Чалюшчавічы – мая радзімаУ кожнага з нас ёсць радзіма, але кожны з нас укладвае ў гэта паняцце свой асаблівы сэнс.
Для аднаго радзіма – гэта горад, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе таксама нарадзіліся і выраслі яго бацькі. Для другога – гэта ўся краіна. Для трэцяга – месца, дзе ён правёў большую частку свайго жыцця, але аб’ядноўвае нас адно – любоў і прыхільнасць да месца, якое мы называем радзімай.
Сваёй радзімай я лічу вёску Чалюшчавічы, у якой жывуць мае самыя любімыя людзі – бабуля Вольга і дзядуля Мікалай Ханчэўскія.
Многія маладыя людзі, калі прыходзіць час канікулаў, адпачынку, імкнуцца з’ехаць кудысьці далёка, у вялікія гарады, зусім не заўважаючы, што прыгажосць зусім не там. Каб адчуць душэўнае задавальненне, мне дастаткова толькі вярнуцца туды, дзе з лёгкасцю змагу сказаць: “Я дома”.
Для мяне Чалюшчавічы – не проста вёска. У ёй ёсць свой адмысловы шарм і свая ўласная магія, якая прымушае губляць рахунак часу. Прыехаўшы туды, перш за ўсё не проста заходжу, а забягаю на двор да бабулі з усмешкай да вушэй. Сабака, пачуўшы гук адчынянай брамкі, пачынае радасна скуголіць і віскатаць.
Бабуля абавязкова рыхтуе нам нешта смачнае. Калі б мне нехта калісьці сказаў, што ў маім жыцці будзе чалавек, з якім я змагу падзяліцца абсалютна ўсім, не паверыла б. Але менавіта такім чалавекам з’яўляецца мая бабуля. Для мяне яна найбліжэйшы чалавек. З ёй я хачу размаўляць на любыя тэмы.
Мая бабуля заўсёды кажа праўду. Мабыць, менавіта гэтую рысу я шаную ў ёй больш за ўсё. З ёй я не адчуваю розніцу пакаленняў. Яна заўсёды вясёлая і пазітыўная. А вось дзядуля больш стрыманы. Вядома, у мяне бываюць сваркі з ім, часам я крыўдую, але з цягам часу пераконваюся, што калі ён і ругаецца, то не проста так – клапоціцца пра мяне па-свойму.
Улетку, калі толькі з’яўляюцца першыя ягады маліны ці вішні, дзядуля заўсёды збірае і прыносіць нам. Люблю моманты, калі ён нешта прачытае ў сваіх запісах і пачынае жартаваць, гэта заўсёды вельмі весела.
Таксама хацелася б адзначыць пра прыроду гэтага цудоўнага кутка Беларусі. Там няма мора, гандлёвых цэнтраў ды іншага. У Чалюшчавічах усяго дзве крамы, няма ніякіх святлафораў, пешаходных пераходаў і вялікіх дамоў. І ў гэтым ёсць свая магія. За домам бабулі знаходзіцца поле. Вельмі люблю выходзіць туды ўвечар і фатаграфаваць заходы солнца.
У Чалюшчавічах у мяне хапае сяброў, пра якіх можна шмат чаго расказаць. У гэтай невялікай вёсцы магу быць сабой. Менавіта там адпачываю душой. Для мяне гэта і ёсць невялікае слова “Радзіма”, якое ўтрымлівае ў сябе шмат усяго светлага…

Вераніка Пыж,
студэнтка 2 курса ДУА “Полацкі дзяржаўны
ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о