Наша Паліна!

0
1517

Яркай падзеяй фестывалю “Кліч Палесся”, які пройдзе 20 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы, стане фінал конкурсу прыгажосці і грацыі “Палеская прыгажуня”. За карону пераможцы будуць спаборнічаць 11 дзяўчат з раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей.

Наша Паліна!Паліна Бычкоўская, якая бу-дзе прадстаўляць наш раён, расказала пра нюансы падрыхтоўкі да конкурсу, які адбудзецца 20 жніўня.
– Мы, удзельнікі конкурсу, цяпер пражываем у Гомелі і займаемся на базе Цэнтра моды і прыгажосці “Крыштальная німфа”. Мы навучаемся дэфіле і харэаграфіі, трэніруемся ў спартыўнай зале.

Ураджэнка Петрыкава сцвярджае, што апошні тыдзень перад фіналам дастаткова складаны, дні распісаны да хвілін. Рэпетыцыі з раніцы да вечара.
– Многія з нас не маюць вопыту ўдзелу ў падобных конкурсах, але ўсе ўсведамляюць: каб атрымаць карону, давядзецца папацець. Урокі дэфіле для мяне нешта новае, таму мне цікава. Упэўнена, гэта добры вопыт!
На пытанне, што адчула Паліна, калі ёй паведамілі, што яна ў фінале, сказала:
– Я ўзрадавалася! І адразу ж адчула ўзровень адказнасці, на час супакоілася, а вось зараз, усё бліжэй да конкурсу, пачынаю хвалявацца зноў, каб усё атрымалася, каб зрабіць усё, чаму нас навучылі. З удзельнікамі ў нас склаліся сяброўскія адносіны.
Пра сутнасць конкурсу Паліна расказала наступнае:

Наша Паліна!– “Палеская прыгажуня” – гэта конкурс без строгага выканання модных стандартаў прыгажосці. Як сказалі нам арганізатары, важна ўмець пра сябе заявіць, заваяваць журы і гледачоў не толькі знешнасцю, але яшчэ і сваёй харызмай. Тэматыка і стылістыка конкурсу па-ранейшаму аўтэнтычная, беларуская. Гэта выяўляецца ў каларыце мерапрыемства і калекцыях адзення, якія ў час дэфіле мы прадэманструем гледачам.

Усяго на галоўнай сцэне фестывалю будзе тры конкурсныя выхады. Акрамя стандартнага дэфіле-візітоўкі ў этнічным уборы ў першым конкурсе мы павінны будзем адказаць на пытанне, якое ўпершыню пачуем толькі на сцэне. Другі выхад – дэфіле з элементамі харэаграфіі, трэці – фінальны ў вячэрніх уборах, створаных дызайнерамі “Крыштальнай німфы”.

Паколькі конкурс праходзіць у Год гістарычнай памяці, у адным з заданняў нам прапанавалі нетрывіяльна расказаць гасцям і журы гісторыю свайго раёна. Я ўжо рыхтуюся!
У журы конкурсу ўвойдуць прадстаўнікі Гомельскага і Брэсцкага абласных упраўленняў культуры, генеральнага спонсара – ювелірнага завода “Крышталь”, а таксама пераможца “Палескай прыгажуні” пазамінулага года Аляксандра Бобель, яна ж і ўручыць пераможцы карону.
Жыхары Петрыкаўшчыны, давайце падтрымаем нашу Паліну на конкурсе прыгажосці. Прыходзьце на фінал “Палескай прыгажуні”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота Галіны КАЗАК
і аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о