Якасныя паслугі мы ўспрымаем як належнае, не задумваючыся, што стаіць, напрыклад, за дакладным транспартным спалучэннем. Здаецца, прыехаў на чыгуначную станцыю, дачакаўся цягніка ці дызеля і адправіўся ў пункт прызначэння. Вось толькі за забеспячэннем своечасовага і бяспечнага перамяшчэння пасажыраў ці грузаў хаваецца праца многіх спецыялістаў, што заўтра адзначаць сваё прафесійнае свята. Адзін з іх – дарожны майстар 17-га акалотку станцыі Капцэвічы Сяргей Кебец.

Як нараджаюцца  дынастыі

– Бацькі мае мясцовыя: бацька, Уладзімір Сяргеевіч, родам з Грабава, маці, Алена Іванаўна – з Капцэвіч, але нарадзіўся я ў Рэспубліцы Комі. Туды мама і тата, чыгуначнік па прафесіі, трапілі па размеркаванні. Праз пэўны час наша сям’я вярнулася ў Беларусь – спачатку мы жылі на Віцебшчыне, але праз пару гадоў перабраліся ў Капцэвічы, – пачаў распавядаць Сяргей Уладзіміравіч.
Напрыканцы вучобы ў школе перад Сяргеем пытанне выбару прафесіі не паўставала: хлопец добра ўяўляў асаблівасці чыгуначнай справы дзякуючы бацьку, ды і з прагматычнага пункту гледжання чыгунка вабіла стабільнасцю і неблагім заробкам. “І праз шмат гадоў па гэтых шляхах будуць курсіраваць саставы, а значыць і праца для спецыялістаў нашай галіны будзе”, – адзначыў майстар.

Сяргей Кебец паступіў і паспяхова скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. “Атрымліваецца, што з гэтага рашэння пачалася наша сціплая дынастыя”, – усміхнуўся мужчына.

Спачатку малады спецыяліст працаваў манцёрам шляхоў у Муляраўцы, потым брыгадзірам у Капцэвічах. З мінулага года мужчына быў прызначаны на пасаду дарожнага майстра. Атрымліваецца, што ўсе акалічнасці справы Сяргей Уладзіміравіч вывучыў на ўласным вопыце, як кажуць, ад пачатку і да канца.
Зараз у падпарадкаванні мужчыны 12 манцёраў і 4 брыгадзіры. Майстар адзначае, што калектывам ён задаволены, ды і як інакш, калі чыгуначнікі ўжо столькі гадоў працуюць поруч.
– Наша агульная справа не церпіць памылак. За словамі “бягучае ўтрыманне, рамонт і абслугоўванне шляхоў” – бесперабойнае і бяспечнае курсіраванне чыгуначнага транспарту на 29-ці кіламетрах галоўнага ходу, а калі далучыць усе разгалінаванні шляхоў, атрымліваецца звыш 31,5 кіламетра, – адзначыў суразмоўца.
Працоўны дзень чыгуначнікаў пачынаецца ў 8 гадзін, але пры неабходнасці брыгада можа пачаць працаваць і з 5 гадзін раніцы, а часам работнікаў вызываюць і ноччу. Так, летась на шляхах здарылася аварыя паміж саставам і матаблокам. Кіроўца апошняга транспартнага сродку застаўся, на шчасце, жывы, а чыгуначнікам трэба было тэрмінова ліквідаваць наступствы аварыі, каб не затрымліваць рух на шляхах. Здараецца, што ў час навальніцы на чыгунку падае дрэва, ну а ў зімовы перыяд спецыялісты ўвогуле працуюць кругласутачна, каб тэрмінова ачышчаць стрэлачныя пераводы ад снегу.

У асабістым жыцці ў Сяргея Уладзіміравіча ўсё склалася добра: разам з жонкай Любоўю Мікалаеўнай мужчына выхоўвае 11-гадовую Станіславу, 7-гадовую Ульяну і 5-гадовага Мацвея.
У канцы нашай размовы Сяргей Кебец павіншаваў калег з прафесійным святам і пажадаў чыгуначнікам моцнага здороўя і дабрабыту.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о