Срэбра турніру за юнымі землякамі

0
468

Срэбра турніру  за юнымі землякамі

Днямі спартыўная зала ДЮСШ зноў поўнілася хлопцамі 2010 года нараджэння і малодшымі з розных раёнаў Гомельшчыны, што прыбылі да нас, каб паспаборнічаць у абласных спаборніцтвах па міні-футболе.

Нагадаем, што напрыканцы лістапада адпаведны турнір горад прымаў сярод баскетбалістаў. Па рэгламенце спаборніцтваў, усе раёны вобласці падзяліліся па групах, згодна з колькасцю насельніцтва ў рэгіёнах. Так, у другую групу трапілі 8 рэгіёнаў, але да месца правядзення дабраліся толькі 4 дружыны з Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Хойніцкага раёнаў і каманда нашых землякоў, якую прадстаўлялі вучні гарадскіх школ і гімназіі. Калектывы з Буда-Кашалёўшчыны, Добрушчыны, Рагачоўшчыны і Гомельскага раёну, на вялікі жаль, на спаборніцтвы не прыбылі.

Пасля жараб’ёўкі распачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця. Да юных футбалістаў звярнуўся сакратар спаборніцтваў, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Уладзімір Кульба, які пажадаў рабятам здароўя і добрай гульні. “Спадзяюся, што вы сустрэнеце новых сяброў, а кожны спартсмен пакажа ўсё сваё майстэрства. Мы ж у сваю чаргу абяцаем аб’ектыўнае судзейства, каб перамагла мацнейшая каманда!”.

Першымі на пляцоўку выйшлі зборныя Жыткавіцкага і Хойніцкага раёнаў. Спачатку дружыны нібы прыглядаліся адзін да аднаго, намагаліся вызначыць слабыя бакі апанентаў. Пасля некалькіх хвілін футбалісты з Хойніччыны ўжо дэманстравалі свае лепшыя спартыўныя кандыцыі, пераўзыходзячы сапернікаў у хуткасці, тэхніцы і тактыцы. Сустрэча завяршылася буйным разгромам жыткаўчан з лікам 1:10.

Срэбра турніру  за юнымі землякамі

У другім матчы сышліся юнакі з Лельчыцкага раёна і гаспадары турніру. Першапачаткова землякі таксама не маглі “знайсці” сваю гульню, хоць выглядалі і больш бадзёра за сапернікаў: лепей ”чапляліся” за мяч, часцей арганізоўвалі атакі. Першы гол у вароты гасцей нібы надаў упэўненасці петрыкаўскім хлопцам і іх было ўжо не спыніць – 5:1 на карысць зборнай з берагоў Прыпяці.
Але самы складаны быў наступны матч, дзе нашым юнакам належала сустрэцца з хойніцкай дружынай. Забягаючы наперад, адзначу, гэта і была вызначальная гульня за першае месца, як па логіцы спаборніцтваў кругавой сістэмы, так і па накале эмоцый.
Першымі забілі спартсмены з Хойнікаў, але ўрэшце землякі здолелі зраўняць лік. Гонка працягнулася да моманту, калі на рахунку кожнай каманды было па два мячы, але потым гасцям удалося сабрацца і арганізаваць два ўдалыя штурмы, адказаць на якія гаспадары ўжо не мелі часу – 2:4.

Наступныя гульні нейкіх сюрпрызаў не прынеслі і мацнейшыя каманды абыгралі астатніх апанентаў упэўнена. Зборная Хойніччыны, хоць і давала забіваць сапернікам з Лельчыцкага раёна больш, чым у іншых сустрэчах, але ішла наперад так імкліва і ўдала, што перавага пастаянна павялічвалася. Здавалася, што гэтым хлопцам усё роўна, колькі іх варатар прапусціць галоў, бо галоўнае, што яны заб’юць нашмат болей. Як вынік – 9:4 і ў каманды з Хойніцкага раёна тры перамогі ў трох сустрэчах.
Гаспадары выйшлі пераможцамі ў сустрэчы з жыткаўчанамі. Вынік тут быў больш сціплым, але перавага была абумоўлена зразумелымі, змястоўнымі, а, галоўнае, упэўненымі дзеяннямі нашых футбалістаў на пляцоўцы. У выніку адрыву ў два мячы было дастаткова каб стаць недасягальнымі для суседзяў з захаду – 5:3.

У барацьбе за трэцяе месца паміж дружынамі з Жыткавіч і Лельчыцаў напачатку назіраўся пэўны парытэт. Разам з тым, каманда з берагоў Убарці здолела паказаць больш арганізаваную гульню і да фінальнага свістку мела дастатковы задзел для перамогі – 2:4.
У выніку трэцяе месца ў той дзень было за камандай з Лельчыцкага раёну. Другі вынік, але сапраўдны чэмпіёнскі характар прадэманстравалі футбалісты з Петрыкава, а перамогу ў сваёй групе на абласных спаборніцтвах святкавалі спартсмены з Хойніччыны.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о