“Наш народ разам ва ўсе часы, у радасці і ў цяжкія хвіліны”, – такая думка ўзнікла, упэўнена, не ў мяне адной, назіраючы за землякамі, суседзямі, гасцямі ў час правядзення этнафэсту “Кліч Палесся”. Немагчыма было не заўважыць: наколькі беларусы адзіныя ў сваіх жаданнях, памкненнях і справах. Здавалася, што на палескай зямлі сабралася адна вялікая сям’я з яе традыцыямі, планамі на будучыню, дзіцячым смехам, каб падзяліцца навінамі і адпачыць разам з дарагімі сэрцу людзьмі. Радасна было за нашу Петрыкаўшчыну, за таленавітых людзей Беларусі, за атмасферу шчасця.

У нас свята і мы разам
Па заканчэнні фестывалю з’явілася думка: “Мітынг Салідарнасці”, што два гады таму прайшоў у сталіцы, і Міжнародны фестываль на Петрыкаўшчыне, якія актыўна абмяркоўваліся на мінулым тыдні і на першы погляд не звязаны паміж сабой, на самой справе маюць шмат агульнага. Калі глыбей падумаць, такія мерапрыемствы паказваюць, што мы – асаблівы народ. Людзей, якія ўмеюць сябраваць, адпачываць, шчыраваць, а пры неабходнасці аб’яднацца і даць адпор – не паставіць на калені. Назіраючы за шчырымі ўсмешкамі людзей, уважлівымі адносінамі адзін да аднаго прысутных на фестывалі, чуючы адусюль словы любові і захаплення родным краем – верыш, што нам усё па плячы. Сёння мы разам танчым і спяваем, а два гады таму, разам выйшлі падтрымаць Кіраўніка краіны і абараніць сваю незалежнасць. Мы не пабаяліся супрацьстаяць жорсткай, падрыхтаванай пратэстнай хвалі, небывалай агрэсіі і адстаяць нацыянальныя інтарэсы. Чаму не атрымалася гэта ў народаў Украіны, Грузіі, Кіргізіі? Яны ж, так як і мы, хацелі мірна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, збірацца на святы, каб адпачыць разам і запрасіць да сябе суседзяў.

Канечне, важным фактарам тады, у 2020 годзе, стала бескампрамісная пазіцыя нашага Прэзідэнта:  навесці парадак у краіне і вывесці яе з палітычнага крызісу. Кіраўнік краіны стаў прыкладам патрыятызму, адданасці свайму народу, быў на “перадавой” у барацьбе за права беларусаў жыць па сваіх законах, што не магло не надаць нам  упэўненасці. Але немалаважным стала і наша здольнасць аб’ядноўвацца дзеля адной мэты і жадання паказаць – разам мы зможам шмат. Напэўна, у некаторых краінах былога Саюза, аднаго з гэтых двух складаючых не хапіла.

На Петрыкаўшчыне пануе пасляфестывальны настрой. Абмяркоўваюцца дэталі свята, у тэлефоннай кнізе з’явіліся прозвішчы новых знаёмых, а дома стаяць сувеніры ад майстроў розных рэгіёнаў Беларусі. Фестываль даў магчымасць нам адпачыць, паказаць свае таленты, запаліў імёны новых “зорак”. І мала каму прыходзіць на думку, што гэтай сустрэчы магло б і не быць, калі б мы не былі моцныя духам і цвёрдыя ў сваіх намерах. “Кліч Палесся” – свята ўсіх тых, хто верыць, што сапраўднае шчасце можа быць толькі на роднай зямлі.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о