Хуткай вады табе, Юлія!

0
597

З Юліяй Ходзька чытачы “раёнкі” добра знаёмыя – юная зямлячка, а сёння яна навучэнка аддзялення веславання на байдарках і каноэ ўстановы адукацыі “Гомельскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву”, неаднаразова была гераіняй нашых артыкулаў. Нагодай для чарговай публікацыі сталі высокія спартыўныя паказчыкі Юліі, якіх яна дасягнула ў сёлетнім сезоне.

Захапляцца веславаннем Юлія пачала ў 6 класе. Па словах маці, дзяўчынка заўсёды знаходзілася ў руху і пошуку. Яшчэ навучаючыся ў пачатковай школе, некалькі гадоў наведвала школу мастацтваў, займалася музыкай па класе фартэпіяна. Пасля захапілася гісторыяй, паспяхова прадстаўляла другую школу, вучаніцай якой з’яўлялася, на раённай алімпіядзе.
Што да захаплення дачкі спортам, то для бацькоў Юліі гэта не было нечаканасцю: яна расла рухомай, спартыўнай дзяўчынкай, не толькі бегала хутчэй за многіх аднакласнікаў-хлапчукоў, але і добра падцягвалася. Таму жаданне займацца спортам падтрымалі, не пужалі нават заняткі на вадзе, якія праводзіліся не толькі ў затоцы Бычок, але і на Прыпяці ў розных умовах надвор’я.
Першым трэнерам Юліі, які суправаджаў юную спартсменку ў час заняткаў у “Гомельскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанні”, быў Максім Брыкет. З ім Юлія спасцігала тэхніку веславання і тактыку перамог. Ужо праз два гады, у час летніх трэніровачных збораў, дзяўчынка для сябе вырашыла: хачу прафесійна займацца веславаннем. Бацькі і тут падтрымалі, як не шкада было адпускаць 13-гадовую дачку ў самастойнае жыццё, верылі ў сілу яе характару, прынцыповасць і настойлівасць. Так яна стала навучэнкай абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву.
Ужо па выніках першага сезону Юлія стала Кандыдатам у Майстры спорту Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ і была залічана ў юніёрскую зборную каманды Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ.
А сёлетні сезон прынёс нашай зямлячцы цэлы россып высокіх узнагарод – фактычна кожны старт Юліі завяршаўся подыумам.
Так, яна стала двухразовай пераможцай спартакіяды дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь (юнакі, дзяўчаты 2008-2009 года нараджэння і маладзейшыя) у дысцыпліне байдарка-адзіночка на дыстанцыі ў 1000 і 500 метраў. Перамагла Юлія і на Рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод навучэнцаў аддзяленняў веславання на байдарках і каноэ ўстаноў алімпійскага рэзерву Рэспублікі Беларусь (юнакі, дзяўчаты 2007-2008 года нараджэння і маладзейшыя) на дыстанцыі ў 1000 метраў на байдарцы-адзіночцы.
Юлія Ходзька – пераможца і двухразовая прызёрка (сярэбраны медаль) Алімпійскіх дзён моладзі Рэспублікі Беларусь (юнакі, дзяўчаты 2007-2008 года нараджэння) па веславанні на байдарках і каноэ на дыстанцыі байдарка-чацвёрка на 500 метраў, байдарка-адзіночка на 1000 і 500 метраў.
Дзяўчына таксама з,яўляецца двухразовай пераможцай спартакіяды дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь (юнакі, дзяўчаты 2009-2010 года нараджэння і маладзейшыя) у дысцыпліне байдарка-адзіночка на дыстануцыі ў 1000 і 500 метраў.
Па выніках сезона Юлія зрабіла рашучы і ўпэўнены крок да сваёй высокай мэты і ўжо ў 2025 года будзе ўваходзіць у склад зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ, а там, мы гэтага шчыра жадаем таленавітай зямлячцы, і да алімпійскага подыума рукой падаць.

Галіна КАЗАК.
Фота з сямейнага архіва
Юліі Ходзька.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о