Капцэвіцкім валейбалістам скарыліся дзве прыступкі п’едэстала

0
424

У нядзелю, 22 кастрычніка, адбыліся спаборніцтвы па валейболе сярод змешаных каманд у праграме бягучай раённай спартакіяды.

Згодна з рэгламентам спаборніцтваў, ад кожнай валейбольнай дружыны на пляцоўцы павінны былі выступаць не менш дзвюх жанчын і не болей чатырох мужчын. Большасць спартыўных калектываў як раз і скарысталіся такім фарматам, а заявілася на турнір сем каманд. Жараб’ёўка падзяліла ўдзельнікаў на 2 групы. У першую трапілі зборныя ЦРБ, лясгасу, Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” і РАНС. У другой аказаліся валейбалісты з Капцэвіцкай сярэдняй школы, Капцэвіцкага і Бабуніцкага сельсаветаў. Наймацнейшыя дружыны, што занялі ў сваіх групах першае месца, выходзілі ў фінальную частку спаборніцтваў і змагаліся за званне чэмпіёнаў турніру. Калектывы, што па выніках выступленняў у групах занялі другую пазіцыю, аспрэчвалі трэцяе месца.

У групавой частцы спаборніцтваў большасць сустрэч праходзіла прадказальным чынам. Пра гэта сведчыць той факт, што ў 7-мі з 9-ці матчах фаварытам спатрэбілася дзве партыі, каб справіцца з апанентамі. Выключэннем сталі толькі супрацьстаянні медыкаў з прадстаўнікамі лесаахоўных службаў. Тут лясгасаўцам і спецыялістам нацпарку спатрэбіліся трэція партыі, каб пераадолець каманду ЦРБ.

Капцэвіцкім валейбалістам  скарыліся дзве прыступкі п’едэстала

Урэшце, за права ўзняцца на трэцюю прыступку п’едэстала спаборнічалі валейбалісты з нацпарку “Прыпяцкі” і прадстаўнікі Капцэвіцкай сярэдняй школы. Звонку камусьці магло здацца, што “школьнікам” складана будзе сапернічаць з даволі моцнай камандай прыродаахоўнай арганізацыі. Але капцэвіцкая дружына хутка гэтае ўражанне змяніла. Навучэнцы з саставу каманды спрытна прымалі самыя складаныя мячы, разыгрывалі камбінацыі і атакавалі. Дарэчы прыйшлася і падтрымка землякоў, якія дапамагалі слушнымі парадамі. Словам, кожнае ачко на карысць школы сустракалася гучнай авацыяй і ператваралася ва ўпэўненасць валейбалістаў, што знаходзіліся на пляцоўцы. Такім чынам, першая палова была за спартсменамі навучальнай установы.

У другой партыі супрацоўнікі нацпарку нібы ачунялі і адносна хутка завяршылі яе на сваю карысць. Кароткая трэцяя партыя прымусіла зрабіць работу не толькі над сваімі памылкамі, але і скарыстацца хібамі ў гульні апанентаў, і гэта лепш атрымалася ў валейбалістаў Капцэвіцкай сярэдняй школы: 2:1 па партыях і трэцяе месца на турніры – цудоўная комплексная перамога!

Капцэвіцкім валейбалістам  скарыліся дзве прыступкі п’едэстала

Лепшы валейбол у першай групе паказалі выратавальнікі, якія чакалі гульні за трафей турніру з пераможцамі другой групы – зборнай Капцэвіцкага сельсавета. Нягледзячы на ўпартую барацьбу за асобныя ачкі, лепей тут выглядалі пасялкоўцы. Капцэвіцкія валейбалісты адразу стваралі перавагу ў 5-6 ачкоў і трымалі яе да канца сустрэчы. Зрабіць гэта дапамагала і згуртаванасць, і нядрэнная індывідуальная гульня. Акрамя гэтага, ігракі з Капцэвіцкага сельсавета выдатна адчувалі слабыя месцы саперніка і раз за разам ціснулі на іх. Здавалася, што зараз адбудзецца моцны атакуючы ўдар, але форвард у апошні момант лёгка перапраўляў снарад у пустую зону. Ці наадварот, замест таго, каб скіраваць круглага ў вольнае ад апанента месца, пасялкоўцы білі ў валейбалістаў, што знаходзіліся ў самым нязручным становішчы для прыёму мяча.

У выніку, дружына Капцэвіцкага сельскага Савета святкавала чэмпіёнства. У час узнагароджання загадчык сектара спорту і турызму Алена Буракевіч прамовіла: “Назіраючы за ўпартай барацьбой усіх удзельнікаў спаборніцтваў, хацелася б кожнаму калектыву ўручыць асобны Кубак, але за тое і прываблівае спорт, што ён вызначае мацнейшых і стварае матывацыю для іншых, каб трэніравацца далей і аспрэчыць чарговае першынства”.

Дыплом трэцяй ступені атрымалі валейбалісты з Капцэвіцкай сярэдняй школы, другое месца дасталася камандзе райаддзела па надзвычайных сітуацыях, а перамогу святкавала дружына Капцэвіцкага сельсавета. Пэўна, не будзе перабольшваннем адзначыць, што Капцэвічы зараз могуць ганарыцца неафіцыйным, але не менш прэстыжным тытулам валейбольнай сталіцы Петрыкаўшчыны, бо ўжо не раз гэтыя валейбалісты паказваюць выдатны вынік на спаборніцтвах.
Віншуем прызёраў, дзякуем удзельнікам за выдатнае спартыўнае відовішча і чакаем новых стартаў!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о