Чарговы трафей у актыве “Ураджаю”

0
689

Чарговы трафей у актыве “Ураджаю”

У мінулую суботу, 4 лютага, прайшоў фінал раённага першынства па міні-футболе, прысвечанага памяці першага міністра спорту і турызму Уладзіміра Рыжанкова.

Папярэднія туры дазволілі адсеяць дзве каманды, што выступілі на турніры менш удала за астатнія калектывы. Па-за спрэчкаю за прызавыя месцы апынуліся футбалісты лясгасу і навасёлкаўская дружына “Золак”.

У першым паўфінальным матчы заўзятары назіралі за “калійным дэрбі”. Вядома, у мінулых турах каманды ўжо сустракаліся: тады “Гарняк-1” перамог “Гарняк-2” з разгромным лікам 13:2. На гэты раз футбалісты першага саставу, пэўна, вырашылі сэканоміць свае сілы для фінальнай гульні, таму забяспечылі сабе надзейны адрыў і скончылі сустрэчу з вынікам 6:2.
Супрацьстаянне паміж міні-футбольным клубам “Шапэн” і фізкультурна-спартыўным клубам “Ураджай” было дастаткова напружаным. Не адзін з бакоў не хацеў саступаць, адказнасць адлюстроўвалася ў мностве нерэалізаваных момантаў і грубаватай гульні. Але ўраджаеўцы крыху запаволілі тэмп і стаўка на халодны разлік дала свой плён. Як следства: адрыў у забітых мячах і замацаванне перавагі – 4:2.

У барацьбе за трэцяе месца гульня лепш склалася ў калектыва “Гарняк-2”. Трэба заўважыць, што мінулае супрацьстаянне з “Шапэнам” паказала амаль роўны ўзровень каманд, але тады “Шапэн” усё ж мінімальна абыграў калійшчыкаў з лікам 3:2. На гэты раз ці то адчай ад мінулага паражэння, ці то дзве гульні запар папсавалі запал міні-футбольнага клуба гараджан, і спартсмены рудаўпраўлення змаглі забяспечыць сабе перамогу з лікам 3:1.

Гульня за трафей, як і чакалася, была вельмі інтрыгуючай. Здавалася, што “Ураджай” намагаўся адыгрываць першым нумарам, але розніцу ў забіты мяч футбалісты “Гарняка-1” нівеліравалі праз некалькі хвілін. На фінальным адрэзку ўраджаеўцы зноў забілі, заставалася толькі дацягнуць, “дасушыць” матч да фінальнага свістку, але нападзенне салевікоў нібы па нотах разыграла свой штурм – 2:2.

Чэмпіёнства вырашала серыя пенальці. Напачатку мяч ляцеў акурат у створ брамы і быў недасягальны для галкіпераў. Але ўрэшце футбалісты “Ураджаю” паказалі, што іх нервовая сістэма куды больш стрэсаўстойлівая: не памыліўшыся ніводнага разу, яны вырвалі перамогу дзякуючы памылкам сапернікаў! 5:3 і ўраджаеўцы святкуюць чарговае чэмпіёнства. Нагадаем, што леташні трафей таксама застаўся за гэтай камандай, а зусім нядаўна, па вельмі падобным сцэнарыі з серыяй пенальці, дружына фізкультурна-спартыўнага клуба абыграла спецыялістаў рудаўпраўлення на Калядным першынстве “Петрыкаў збірае сяброў”.

Акрамя медалёў і кубка, арганізатары вызначылі і лепшых футбалістаў спаборніцтваў. Лепшым варатаром быў прызнаны Дзяніс Якіменка (“Гарняк-1”), лепшым абаронцам – Аляксандр Каленік (“Гарняк-2”), лепшым нападаючым – Міхаіл Мамантаў (“Гарняк-1”), лепшым бамбардзірам – Дзмітрый Шатырын (“Ураджай”), што паразіў вароты 18 разоў. Званне лепшага іграка атрымаў Максім Ус.
Разам з тым, трэба разумець, што да галоўнай міні-футбольнай перамогі Петрыкаўшчыне яшчэ далёка. Здаецца, насельніцтва горада расце, штогод у турнірнай табліцы з’яўляюцца новыя каманды, але агульная колькасць калектываў-удзельнікаў змяншаецца. Так, у пазамінулым годзе ў спаборніцтвах узялі ўдзел 11 каманд, летась – 7, а сёлета – 6. Магчыма, гэта толькі “арэлі” і ў наступным годзе мы зноў налічым з дзясятак каманд, што пададуць заяўкі на турнір, але пакуль статыстыка працуе не на карысць масавага спорту.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Чарговы трафей у актыве “Ураджаю” Чарговы трафей у актыве “Ураджаю”

Чарговы трафей у актыве “Ураджаю”

Чарговы трафей у актыве “Ураджаю”

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о