Вялікая Айчынная вайна пераможна скончылася 9 мая 1945 года. СССР адолеў бязлітаснага ворага, выгнаў фашыстаў са сваёй тэрыторыі і вызваліў ад іх народы Усходняй Еўропы.
Шмат гора прынеслі ворагі нашай краіне. У гераічнай барацьбе савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі, былі скалечаны і сталі інвалідамі мільёны воінаў і мірных жыхароў. Гэтага наш народ ніколі не забудзе.

Памяць пра героя

Пасля заканчэння вайны шчаслівыя пераможцы вярнуліся дадому, да мірнай працы і аднаўлення народнай гаспадаркі. Сярод іх быў і наш зямляк Іван Аляксандравіч Самбук. Якім быў яго жыццёвы шлях – пра гэта і пой-дзе гаворка ў матэрыяле.
Нарадзіўся Іван Аляксандравіч 9 верасня 1924 года ў вёсцы Гарадзішча Капаткевіцкага раёна Палескай вобласці. Ён быў першынцам у шматдзетнай сям’і. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя вёска была пераселена за рыбгас Трэмля з-за будаўніцтва абарончых збудаванняў Мазыр-скага ўмацаванага раёна. Многія жыхары пажадалі пераехаць у бліжэйшыя вёскі ў акрузе. Сям’я Івана пасялілася ў вёсцы Хуснае. Жылі дружна, але раптам пасля траўмы, атрымаўшы інфекцыю, памірае бацька. І Івану давялося рана пасталець. У 16-гадовым узросце ён паехаў у Ленінград і паступіў у школу фабрычна-завад-скога навучання вучнем токара. Там навучалі, апраналі і кармілі.
Але вось яно, 22 чэрвеня 1941 года. Фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Гітлераўскія войскі і іх саюзнікі сталі хутка захопліваць тэрыторыю і прасоўвацца на ўсход, углыб краіны. Увесь народ падняўся на барацьбу з крывавым агрэсарам. З 29 чэрвеня 1941 года для будаўніцтва абарончых збудаванняў на подступах і ў самім Ленінградзе было прыцягнута грама-дзянскае насельніцтва ад 16 да 50 гадоў. На фронт пайшлі добраахвотнікі і апалчэнцы, Іван Аляксандравіч быў сярод іх. 8 верасня 1941 года немцы ўзялі Шлісельбург і замкнулі кола блакады. А 9 верасня, у свой 17-ы дзень нара-джэння, знаходзячыся на перадавой, у час адной з варожых атак Іван быў паранены – кулямётная чарга перабіла абедзве нагі. У несвядомым стане быў эвакуіраваны ў тыл. Перад гэтым яму прысніўся сон, што ў яго адказалі ногі, пра гэта ён распавёў сталаму апалчэнцу. І вопытны салдат сказаў юнаку, што той, магчыма, бу-дзе паранены, але застанецца жыць. Так і здарылася.
Пасля працяглага лячэння і рэабілітацыі Іван Аляксандравіч скончыў Фрунзенскую фельчар-скую школу і ў званні малодшага лейтэнанта фельчарскай службы быў накіраваны на фронт у дзеючую армію – у 59-ю танкавую брыгаду 8-га танкавага корпуса, які знаходзіўся ў рэзерве Стаўкі ВГК.
З сакавіка 1944 года гвардыі малодшы лейтэнант Іван Самбук удзельнічае ў баявых дзеяннях 59-й танкавай брыгады старшым фельчарам медсанузвода. Раёнамі баявых дзеянняў брыгады да канца вайны сталі Кіеўская, Усходне-Пруская, Мраўска-Эльбінская, Усходне-Памеранская і Берлін-ская наступальныя аперацыі. Зыход вайны быў відавочны, але тым больш люта супраціўляўся вораг і наступленне праходзіла стрыманымі тэмпамі і з вялікімі стратамі асабістага саставу і тэхнікі. Характар баёў паказвае строгая статыстыка: 59-я брыгада была ў наступленні 167 дзён, у абароне – 24 дні, у рэзерве Вярхоўнага галоўнакамандавання – 175 дзён, у рэзерве фронту – 103 дні і ў рэзерве корпуса – 125 дзён. Самымі памятнымі для Івана Аляксандравіча былі баі з 15 студзеня па 28 лютага 1945 года, за подзвіг у якіх ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля Перамогі і расфарміравання 16 ліпеня 1945 года 59-й гвардзейскай танкавай брыгады Іван Аляксандравіч дэмабілізаваўся і ўжо тады вырашыў, што медыцына – гэта яго лёс. Уладкаваўся на працу санітарным урачом Навагрудскага раёна.
Набіраючыся вопыту, зразумеў неабходнасць павышэння ўзроўню прафесійных ведаў і паступіў у 1950 годзе на вучобу ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на ваенна-медыцынскі факультэт, а ў 1954 годзе быў пераведзены ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію імя Кірава, якую скончыў у 1956 годзе.
Веды, атрыманыя ў акадэміі, зносіны з вялікімі навукоўцамі, іх прыклад, стыль і метады навуковага падыходу да вырашэння задач, сталі галоўным арыенцірам у практычнай працы Івана Самбука. Гэтым ён і кіраваўся ўсё жыццё.
Іван Аляксандравіч, дыпламаваны ваенны ўрач, атрымаў накіраванне для праходжання далейшай службы на Балтыйскі флот, на базу падводных лодак у Ліепая (горад у Латвіі). І хоць медзабеспячэнне мела глыбокія традыцыі на флоце, даводзілася ў кожным канкрэтным выпадку праяўляць ініцыятыву і творчасць для аднаўлення здароўя маракоў-падводнікаў. Дарэчы, там, у шпіталі, ён сустрэў аднавяскоўца матроса-падводніка Аляксандра Папка, якому зрабіў складаную аперацыю, і вярнуў яго ў строй. Іван Аляксандравіч быў выдатным хірургам.
Складаней было, калі ён атрымаў у 1961 годзе новае прызначэнне ў ракетны полк на пасаду начальніка МСЧ у Елгаву (горад у Латвіі). Напрацаванага вопыту медзабеспячэння салдат і афіцэраў, якія знаходзяцца працяглы час на баявым дзяжурстве ў падземных бункерах, у той час было недастаткова. Даводзілася займацца пытаннямі харчавання, фізічнай нагрузкі, псіхалагічнай дапамогі для аднаўлення здароўя асабістага саставу і забеспячэннем бая-здольнасці палка.
Асаблівым падарункам лёсу можна лічыць прызначэнне Івана Аляксандравіча ў 1969 годзе начальнікам шпіталя ў вучэбную часць у Мышанку. Тут, на радзіме, ён працягваў лячыць не толькі ваеннаслужачых, але і мясцовае насельніцтва, наладзіў сувязь з раённай бальніцай, дапамагаў з медыкаментамі. Карыстаўся ў насельніцтва вялікім аўтарытэтам. Цешылі яго і зносіны са сваякамі і роднай прыродай.
Сышоўшы ў запас у 1976 годзе ў званні падпалкоўніка і пераехаўшы ў горад Елгаву, дзе ўжо жылі дзеці, не змог сядзець без справы і яшчэ дзесяць гадоў адпрацаваў там галоўным урачом чыгуначнай бальніцы.
Уся кар’ера Івана Самбука і поспехі сталі магчымыя і таму, што ў яго быў моцны тыл. Жонка Ніна Міхайлаўна – разумная, прыгожая і абаяльная жанчына рабіла ўсё для стварэння ў сям’і ўтульнай абстаноўкі, якая спрыяла б працы. Ім даводзілася кожныя 5-7 гадоў, як вайскоўцам, змяняць месца жыхарства і кола сяброў, зноў уладкоўваць побыт. Разам выхавалі дзвюх дачок. Сёння геаграфія пражывання іх дзяцей, унукаў і праўнукаў уключае тэрыторыю ад Навасібірска і Краснадара да Прыбалтыкі і Заходняй Еўропы.
Быў забяспечаным чалавекам. Міністэрства абароны РФ выплачвала яму годную пенсію. Там жа атрымліваў і латвійскую пенсію, паколькі меў больш за 10 гадоў стажу працы ў рэспубліцы. Цяжка перажываў развал Савецкага Саюза. Быў членам інтэрнацыянальных грамадскіх аб’яднанняў горада Елгавы.
Пайшоў з жыцця Іван Аляксандравіч 29 студзеня 2016 года на 92-м годзе. У памяці людзей, якія ведалі яго, засталіся подзвіг і добрыя справы, якія ён здзяйсняў дзеля іх.
Героі той вайны не сыходзяць у нябыт, не знікаюць – яны заўсёды сярод нас. Іх прыклад патрыятызму, геройства, волі і настойлівасці ў дасягненні мэты, будзе заўсёды натхняць нашчадкаў.

Мікалай Ходзька.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о