У гарадскім пасёлку Капаткевічы ёсць цікавае ўрочышча пад назвай “Дамаха”. Найменне Дамаха на ўчастку, скапаным каналамі, уяўляе вялікую цікавасць не толькі для мясцовых жыхароў, але і для сусветных краязнаўцаў.
Вельмі шмат спроб рабілася для таго, каб растлумачыць паходжанне слова “дамаха”. Напрыклад, у слоўніку Уладзіміра Даля гэта слова азначае добрую гаспадыню, таксама гэта слова выкарыстоўвалі, калі казалі пра дзяўчыну, якая не пайшла замуж. Дамох – доўгі мох (мох – гнілое месца, балаціна, парослая мохам). У цюркскіх гаворках гэта слова азначае: дом, дах; насельніцтва, народ; лік дамоў, паселішчаў, першае паселішча.
Назва “Дамаха” сведчыць пра абжыванне высокага берага ракі Пціч у некалі глухім і непраходным лесе далёкімі нашымі продкамі. Краязнаўцы сцвярджаюць, што ў раёне Капаткевіцкай Дамахі яшчэ ў часы Кіеўскай Русі, калі не раней, існавала пасяленне – папярэднік Капаткевічаў. Па гістарычных дадзеных, да рэвалюцыі на Дамасе быў панскі маёнтак. У 1909 годзе ў ім было 8 двароў. Нават у наш час захаваліся рэшткі каналаў, якія можна агледзець.
Праходзяць тысячагоддзі, а ўрочышча прыцягвае да сябе людзей. Яно паўстае асобым месцам для капацькоўцаў, любімым прытулкам для масавага адпачынку. Шмат месцаў, звязаных з ракою, ёсць у Капаткевічах, бо пасёлак размешчаны ўздоўж ракі Пціч, але людзі выбіраюць менавіта гэта. Яно для пасялкоўцаў з’яўляецца своеасаблівым месцам сілы.
Тут, на беразе ракі, з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя праходзіць традыцыйнае свята Купалле. І гэта не выпадкова. Можна з поўным правам сказаць, што Купалле – гэта свята панавання стыхіі вады.
Традыцыйна, у большасці населеных пунктаў свята Купалле пераносіцца на выхадны дзень. Пасёлак Капаткевічы адзначае яго менавіта ў ноч на Івана Купалу. І гэты год не стаў выключэннем. У ноч з 6 на 7 ліпеня ўрочышча сабрала вялікую колькасць народа. Увечары, калі сонца ўжо зайшло, супрацоўнікі Капаткевіцкага ГДК у самым цэнтры запалілі купальскае вогнішча – адзін з галоўных атрыбутаў чароўнага свята. Жыхары пасёлка вадзілі карагоды вакол містычнага агню і спявалі песні.
Не абыйшлося і без скачкоў праз вогнішча. Лічыцца, калі чалавек цалкам пераскочыць праз касцёр, ён ачысціцца ад хвароб. Гэта не азначае, што трэба бяздумна скакаць праз агонь, варта выконваць элементарныя меры засцярогі. За гэтым сачылі супрацоўнікі РАНС. Калі ўсе, хто хацеў, ачысціліся ад дрэннага, людзям раздаваўся адзін з галоўных сімвалаў купальскіх траў – ліст папараці. Яго клалі на агонь праз які скакалі і загадвалі жаданне. У гэтую ноч яно абавязкова павінна здзейсніцца. Нездарма купальскую ноч называюць чароўнай.
Яшчэ адной цудадзейнай раслінай лічыцца крапіва. Яна таксама не абышла бокам і жыхароў пасёлка Капаткевічы. Жанчына з вялікім букетам крапівы сабрала людзей у карагод і пад музыку спрабавала ўдарыць чалавека крапівай. Хто трапляўся на ўдар, той аўтаматычна ачышчаўся ад сурокаў, хваробы, псуты.
Традыцыйным для маладых і незамужных дзяўчат быў абрад пускання вянка на ваду. Дзяўчыны гатавалі вянкі, расліны для якіх збіралі на працягу вечара. Вянкі з вады лавілі хлопцы. Калі хлопец злавіў вянок, то ён павінен падысці з ім да дзяўчыны і аддаць яго гаспадыні. Калі хлопец ёй падабаўся, яна надзявала яму вянок. Калі хлопец быў не любы, то дзяўчына забірала вянок сабе. У гэтым выпадку яна заставалася без жаніха да наступнага года. На жаль, капаткевіцкія дзяўчаты ў гэтым годзе застануцца без жаніхоў. Хлопцы не сталі даставаць вянкі, мабыць, спужаліся халоднай вады ці штрафаў за купанне ў забароненым месцы.
У купальскую ноч купацца катэгарычна забараняецца! Пасля ўсіх абрадаў людзі чакалі раніцы, каб убачыць, як Купала (Бог Сонца Ярыла) купаецца ў вадзе. І пасля таго, як ваду асвяціла нябеснае свяціла, усе: і малыя, і старыя – таксама беглі купацца да вады, каб набрацца моцы і здароўя на ўвесь год.
Ва ўрочышчы Дамаха старажытныя традыцыі суседнічалі з сучаснасцю. Таму можна было не толькі паўдзельнічаць у мясцовых абрадах, але і перакусіць, паласавацца салодкімі прысмакамі. Дзяцей чакалі горкі, батуты, арэлі і разнастайныя забавы. А дарослыя бавілі час пад музыку сваёй маладосці.
Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Капаткевіцкага ГДК пад кіраўніцтвам Ядвігі Суботка і энтузіязму жыхароў пасёлка, свята атрымалася – добрым.

Святлана ШАТЫРЫНА.
Фота з архіва “ПН”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о