Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

0
490

У суботу петрыкаўскі “Шахцёр” на хатняй арэне “Прыпяць” прымаў футбольны клуб “Ліда”.

Не ведаю, ці мелі мясцовыя заўзятары істотныя спадзяванні на поспех, усё ж калектыў з Гродзенскай вобласці знаходзіцца зараз у другой палове турнірнай табліцы, ды і “Шахцёр” абвясціў пра сур’ёзныя змены ў саставе. Але апошнія гульні не давалі падстаў разлічваць на станоўчы вынік і ў чарговым матчы.

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

“Жодзіна-Паўднёвае” ўпэўнена перамагло “калійшчыкаў” з лікам 3:0, а потым “салевікі” не здолелі вытрымаць ціск “Нівы” з Доўбізна, прайграўшы 1:3. Ну а сустрэча з магілёўскім “Дняпром” увогуле скончылася рэкордным лікам тура не на карысць “Шахцёра” – 6:1.

Днямі каманду чакаў футбольны паядынак з “Лідай”. Госці пачалі бадзёра і выглядалі, на маю думку, больш хутка і тэхнічна за гаспадароў. Гэтая розніца і абумовіла змену ліку напачатку 13-й хвіліны. Нападаючы атрымаў мяч яшчэ на сваёй палове поля і нібы па праспекце прайшоў да варот “Шахцёра”. Абарона ж жоўта-чорных сцягвалася ў гэты час да сваёй штрафной, бо першапачаткова займала надта высокія пазіцыі. Але сустрэць атаку, што аказалася непамерна імклівай і вострай, не выпадала: сапернік зайшоў у штрафную праз левы кут, прачытаў падкат “калійшчыка” і, крыху прыпыніўшыся, правёў позіркам апанента, што ўжо праехаў перад ім па траве.

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

Астатнія два абаронцы знаходзіліся пасярэдзіне і з правага боку пляцоўкі, таму прасторы атакуючаму спартсмену хапіла, каб апрацаваць мяч і трапна адправіць яго ў дальні левы кут варот. Апошні рубеж “Шахцёра”, брамнік Мікіта Доўнар, не паспеў своечасова адрэагаваць – 0:1.

Крыўдна было не за прапушчаны мяч, а за тое, што прывяло да гэтага: так бы мовіць, стацыянарная памылка “Шахцёра” ў высокай пазіцыі абароны зноў не дазволіла паспець футбалістам да сваіх варот, бяздзеянне ў час развіцця атакі прывяло да абвастрэння і “салевікі” ў чарговы раз апынуліся ў ролі даганяючых…

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

Складана было сказаць, ці здолее петрыкаўская дружына знайсці сілы, а галоўнае – рашэнні, каб змяніць ход сустрэчы. Хіба што больш актыўныя дзеянні ў нападзенні ўсё ж дадуць свой плён і дазволяць разлічваць хоць бы на нічыю.

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

Але “Ліда” пакуль не спяшалася пераходзіць да абароны: праз хвілін дзесяць футбалісты з Гродзеншчыны паспрабавалі арганізаваць атаку, што была вельмі падобная на мінулы выніковы штурм. Толькі Мікіта Доўнар на гэты раз аказаўся на месцы, відаць, зрабіўшы высновы з папярэдняй памылкі.

Потым каманды пачалі нібы мяняцца небяспечнымі момантамі. Вось толькі розніца паміж клубамі была ў тым, што лідчане паспявалі бракаваць і атакі “калійшчыкаў” і свае. У першым выпадку ствараючы максімальныя нязручнасці для футбалістаў “Шахцёра”, а ў другім – спяшаючыся прабіць па браме гаспадароў. Каманды пайшлі на перапынак з мінімальнай перавагай у ліку на карысць гасцей.

Не ведаю, якія ўнутраныя рэсурсы ўдалося мабілізаваць гаспадарам, але ў другой палове ў футболе “салевікоў” назіраліся якасныя змены. З самага пачатку тайма жоўта-чорныя правялі неблагі штурм з закідам у штрафную, ударам па варотах і, нават, падборам мяча. Згадзіцеся, рэдка калі можна было бачыць у гэтым сезоне, як футбалісты “Шахцёра” аказваюцца першымі на мячы пасля сваёй атакі, ды і ўвогуле, барацьба за мяч – не самы моцны бок маладой каманды.

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

Так ці інакш, “калійшчыкі” перахапілі ініцыятыву, значна больш за сапернікаў валодалі мячом і больш часта з’яўляліся каля штрафной “Ліды”. Праблема цяпер была толькі ў лагічным завяршэнні такіх праходаў. Не ішла гульня ў галоўнай надзеі гаспадароў – Станіслава Стэфановіча. Увогуле, левы фланг нападзення “Шахцёра” быў нейтралізаваны футбалістамі з берагоў Лідзеі.

Лепей справы былі на правым флангу, але звычайны тэхнічны брак не дазволіў рэалізаваць моманты як відавочныя, так і патэнцыяльныя.
У апошнія хвіліны асноўнага часу гаспадары, здавалася, ужо страцілі і фізічныя, і маральныя сілы. Разам з тым і кандыцыі лідчан не хапіла, каб павялічыць адрыў на фінальным адрэзку матча – 0:1 і “Ліда” звозіць з Петрыкава тры ачкі.

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

Даволі складана падабраць падбадзёрваючыя словы для мясцовых аматараў футбола пасля чарговага паражэння петрыкаўскага клуба. Можна, канешне, заўважыць, што перавага апанентаў на гэты раз была мінімальнай, што дружына маладая і яшчэ не мае а ні вопыту, а ні патрэбнай згулянасці. Але турнірная табліца паказвае сітуацыю больш яскрава за любыя словы. Ды і ўсё часцей заўзятары цікавяцца ў мяне на конт сцэнарыя патраплення “Шахцёра” ў трэці дывізіён.

Чарговыя тры ачкі папаўняюць рахунак гасцей

Каманда, як і раней, мае 5 ачкоў і знаходзіцца на перадапошнім месцы, горш справы склаліся толькі ў “Асіповічаў”, якія маюць у сваім актыве 4 ачкі. А вось бліжэйшы канкурэнт – футбольны клуб “Слонім”, патроху адрываецца па балах і мае 12 ачкоў і 15-е месца ў футбольным табелі аб рангах.

Між іншым, экватар першай лігі пераадолены. З наступнага футбольнага ўік-энду пачынаецца другі круг чэмпіянату. У суботу, 12 жніўня, “калійшчыкі” будуць прымаць на петрыкаўскім стадыёне наймацнейшую на гэты момант дружыну – дзяржынскі “Арсенал”. Пачатак сустрэчы запланаваны на 15 гадзін. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о