейкага часу карнікі падпалілі хату Рэпчык, але да пограбу не падыходзілі. Так прайшоў дзень, а ноччу, перад світаннем паспрабавалі адкрыць дзверы знутры. Снег, што ляжаў на пограбе, паплавіўся і замёрз за ноч, утварыўшы ледзяную корку. Моцна паштурхаўшы дзверы, сям’я ўрэшце выйшла на вуліцу. На шчасце, у наваколлі хадзіў вол, якога карнікі, мабыць, не паспелі “прыбраць да рук”. Скаціну запраглі ў воз і рушылі да лесу.
– Маці казала, што будзе гнаць хутка і калі перавернемся, трэба ўставаць і бегчы да лесу не азіраючыся. Дзякуй Богу, што немцаў вакол ужо не было. У лесе мы сустрэлі мужчын з навакольных вёсак, што прынеслі нам паесці паранага жыта. Так пачалося лясное жыццё, калі нас пастаянна ганялі немцы: пабудуеш курані, уцякаеш, вяртаешся – а яны разбураныя… І так па крузе, – падзялілася Марыя Віктараўна.
Мінула 80 гадоў, а сведка тых жудасных падзей памятае страшэнныя дні па хвілінах, нібы гэта адбылося ўчора. Магчыма, і хацела б забыць, але памяць не адпускае. Не адпускаюць, мабыць, і землякі, што назаўсёды засталіся там, на папялішчы. Не варта цурацца і нам гэтай памяці, бо гэтымі слязьмі палітая глеба нашай жывой гісторыі, бо памяць не дазваляе паўтараць памылак мінулага…

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о