Беларусь сустракае гасцей

0
260

У мінулую суботу “Мінск-Арэна” сустракала ўдзельнікаў, балельшчыкаў і гасцей II Гульняў краін СНД. Яркую спартыўную падзею наведала і дэлегацыя з Петрыкаўшчыны.

Жнівень прынёс беларусам доўгачаканую падзею: краіна на дзесяць дзён стала спартыўнай пляцоўкай для спартсменаў, гасцей з больш як дваццаці краін свету. Да ўдзелу ў спаборніцтвах заявілісяі не толькі прадстаўнікі з СНД, але і жыхары Венесуэлы, Пакістана, Ірана, ААЭ, Кубы, Егіпта, Манголіі, Малайзіі, В’етнама, Лівана, Амана. Больш за чатыры тысячы аматараў здаровага ладу жыцця на працягу правядзення маштабнага спартыўнага форуму будуць сустракаць адзінаццаць нашых гарадоў па дваццаці відах спорту.

Сінявокая гасцінна адчыніла дзверы сябрам, дэманструючы найвышэйшы ўзровень падрыхтоўкі ў значнай падзеі. Уменне беларусаў сустракаць, здзіўляць і захапляцца паказала і Цырымонія адкрыцця ІІ Гульняў на “Мінск-Арэне”. Увага тысячы прысутных у зале, мільёнаў гледачоў тэле-, анлайн-трансляцый, былі прыкавана да мерапрыемства. Афіцыйная частка цырымоніі адкрыцця пачалася з урачыстага ўздыму флагаў Беларусі і СНД. Пад гукі дзяржаўнага гімна беларускі сцяг паднялі знакамітыя спартсмены – двухразовая алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні Кацярына Карстэн, алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце Іван Літвіновіч і алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ-двойцы Аляксандр Масяйкоў. Незабыўным момантам стаў парад спартсменаў краін удзельніц пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі. Зала літаральна “ўзарвалася” пры выхадзе на арэну прадстаўнікоў нашай краіны – другой па колькасці дэлегацыі: на хатніх гульнях бяруць удзел 673 беларускіх спартсмены.

Запамінальнай, хвалюючай стала прамова Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна годна правядзе II Гульні краін СНД. У гэтага форуму вялікая будучыня, а агонь Еўрапейскіх гульняў, запалены ў Мінску чатыры гады таму на Другіх Еўрапейскіх гульнях, гарыць і сёння – з верай у алімпійскія ідэалы, сапраўдную справядлівасць і спартыўнае братэрства. Ён аб’ядноўвае сапраўдных сяброў, верных і надзейных, людзей з жалезным характарам. “Тут няма межаў паміж краінамі, няма палітыкі. Толькі спорт, мір, сяброўства і па-сапраўднаму святочны настрой”, – адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.

Гледачоў чакала насычаная праграма з масавымі харэаграфічнымі нумарамі і сучаснымі спецэфектамі. Тон на сцэнічнай пляцоўцы задавалі танцоўшчыкі розных айчынных калектываў, маладыя і папулярныя выканаўцы, вядомыя спартсмены і алімпійскія чэмпіёны розных гадоў. Яскравы элемент – мастацкі фон, які з дапамогай рознакаляровых сцяжкоў стваралі валанцёры. Няма сумненняў, што ўрачыстая цырымонія адкрыцця II Гульняў увойдзе ў гісторыю самых відовішчных, тэхналагічных і прыгожых масавых мерапрыемстваў.

У фае комплексу можна было пачуць меркаванне прадстаўнікоў замежных дэлегацый, якія ўжо некалькі дзён знаходзяцца ў статусе гасцей і паспелі ацаніць сардэчны прыём краіны-гаспадыні Гульняў. “Беларусь – найпрыгажэйшая краіна. Тут вельмі гасцінныя людзі. Прыедзем яшчэ абавязкова”, – адкрыта дзяліліся нашы блізкія і далёкія суседзі. Для іх падзея, гэта яшчэ і магчымасць лепш даведацца пра нашу культуру, наведаць спартыўныя аб’екты, без перабольшвання – сусветнага ўзроўню. Нашы суайчыннікі пастараліся на славу: у кожным рэгіёне падрыхтавана турыстычная праграма для балельшчыкаў, якія ўжо прыехалі і працягваюць прыбываць.
Усмешкі, абдымкі, поціскі рукі, пажаданні поспеху – тое, што аб’ядноўвала людзей розных краін у суботні вечар на “Мінск-Арэне”.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о