Мы працягваем традыцыі мужнасці

0
169

Напярэдадні 9 Мая святы абавязак усіх беларусаў – падзякаваць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за іх гераізм, уклад у Перамогу і наша мірнае неба над галавой. Важна горача і сардэчна павіншаваць тых, хто адчуў на сабе жахі вайны з надыходзячым святам, удзяліць увагу, перадаць матэрыяльную дапамогу і ўручыць падарункі.

Так, адпаведна рашэння кіраўніка дзяржавы з 25 красавіка па 4 мая будуць ажыццяўляцца выплаты да Дня Перамогі. У Петрыкаўскім раёне іх атрымаюць 1 ветэран (4 тысячы беларускіх рублёў) і больш за 109 прадстаўнікоў асобных катэгорый (па 1 000 беларускіх рублёў).

Днямі нагрудны юбілейны знак “80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці”, кветкі і падарункі ад Петрыкаўскай раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” уручылі вязням Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на Петрыкаўшчыне: Алене Фалько, Лідзіі Паўтаран, Ганне Паўтаран, Галіне Матрас, Вікторыі Матрас, Марыі Турмовіч, Марыі Марозька, Матроне Кавальскай, Алегу Белафосту, Антаніне Ючко.

Мы працягваем традыцыі мужнасці Мы працягваем традыцыі мужнасці Мы працягваем традыцыі мужнасці Мы працягваем традыцыі мужнасціУ ліку першых юбілейны знак атрымала Алена Фалько (на фота). Нарадзілася Алена Якаўлеўна 21 чэрвеня 1937 года. Гады яе дзяцінства ачарніла страшная вайна. Яе ўспаміны: “Сакавік 1943 год. Немцы ўчынілі ганенне на нас у лесе. Усіх схапілі. Было больш за пяць сем’яў. Затым падагналі чорную машыну і на ёй нас даставілі на станцыю “Капцэвічы”, дзе пагрузілі ў таварняк. А ў гэтым таварняку, відаць, раней перавозілі жывёлу. Дзверы забілі дошкамі. Нас павезлі ў Пінск і змясцілі ў турму. Што гэта была за турма – не ведаю, яна была ў будынку, не на адкрытай прасторы. Жанчыны з дзецьмі былі асобна ад мужчын, стаяла перагародка. У гэтай турме мы знаходзіліся нядоўга. Есці нічога не давалі. Затым зноў пагрузілі нас у таварнякі і павезлі ў Германію. У дарозе вады і хлеба не давалі. Прывезлі ў лагер, дзе знаходзіліся баракі з дошак, у якіх былі трох’ярусныя ложкі. Людзей было вельмі многа.
Увесь час прыязджаў цягнік, у якім прывозілі чарговую партыю яўрэяў. Іх проста там, у лагерах, спальвалі ў печах. Пасля таго, як нас прывезлі ў гэтыя баракі, ужо на другі дзень мы капалі акопы. Нават не памятаю, ці нам давалі есці.

Аднойчы фашысты кінулі булку хлеба, і ўсе людзі кінуліся на яе. Хто апынуўся пад нізам, быў затаптаны жыўцом. З часам наша адзенне настолькі знасілася, што не было куды і схаваць кавалачак хлеба. Іншае адзенне нам не давалі.
Кожны раз нас строілі ў два рады. Адным давалі белыя кветкі, а іншым чырвоныя. Тых, каму давалі белыя кветкі – спальвалі. А тых, у каго чырвоныя – прадавалі на базары “гаспадарам”.

Каго забіралі – заставаліся жывыя, а тых, каго не бралі – спальвалі ў печы. Аднойчы і мы аказаліся ў той печы. Як зараз памятаю: “Маці сказала, што гэта нас на пражарку, вошы будуць травіць. І нас завялі ў камеру. А потым пліта пераварочваецца, а там агонь. Пліта нахілялася і людзі падалі ў гэты агонь. Але на нашае шчасце гэта ўсё спынілі і сталі зноў раздаваць кветкі”.
Неўзабаве нас вызвалілі. Па дарозе дадому мая маці захварэла на тыф і памерла ці то ў Польшчы, ці то яшчэ ў Германіі, гэтага я ўжо не памятаю. Засталіся мы з братам, і з цяжкасцю дабраліся дадому. Неўзабаве знайшоўся мой бацька, ён застаўся жывы. Але хутка памёр пасля вайны…”

Цяпер Алене Якаўлеўне балюча ўспамінаць той час, яе голас скаваны, у вачах слёзы, а ў душы боль за несправядлівасць тых падзей…

Ваенны камісар Петрыкаўскага раённага ваеннага камісарыята Аляксандр Адамоўскі, старшыня Петрыкаўскай раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Святлана Блінец, старшыня Петрыкаўскай раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Жукавец пажадалі жыхарам нашага раёна трымацца, берагчы сваё здароўе, перадаваць вопыт унукам, распавядаць пра свой жыццёвы шлях, маральныя каштоўнасці. Менавіта тыя, хто перажыў жахі Вялікай Айчыннай вайны, ведаюць, якой цаной заваёваны сённяшні мір.

“Сёння мы працягваем традыцыі мужнасці, служэння Айчыне, закладзеныя нашымі дзядамі і прадзедамі. І мы павінны свята берагчы памяць пра ўсіх, хто ахвяраваў дзеля нас і нашага мірнага жыцця”, – падкрэсліў Аляксандр Адамоўскі.
Цёплыя словы віншавання з Днём Перамогі адрасавала сведкам вайны Святлана Блінец: “Няхай над галавой заўсёды будзе яснае неба і яркае сонца. Жадаю здароўя, радасці і шчасця. Няхай перамога спадарожнічае ўсюды і заўсёды, побач няхай будуць толькі добрыя і шчырыя людзі. Жадаю, каб сэрца не ведала болі”.
“Жадаю, каб усе жахі вайны засталіся толькі ў памяці як свяшчэнны і вялікі подзвіг нашага народа. Няхай нашы цудоўныя палі ніколі не будуць адзначаны пячаткай смерці і залітыя крывёю людзей. Няхай наша блакітнае неба ніколі не цямнее ад выбухаў снарадаў і крыкаў удоў, дзяцей і маці. Жадаю здароўя і шчасця. Жадаю дабрабыту і міру”, – сказаў Уладзімір Жукавец.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о