Навуковая дзейнасць польскага даследчыка Казіміра Машынскага – прыкметная з’ява ў кантэксце ўсёй сусветнай навукі. Ён з’яўляўся акадэмікам Польскай Акадэміі навук, кіраўніком яе этнаграфічнай камісіі, прэзідэнтам інстытута антрапалогіі ў Парыжы. Дзясяткі  народаў і этнічных груп  трапілі ў поле яго навуковай зацікаўленасці. Але асабліва прыцягвалі ўвагу вучонага быт і культура палешукоў. Сам даследчык пісаў: “Нідзе не знойдзецца закутка, які б так глыбока вучыў этнографа ці этнолага, як Палессе…”.

Зачараваны Палессем. Даследчык Казімір Машынскі пра культуру і быт палешукоўУ 1914 годзе Казімір Машынскі выпраўляецца ў Мазырскі павет. Экспедыцыя пачалася з вёскі Дарашэвічы, але нечакана ўсе задумы былі спынены палітычнымі падзеямі – у жніўні пачалася Першая сусветная вайна. На другі дзень пасля яе абвяшчэння да Машынскага прыйшлі жандармы і пад пагрозай арышту загадалі пакінуць наваколле.

Вярнуўшыся ў Варшаву, даследчык падрыхтаваў да друку кнігу “Усходняе Палессе”, у аснову якой быў пакладзены этнаграфічны матэрыял, сабраны за паўтара месяца даследванняў у Дарашэвічах.

На гэты раз мы знаёмім вас, паважаныя чытачы, 3 духоўнай культурай палешукоў.

Час

У Дарашэвічах час адмервалі квадрамі месяца. Адпаведна імі адзначалі: “на маладзіку”, “пад поўны” і “сходу месяца”.

Людзі лячылі хваробы народнымі лекамі. Калі нельга было вызначыць што даймае чалавека, патрэбна ўзяць пакрысе ўсіх лекавых зёлак і тады знойдзецца нешта, што дапаможа ад хваробы.

Напрыклад, у Дарашэвічах чартапалохам людзі лячылі спуд, дзеразой засыпалі раны, што ўзніклі ад абмарожвання, крушынай лячылі зубны боль, каліну пілі ад кашалю, лопух быў ад розных хвароб, адвар імху пілі, каб зацяжараць, асіну заварвалі ці настойвалі ад малярыі, трыпутнік – ад болю ў жываце, чабор збіралі на Купалле ад кашалю, карой вярбы рабілі прымочкі ад апёкаў.

Прымхі

Жыхары нашых вёсак былі вельмі прымхлівыя, асабліва жанчыны: яны верылі ў чары, асабліва была распаўсюджана вера ў завіткі: калі на вашай ніве хтосьці завяжа жменю жыта ці грэчкі вузлом – то можа здзейсніць вам гэтым вялікае зло. Між іншым, вера ў звышнатуральную сілу яскрава выступала ў шматлікіх звычаях – вясельных, звязаных з нараджэнне і гадаваннем дзіцяці. У Дарашэвічах жыхары верылі, што калі хто, гледзячы на другога чалавека, пахваліць яго, ці з чаго здзівіцца, то гэта можа выклікаць захворванне.

Таксама жыхары верылі ў чары дабрадзейныя, да якіх адносілі ўсялякія лекавыя замовы. Так, Агата Сугрэева баялася гаварыць замову ад ваўкоў, бо здаралася, што, калі чалавек часта карыстаецца замовамі ад ваўкоў, тыя яго альбо жывым зжыруюць, альбо пасля смерці дастануць з магілы.

Калі хто хацеў выклікаць да сябе любоў, павін быў знайсці дуб, што зросся з бярозкай, узяць крыху кары з абодвух дрэў, запарыць і даць выпіць асобе, якая падабаецца, і самому выпіць, а кавалачак кары насіць увесь час пры сабе.

Агонь і вада

Грахом жыхары лічылі любое парушэнне звычаёвых нормаў: пляваць у агонь, ваду, біць зямлю, асабліва вясной, калі яна “цяжарная”, забіваць пчол і некаторых птушак, даіць карову, не дапусціўшы папярэдне да яе цяляці. Вельмі цяжкім грахом з’яўлялася лазьбаванне чужых борцяў.

Казімір Машынскі адзначае, што нашы продкі заўсёды пакланяліся агню і вадзе. У Дарашэвічах казалі, што шанаваць агонь патрэбна як Бога. Ваду ў агонь лілі толькі ў выпадку пажару. Запальваючы святло ў хаце, заўсёды сказалі: “Госпадзі, асвяці!”.

У вёсцы Галубіца лічылі, што ў святочныя, велікодныя і іншыя святы нельга пазычаць агню з хаты, бо “гэта нядобра для скаціны і ўраджаю”. Недалёка ад Галубіцы над Прыпяццю існуе месца з чатырма крыніцамі і называецца Пярэваў або Крыніца. Вадой, узятай адтуль перад усходам ці пасля заходу Сонца, лячылі вочы. Хто браў ваду, той павінен быў кінуць у крыніцу кавалачак хлеба. Апавядаюць жыхары пра нейкую жанчыну, якой нячыстая сіла не дазволіла адысці з вадой ад крыніцы, сваякі адцягвалі сілай, але яна страціла розум.

Жывёлы

Вераванні ў мясцовага насельніцтва былі і адносна жывёлы. Збіраючыся будаваць хату, людзі прыносілі ў гаршку павука і пакідалі на выбраным для будынка месцы. Калі за ноч павук пачаў ткаць павуціну, то месца для хаты лічылася добрым.

У вёсцы Баклань было вельмі многа выжоў, якія елі разам з дзецьмі і смакталі малако з кароў – яе муж забіў аднаго вужа і пабачыў, што той быў поўны малака. Калі здарыцца заўважыць, як вуж нападае на жабу, то патрэбна было абараніць яе кіем, якім можна разагнаць хмары.

Ластаўку, салаўя, жаваранка, голуба і бусла нельга было забіваць. Хто гэта зробіць – учыніць грэх. Жыхары Дарашэвічаў казалі, што зязюля некалі была жанчынай і мела мужа, але схавала яго пад мост і пайшла да Бога прасіць другога. Бог другога мужыка ёй не даў і загадаў шукаць першага. З таго часу яна шукае, паклікаючы: “Якубе! Якубе!”.

Таксама лічылі, што калі заяц перебяжыць дарогу – чакай няшчасця. На шчадрэц жыхары ходзяць да сваіх кароў з пірагом. Уважліва аглядаюць, як ляжыць кожная карова: якая рагамі на поўнач – ацеліцца ноччу, якая на ўсход – то раніцай. Людзі лічылі, што калі конь, што стаіць у адрыне (стайні), спацелы, а грыва яго зблытаная, гэта азначае, што ліхі на ім ездзіў.

Галіна ЗАНКЕВІЧ,

навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага

 гісторыка-краязнаўчага музея.

 

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о