Думкі, нібы пчаліны рой кружаць і спаць не даюць. А яны розныя ў галаву лезуць. Памяць паслужліва выцягвае тое, пра што і думаць неахвотна. Ляжаць проста так – часу шкада, і я ўстаю, бо разумею, што не засну.

Пісьмовы стол, настольная лямпа, стос кніжак – не вабяць. Поўня настойліва глядзіць у акно. Яна такая ясная, чыстая – такая бывае толькі ў зімовую марозную ноч. А мароз сапраўды малюе ўзоры на шкле вокнаў. Тры дні сыпаў снег і віселі шэрыя хмары. Вось сабралася на мароз.
Цёпла апрануўшыся, я ўладкавалася на ганку. Сухое, чыстае паветра казыча ў носе. А навокал такая прыгажосць! Снегапады ператварылі сад, двор, пабудовы ў казачныя істоты. Дамы, дахі, якіх засыпала снегам – падаюцца соннымі, а святло поўні падсвечвае снег бліскуча-блакітным святлом. Цені ад дрэў нібы намаляваны на снежным покрыве. На бесклапотна-прыціхлы горад поўня дасылае свае загадкава-казачнае, халоднае святло.
Горад спіць, зачараваны нябачнай пяшчотай. Ліхтары на вуліцах горада струменяць ціхім святлом. Вакол дзівосная цішыня, на небе раскінуліся і зіхацяць дыяменты-зоркі. Зімовую цішыню нічога не трывожыць. Нідзе не чуваць нават брэху сабак. Магчыма і яны зачараваны казачным святлом зімовай ночы і не хочуць парушаць чары, што нас адарыла чараўніца-зіма?
І толькі поўня ў халоднай цішы ночы дасылае на зямлю чароўныя сны, якія лунаюць зімовай казкай. І я не наракаю на бяссонніцу, бо ўбачыла і адчула незабыўную прыгажосць. Час не прайшоў марна.

Ніна Ачапоўская.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о