У мінулую суботу стадыён спартыўнага комплексу “Прыпяць” стаў арэнай для чарговай гульні першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе. Дванаццаты тур, ці першы матч другога круга, павінен быў адказаць на простае пытанне: ці здолее “Шахцёр” паказаць годную гульню з дзяржынскім “Арсеналам”? Нагадаем, апошняя сустрэча ў пачатку сезона пакінула сумныя ўражанні: “Шахцёр” нічога не здолеў супрацьпаставіць дзяржынскай дружыне. Паражэнне ў гасцях з лікам 0:2 не выглядала разгромам, чаго не скажаш пра саму гульню, калі петрыкаўскі клуб выглядаў на галаву горш за саперніка. Адказ на галоўнае пытанне: “што змянілася ў гульні Палескай дружыны за гэтыя два з паловай месяцы?”, – мы прапануем пашукаць разам.

Чарговыя тры ачкі адправіліся ў Дзяржынск

Матч у Дзень Незалежнасці, здавалася б, сапраўдны падарунак прымаючаму боку, бо на трыбунах збіраецца мноства людзей, што з радасцю аддадуць дзве гадзіны гэтай святочнай даты за яскравыя футбольныя ўражанні. На самой справе, ці то не самае лепшае надвор’е, ці то шэраг неадкладных спраў не прывабілі мноства заўзятараў. Колькасць наведваль-нікаў у той дзень не перавысіла сярэднестатыстычную.
Дзяржынскі бок, у сваю чаргу, не застаўся без падтрымкі. Прыхільнікі “Арсенала” прыбылі на гульню з так званым “джаз-бэндам” – групай падтрымкі, што грае на фанацкіх музычных інструментах, як кажуць, хто на што здольны. Урэшце, нешматлікі шэраг заўзятараў здолеў стварыць на стадыёне сапраўдны гукавы хаос, які трымаў у напружанні многіх.
Што да каманды гасцей, то яны завіталі на стадыён у якасці фаварытаў: доўгі час трымаліся першымі ў турнірнай табліцы, залічыўшы на свой рахунак 7 перамог у 11-ці гульнях. Толькі апошні тур першага круга крыху “паблытаў карты”, калі “Арсенал” саступіў лідарства ў другім дывізіёне “Крумкачам”. Што да гісторыі клуба, то яна пачынаецца з пазамінулага года. Каманда стала пераможцай другой лігі і паказала нядрэнны вынік у чарговым сезоне, заняўшы чацвёртае месца ў першай лізе ў 2020 годзе.
І вось свісток рэферы. Каманды абмяняліся не надта вострымі момантамі. На жаль, чарговы штурм варот “Шахцёра” прынёс “Арсеналу” перавагу ў ліку ўжо на 9-ай хвіліне. Вуглавы абумовіў мітусню ў штрафной пляцоўцы, а на пас ад варот адказаў трапным ударам ігрок гасцей, што застаўся без апекі – 0:1. Гаспадары адказалі праз 10 хвілін, але рэферы без сумневу паказаў на становішча па-за гульнёй.
Што да манеры гульні абедзвюх каманд, то “Арсенал” з пачатку сустрэчы не губляў час. Пачынаючы з абароны, футбалісты з Дзяржынска адразу выходзілі наперад, услед за камандай, што сцягвалася вышэй да варот саперніка. “Чырвоная машына” камбінавала шырокую гульню поперак поля са шпаркімі праходамі па флангах. “Шахцёр” у сваю чаргу нядрэнна чапляўся за мяч, таксама карыстаўся сваёй хуткасцю, але адзначаныя з агляду ў агляд праблемы клуба не пакінулі гаспадароў і на гэты раз: тэхнічны брак, недакладныя ўдары і перадачы, непаразуменне таварышаў па камандзе і дзіркі ў абароне не тое што не дазвалялі жоўта-чорным параўнаць лік, але і абумовілі яшчэ большае адставанне.
Здавалася б, простая сітуацыя: навес з правага кута штрафной, але лепшы бамбардзір лігі Арцём Кійко быў пакінуты без нагляду абаронай гаспадароў перад пустой паловай варот і лёгка скіраваў мяч у сетку напрыканцы першага тайму – 0:2. Каментатар не разумеў, чаму абарона так проста аднеслася да апекі іграка з такім салідным статусам. Што да мяне, больш дзіўным здаецца тое, што пазіцыя перад брамай увогуле засталася без увагі ігракоў “Шахцёра”.
Другая палова гульні пакідала пра гульню гаспадароў больш станоўчыя ўражанні. Ажывілася атака, жыццядзейным здаваўся левы фланг, праз які раз-пораз калійшчыкі спадзяваліся прасунуць мяч да варот. Але, чым часцей яны гэта рабілі, тым больш яскравымі здаваліся іх памылкі.
“Арсенал” трымаўся не так узрушана, але вельмі ўпэўнена. Момантаў у гасцей стала менш, але за рэалізацыяй справа не стала. На 70-й хвіліне, пасля доўгага выкіду мяча з аўта, снарад два разы скочыў па цэнтры штрафной пляцоўкі акурат пад удар капітана каманды Дзмітрыя Асіпенкі, які, не задумваючыся, аформіў дубль у гэтым матчы – 0:3.
Госці запаволілі гульню. “Шахцёр” жа намагаўся набраць абароты. Напэўна, абедзьве гэтыя акалічнасці дазволілі гаспадарам скараціць адставанне, калі перадача Уладзіміра Харланава на правы фланг скончылася выдатнай гульнёй галавой у дальні кут варот Арсенія Ачапоўскага, што выйшаў на замену ў другім тайме – 1:3.
Яшчэ некалькі штурмаў варот “Арсенала” хоць і выглядалі перспектыўнымі, але не прынеслі “Шахцёру” скарачэння адрыву. Прагучаў свісток – і з мясцовага стадыёна чарговыя госці зноў павезлі дадому запаветныя тры ачкі. Як вынік, “Арсенал” зноў узначальвае першую лігу, у той час як “Шахцёр” апускаецца на восьмае месца.
Ці ёсць падставы спадзявацца на ачкі ў гульні з пінскай “Хваляй”? Даведаемся пра гэта ў час чарговай гульні. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о