У нядзелю адбыліся раённыя спаборніцтвы па міні-футболе ў праграме XVIII-ай раённай спартакіяды сярод калектываў арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і сельскіх выканаўчых камітэтаў Петрыкаўшчыны.

На турнір, як і летась, заявіліся 7 каманд. Разам з тым, сёлета мы не пабачылі футбалістаў СУП “Палессе Аграінвест”, аддзела спорту і турызму райвыканкама, а Петрыкаўскае рудаўпраўленне ААТ “Беларуськалій” у гэты раз абмежавалася заяўкай адной каманды. На змену гэтым дружынам прыйшлі спартсмены з РАНС, камунгаса і Капаткевіцкага сельвыканкаму. Што да астатніх удзельнікаў, то спіс іх застаецца нязменным: гэта, апрача гарнякоў, спартыўныя калектывы Лясгасу, Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” і райаддзелу ўнутраных спраў.

Турнір праводзіўся па алімпійскай сістэме і тут пашчасціла прадстаўнікам лесаахоўнай службы: выцягнуўшы на жараб’ёўцы апошні, 7-мы нумар, лясгасаўцы, з-за няцотнай колькасці каманд-удзельніц, адразу траплялі ў другі тур спаборніцтваў.

Спартыўная частка мерапрыемства распачалася з матчу паміж працаўнікамі камунальнай гаспадаркі і праваахоўнікамі. Першыя саступалі ва ўзроўні, але рабілі стаўку на свайго форварда Дзмітрыя Шатырына, у той час як супрацоўнікі РАУС бралі класам. Гульня была цікавая, але з цягам часу міліцыянеры ўсё больш блакіравалі атакі “Камунальніка” і павялічвалі адрыў у ліку, скончыўшы сустрэчу з вынікам 5:2 на сваю карысць.

Другая сустрэча паміж нацпаркам “Прыпяцкі” і калійшчыкамі адразу пачалася з дамінацыі апошніх і скончылася з лікам 8:0 на карысць салевікоў. Але супрацоўнікі Нацыянальнага парку не выглядалі слабымі сапернікамі. Вядома, яны саступалі ў тэхніцы, дакладнасці і хуткасці, але манера іх гульні падказвае, што пры належных трэніроўках хлопцы могуць значна палепшыць свае вынікі ў будучых турнірах. Трэба таксама заўважыць, што кожнай камандзе, якая трапіла б на футбалістаў рудаўпраўлення, не вельмі б пашанцавала: стартаваць гульнёй з фаварытам спаборніцтваў – не лепшая перспектыва. Больш годна можна было б праявіць сябе ў матчы з “сярэднякамі”.

Завяршаўся першы круг гульнёй капаткевіцкай дружыны з калектывам выратавальнікаў. Асноўны час гульні скончыўся з лікам 3:3 і лепшых павінна была выявіць серыя пенальці, дзе жыхары Капаткевіцкага сельсавета былі крыху больш дакладнымі і надзейнымі за апанентаў – 5:4.

Роўнымі па моцы з капацькоўцамі аказаліся і працаўнікі Лясгасу, што сустракалі сапернікаў у другім туры спаборніцтваў. Скончыўшы матч з лікам 1:1, лясгасаўцы саступілі па пенальці, прапусціўшы два безадказныя мячы.

У другім супрацьстаянні тура салевікі, захоўваючы перавагу, разабраліся з праваахоўнікамі – 6:2. Такім чынам у фінале за 3 месца змагаліся прадстаўнікі РАУС і Лясгасу, а каманда з Капаткевіч аспрэчвала чэмпіёнскі тытул дружыны Петрыкаўскага рудаўпраўлення.

Супрацоўнікі міліцыі па сваім узроўні здаваліся крыху больш моцнымі за працаўнікоў леса-ахоўнай службы. Напружаная гульня забяспечыла мінімальную перавагу камандзе РАУС – 1:0 і трэцяе месца турніру.

У сустрэчы за перамогу ў спаборніцтвах каманда Капаткевіцкага сельвыканкама не здолела стварыць калійшчыкам сур’ёзных перашкод. Апошнія забілі 6 мячоў, прапусціўшы ў адказ толькі адзін. Як следства – футбалісты рудаўпраўлення сталі чэмпіёнамі раёну па міні-футболе другі раз запар.

Трэба адзначыць, што міні-футбольны сезон распачаўся даволі нядрэнна. На раённую арэну зноў прыйшоў капаткевіцкі футбол. Дарэчы, футбалісты гарадскога пасёлка шчыра дзякуюць адміністрацыі ў садзеянні пры падрыхтоўцы і наведванні спаборніцтваў.

Разам з тым, шкада, што на спартыўнае свята не заявілася ніводнай каманды ад прадпрыемстваў АПК, ды і спартсмены з сельскай мясцовасці не звярнулі ўвагі на турнір. Будзем спадзявацца, што наступнае спаборніцтва – Кубак Рыжанкова, традыцыйна збярэ яшчэ больш аматараў гульні.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о