Заўтра Петрыкаўшчына цёпла, шчыра і гасцінна будзе прымаць ганаровых гасцей, таленавітых артыстаў, майстоў, суседзяў і сяброў на грандыёзным свяце этнакультурных традыцый. Нам пашанцавала, што мы жывём у беларускім куточку, у які, хто пабываў тут хоць аднойчы, хочацца прыехаць яшчэ і яшчэ, каб наведаць край паляўнічых і рыбаловаў, убачыць нязменна чароўныя прыпяцкія пейзажы, адчуць быт палешукоў, якія робяць усё, каб захаваць прыгажосць і самабытнасць роднага краю. А мы з такой любоўю расказваем і паказваем сваю зямлю, што гасцям проста немагчыма не зачаравацца ёю. Запыталі ў землякоў, што для іх значыць Міжнародны фестываль “Кліч Палесся” і чаго чакаюць ад падзеі сёлета.

Шчыра весяліся, родны край!Наталля КАНДРАЦЬЕВА, жыхарка Петрыкава, пенсіянер:
– Свята “Кліч Палесся” блізкае мне не толькі як жыхарцы Петрыкаўшчыны, а як і былому работніку культуры. Як сёння памятаю яго старт у 2010 годзе. Гэта быў рэгіянальны фестываль, на які завіталі майстры і артысты з суседніх рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі. Свята мела больш самабытную і фальклорную накіраванасць: выставы народных промыслаў, падвор’і палешукоў, выступленні творчых калектываў. З першага свайго правядзення фестываль засведчыў, што такія цёплыя, сяброўскія сустрэчы патрэбны людзям, адчувалася, што задума набудзе маштаб. Хачу адзначыць, калі б не было ў нас падтрымкі на самым высокім узроўні, так “вырасці” этнафэсту было б цяжка. Толькі дзякуючы любові нашага Прэзідэнта да палешукоў, да нашага працавітага краю, “Кліч Палесся мае статус міжнароднага. Мне радасна назіраць, як мерапрыемства ўдасканальваецца з кожным годам. Прайшла маштабная рэканструкцыя, змянілася набярэжная ракі, шыкоўная інфраструктура, прапановоўваюцца турыстычныя паслугі на любы густ. Праграма плануецца насычаная, тым больш, многія падзеі суправаджаюцца дадаткам “упершыню”. Чакаю ад наведвання свята яркіх эмоцый. Люблю аналізаваць выступленні артыстаў з розных краін. Абавязкова набуду сувенір у майстроў, паспытаю розных прысмакаў. Жадаю землякам на свяце набыць шмат пазітыву, якога б ха-піла да наступнай сустрэчы на ляскавіцкай зямлі.

Шчыра весяліся, родны край!Віктар КОЛЧЫН, жыхар вёскі Муляраўка, работнік Петрыкаўскага лясгаса:
– Я родам з Брэстчыны, якая штораз з’яўляецца актыўнай удзельніцай грандыёзнага заўтрашняга мерапрыемства. На фестываль еду, каб падтрымаць сваіх землякоў з этнічнай радзімы, пагаварыць пра іх жыццё, узгадаць звычаі сваіх бацькоў і дзядоў. Яшчэ адна прычына маёй цікавасці да свята – выступленне прафесійных і самадзейных артыстаў. Я з юнацкіх гадоў праяўляю цікавасць да сцэны. З сёмага класа быў залічаны ў духавы аркестр, “сябрую” з кларнэтам, альтам, гітарай. За плячыма праца ў курыціцкім ансамблі “Надзея”, а сёння я – удзельнік муляраўскага калектыву “Івушка”. Пагэтаму наведванне канцэртных праграм – гэта цікавы і карысны вопыт для мяне. Прываблівае і цёплая, сяброўская атмасфера свята, пры якой лёгка ўступаць у дыялог з людзьмі.У гэтым годзе хачу наведаць канцэртную праграму аматарскіх калектываў раёнаў Прыпяцкага Палесся Гомельскай і Брэсцкай абласцей, адкрыты конкурс, рыцарскі бугурт-фэст і паспрабаваць вытанчаныя стравы беларускай кухні. Усім настрою! Атрымлівайце асалоду ад шыкоўнага адпачынку.

Шчыра весяліся, родны край!Марына Фешчанка, жыхарка Петрыкава, маці дваіх дзяцей, знаходзіцца ў дыкрэтным адпачынку:
– Варта сказаць, што ў гэтым годзе арганізатары фэсту пастараліся здзівіць праграмай. Свята ў Ляскавічах чакаюць усе члены нашай сям’і: як мы з мужам, так і дзеці. Акрамя традыцыйнага наведвання батутаў, дэгустацыі ласункаў, мы вызначылі абавязковае наведанне “ЭтнаЗааФэсту” – гэта будзе цікава і дзецям, і дарослым. Традыцыйна пабудзем на гульнявой дзіцячай пляцоўцы, на якой праводзяцца конкурсы і пацехі. У планах прайсціся і па падворках, асабліва тых, на якіх будуць паказвацца майстар-класы. Я сама захапляюся вырабам сувенірнай прадукцыі, элементамі дэкора, эксэсуарамі да адзення. Мне б хацелася ўзяць для сябе нешта новае ў гэтым накірунку і “заразіцца” новымі ідэямі. Праграма фестывалю насычаная да позняга вечара. Хочацца наведаць конкурс прыгажосці і грацыі і падтрымаць нашу Паліну Бычкоўскую.  Спадзяёмся на добрае надвор’е, каб кожны мог знайсці сабе занятак і акунуцца ў свет радасці і добрага настрою!

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о