Фестываль “Кліч Палеся” чарговы раз збярэ гасцей 20 жніўня. Арганізацыйная нарада па падрыхтоўцы да этнакультурнага фэсту прайшла на гэтым тыдні ў канферэнц-зале Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

Этнафэст чакае гасцей

Кіраўніцтва вобласці на месцы азнаёмілася з ходам падрыхтоўкі да свята ў Ляскавічах. Часу, як і пытанняў у арганізатараў, застаецца ўсё меней. Пра ступень гатоўнасці да правядзення фестывалю праінфарміравалі начальнікі аддзелаў аблвыканкама, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, задзейнічаных у падрыхтоўцы і правядзенні фэсту.
Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў засяродзіў увагу на пытаннях забеспячэння пажарнай бяспекі і грамадскага правапарадку, адзначыў, што абмяркоўваецца пытанне тэлетрансляцыі фестывалю.

Па традыцыі на фестывалі нададуць увагу не толькі відовішчу з палескім каларытам, але і пачастункам. Як і раней, людзям будзе што паглядзець і паспрабаваць. Да тысячы гасцей адначасова змогуць прыняць кафэ пад адкрытым небам у час правядзення міжнароднага фестывалю “Кліч Палесся”. Пра гэта далажыў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю Аляксандр Качан. Па інфармацыі Аляксандра Качана, гандлёвыя рады зоймуць плошчу ў 4 тысячы квадратныя метры. “Галоўны акцэнт робіцца на рэалізацыю страў нацыянальнай беларускай кухні: дранікі і піражкі з бульбы, бліны з розным начыннем, разнасолы па палескіх рэцэптах, поліўка з дзічыны, парася на ражне. Не застануцца без любімых страў і знатакі вулічнай ежы. Кожны знойдзе сабе нешта даспадобы”, – падкрэсліў ён.

Губернатар таксама звярнуў увагу на гандлёвыя кропкі з сувенірнай прадукцыяй. “Абавязкова павінны быць у шырокім асартыменце тавары майстроў-рамеснікаў і сувеніры з элементамі дзяржаўнай сімволікі”, – даручыў Іван Крупко. Па інфармацыі арганізатараў, усіх гасцей чакаюць шматлікія дэгустацыі, акцыі, розыгрышы прызоў і латарэі.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о