Матчы петрыкаўскага “Шахцёра” 15 і 22 красавіка, па сутнасці, захавалі хвалюючую тэндэнцыю, якую мы назіралі ў першых турах старту другога дывізіёна Чэмпіянату Беларусі па футболе. І вось, калі, кажучы шчыра, ад каманды з берагоў Прыпяці станоўчага выніку чакаць ужо не прыходзілася, калектыў здзівіў сваіх аматараў неблагой гульнёй і запісаў першыя тры ачкі на свой рахунак у гасцявой сустрэчы 1 мая.

З Баранавічаў з’язджалі з “абаранкам”
Трэба адразу адзначыць, што ёсць калектывы, якія прыклалі істотныя намаганні, каб палепшыць свае футбольныя вынікі ў гэтым сезоне. Адзін з такіх – клуб “Баранавічы”. Скончыўшы мінулы чэмпіянат на апошнім месцы дывізіёна, каманда абнавіла састаў, нядрэнна падрыхтавалася і распачала крочыць па дыстанцыі сёлетняга турніру больш упэўнена. Ды і што казаць – у трансляцыі паказваюць клуб з Брэстчыны, а здаецца, што назіраеш за “Шахцёрам” узору пазамінулага году: за капітана ў іх былы паўабаронца петрыкаўскай каманды Уладзіслаў Сырыська, на варотах – вопытны брамнік Аляксей Станкевіч, што пакінуў “калійшчыкаў” пасля сезону 2021 года.
Першая праблема, якую было б варта вырашыць “Шахцёру” –няўпэўнены стартавы адрэзак. Да штурму варот “салевікоў” з гульні невыразны пачатак пакуль яшчэ не прыводзіў, але, мне здавалася, што хуткі гол не прымусіць сябе доўга чакаць. Так і сталася ў выязным матчы 15 красавіка: праход па флангу, удар з правага кута штрафной – 1:0 на карысць гаспадароў ужо на 2-й хвіліне.
“Шахцёр” ачуняў толькі бліжэй да сярэдзіны тайма. Але першы ўдар нападаючага адправіў мяч крыху вышэй варот, а астатнія атакі бракавалі то сваёй прастатою, то тэхнічнай недасканаласцю.
Прыкладна такая ж карціна назіралася і ў другой палове сустрэчы. “Шахцёр” перахапіў ініцыятыву, больш валодаў мячом, але развіць чарговы ўваход на палову поля “Баранавічаў” да паўнавартаснага моманту не атрымлівалася.
Сапраўдная вастрыня была адзначана толькі на 73-й хвіліне, але абарона прымаючага боку выстаяла. А вось адказ праз тры хвіліны ў выглядзе моцнага ўдару ў вароты са стужкі па цэнтру штрафной аказаўся для кіпера “калійшчыкаў” Мікіты Доўнара невырашальнай задачай – 2:0.
“Шахцёр” было ўжо і кінуўся наперад, але грубая гульня ў напа-дзенні была пакарана жоўтай карткай. У Глеба Пратасені, дарэчы, ужо была адна на рахунку, таму “гарчычнік” ператварыўся ў чырвоную і выдаленне. Жоўта-чорныя і пасля гэтага не здаліся, але штурмы былі больш падобныя на адчай апошняй магчымасці і да поспеху не прывялі – 2:0.

Падарунка для заўзятараў не атрымалася
Наступную сустрэчу петрыкаўская дружына праводзіла на хатняй арэне, прымаючы гасцей з Гродзенскага рэгіёну. “Слонім-2017” – добра вядомы нашым аматарам футбола як клуб, што зорак з неба не хапае, але “сюрпрыз” арганізаваць для каманды з берагоў Прыпяці – заўжды калі ласка. У якой форме сапернік падышоў да гэтага сезону і трэба было высветліць 22 красавіка.
Пасля пэўнай разведкі “Шахцёр” перайшоў да актыўных дзеянняў. “Няўжо знайшлі сваю гульню?”, – сціпла запытаўся я сам у сябе: некалькі небяспечных удараў са стандартаў, потым работы слонімскаму варатару падкінулі два вострыя розыгрышы. Простыя задумы, вядома, былі прачытаныя брамнікам, але надзея на працяг і лагічнае завяршэнне націску на абарону гасцей залунала, здаецца, не толькі ў маёй галаве.
Бліжэй да сярэдзіны першай паловы гульні гаспадары скінулі тэмп і на полі назіраўся пэўны парытэт.
Другі тайм распачаўся такім жа чынам, як і першы, але ў ролі прэсінгуючых выступалі ўжо футбалісты “Слоніма”. Магчыма, “калійшчыкам” было б куды прасцей, калі б яны ўласнымі памылкамі не “прывозілі” мяч да сваіх варот. У выніку, чарговая недакладная перадача была перахопленая нападаючым гасцей і рэалізавана яго таварышам па камандзе ўдарам перад паўкругам штрафной – 0:1 на 68-й хвіліне.
Апошнія два дзясяткі хвілін можна ахарактарызаваць даволі стрыманай гульнёй, як гэта было і ў першай палове сустрэчы. Стрыманасць не тычылася толькі “чысціні” футбола з боку “Шахцёра”. На 85-й хвіліне Данііл Падбярозны зноў груба згуляў супраць апанента, а другая жоўтая картка ператварылася ў чырвоную. Сумная статыстыка выдаленняў красуе фактамі: гэта другая чырвоная ў гэтым сезоне ў Данііла і пятая ў клуба працягам толькі чатырох матчаў. Нічым іншым, на жаль, калектыў пахваліцца пакуль не меў магчымасці.

Серыя паражэнняў скончылася
Наступны матч “калійная” дружына згуляла на Першамай у Віцебску з “Макслайнам” – моцным клубам, што за тры папярэднія сустрэчы аформіў 11 забітых мячоў. Спадзявацца на ачкі ў гэтай гульні не выпадала.
Але карціна сустрэчы складалася даволі роўная і дамінацыі гаспадароў на полі не назіралася. Насупраць, яшчэ ў першай палове “Шахцёр” прынёс “Макслайну” не мала турбот. Хоць вастрыні да экватару сустрэчы гледачы амаль не пабачылі, але інтрыга захоўвалася.
Парытэт з перавагай то адной, то другой каманды працягваўся і ў другім тайме. Па ўсім было відаць, што “Шахцёр” не збіраецца саступаць, а “Макслайн” ніяк не можа “падабраць ключы” да замку абароны апанента. І вось, на 79-й хвіліне, даволі імклівая атака “салевікоў” не атрымала годнай сустрэчы: нападаючы “Шахцёра” Станіслаў Стэфановіч прайшоў па левых фланзе і скіраваўся да цэнтру штрафной. Абаронцы віцебскага клуба не паспелі самкнуцца, каб пазбавіць Станіслава прасторы для дзеянняў, а той прабіў па варотах – 0:1.
Акрамя гэтага, “калійшчыкі” пасля запаветнага гола, не сышлі ў глухую абарону, што звычайна толькі псуе канчатак гульні. Апошняя хвіліна асноўнага часу была адзначана падобнай галявой атакай, розніца толькі ў тым, што Стэфановіч на гэты раз прабіваў з больш далёкай дыстанцыі ад паўкруга штрафной не ў левы ніжні, а ў правы верхні кут варот, акурат пад перакладзіну – 0:2.
Як бачым, петрыкаўская дружына з аднаго боку здолела нечакана хутка выправіць памылкі ў сваёй гульні, з другога боку і “Макслайн” не паказаў усё, на што быў здатны. Жоўта-чорныя пачалі сустрэчу ўпэўнена, рашуча дзейнічалі ў абароне і час ад часу спрабавалі штурмаваць. Варта дадаць да гэтага адносна чыстую гульню без грубых парушэнняў і чырвоных картак.
З цягам часу “Шахцёр” дачакаўся спрыяльнага моманту, калі апаненты не паспелі перайсці да абароны. Імклівая атака, выдатнае разуменне гульнявой прасторы і трапны, хлёсткі ўдар у кут брамы зрабілі сваю справу. Хочацца спадзявацца, што гэта не адна гульнявая напрацоўка калектыву, бо на месца трэнера бліжэйшага саперніка – “Астраўца”, я б засяродзіў увагу абароны на шчыльнай апецы Станіслава Стэфановіча.
Разам з тым, не менш важным за старт быў і ўпэўнены фініш. Не збаўляючы абаротаў, арганізоў-ваючы штурмы літаральна да апошняй хвіліны, госці не далі гаспадарам сабрацца і разыграць кемлівую атаку. Насупраць, “калійшчыкі” прымусілі час працаваць на іх, калі страчаныя хвіліны цягнулі за сабой мітусню і памылкі “Макслайна”.
Падводзячы вынік пераможнага матча трэба разумець, што “Шахцёр” паказаў добрую, нібы па падручніку вывераную гульню, але нічога звышнатуральнага на полі, прынамсі я, не пабачыў. Замацаванне такой дысцыпліны можа забяспечыць той-сёй поспех, але, каб рухацца вышэй, трэба папрацаваць над варыятыўнасцю.
Такім чынам, клуб узвышаецца ў табліцы на адну прыступку і займае 14-е месца з 17-ці. Наступная сустрэча адбудзецца 8 мая ў 17 гадзін на петрыкаўскай арэне “Прыпяць” – “салевікі” будуць прымаць “Астравец”. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о