Кажуць, што кветкі растуць і раскрываюць сябе ў поўнай меры ў тых гаспадароў, якія ўмеюць цаніць іх прыгажосць, адносяцца да раслін як да жывых і маюць багаты ўнутраны свет. Калі трапляеш у двор нашых землякоў Марыі і Сяргея  Марцынкевічаў, сядзіба якіх знаходзіцца па вуліцы Карла Маркса, разумееш, што перад табой людзі, якія адпавядаюць дадзеным уяўленням. З першага кроку вочы разбягаюцца ад разнастайнасці флоры, зялёных кампазіцый, якія гарманічна ўпісваюцца ў агульны пейзаж. Наогул у гаспадароў не пустуе ні адзін сантыметр зямлі: на заднім двары сельгасугоддзі, а пярэдні план прысвечаны хобі – кветкаводству. Самшыты, ружы, ліліі, гартэнзіі, юка садовая, нейкія экзатычныя расліны з рознакаляровым лісцікамі – усе яны прыемным пахам напаўняюць наваколле. Акрамя кветак на падворку шмат кустоў і хвойных раслін, якія высаджаны згодна задумы гаспадароў.

Ствараць настрой  для сябе і навакольных
– Канечне, каб усё было даведзена да парадку, патрэбны час, жаданне, сілы і фінансавыя ўкладанні, – гаворыць гаспадыня, робячы экскурс па  “месцы адпачынку для душы”. – Не было б гэтай прыгажосці, калі б усё на адны рукі. Муж у мяне памочнік і дарадчык у навядзенні парадку. Хаця, прызнаюся шчыра – бывае і бурчыць, калі ў краме не магу прайсці міма месца, дзе прадаюць кветкі.
Адразу кідаецца ў вочы, што  кожны з гаспадароў на сваім месцы. Скажу  без перабольшвання – парадак ідэальны, нідзе не травінкі, паміж казачных зялёных насаджэнняў выкладзена  дваровая плітка, есць месцы дзе прысесці і адпачыць. І здавалася б, на такое добраўпарадкаванне патрэбна спецыяльная адукацыя: веданне пра належнае суседства кветак, іх догляд, ды і стварэнне раслінных формаў патрабуе пэўных уменняў і навыкаў. Аж не, мае новыя знаёмыя ніякіх адносін да ландшафтнаму дызайну не маюць: Марыя Фёдараўна ўсё жыццё працавала медыцынскай сястрой у раённай бальніцы, а Сяргей Пятровіч – у Петрыкаўскім лясгасе.
– Пачалі мы рэалізоўваць сваё захапленне дзесьці з васьмідзясятых гадоў, як пасяліліся на гэтай зямлі. Раней  не было ў продажы такога асартыменту насення кветак. Дзяліліся тым, што ёсць паміж знаёмымі, – працягвае суразмоўца. – А сёння – было б толькі жаданне. Можна і на базары купіць, і выпісаць па пошце,  а пра правільны догляд у сацыяльных сетках прачытаць. Так, год за годам захапіла нас гэтая справа. І, здаецца, у нас па-іншаму быць і не павінна.
Да размовы далучаецца гаспадар. Ён упэўнены, што кветкі  надаюць жыццёвыя сілы, а адпачынак каля іх – адзін з лепшых. Муж і жонка на любімы занятак час і сілы знаходзяць заўсёды і радуюцца, калі прыжываюцца на падворку новыя расліны. Кажуць, што здаецца і не стамляешся за гэтай справай. Праца вартая таго: выйдзеш  на ганак, глянеш на ўсю гэтую прыгажосць – настрой адразу паляпшаецца. А калі раніцу пачаць з усмешкі, то цудоўны дзень гарантаваны.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о